Судзяць Сяргея Калмыкова – сведку па справе Ціханоўскага Дапоўнена
У Гродне 17 чэрвеня распачалося судовае пасяджэнне ў дачыненні да Сяргея Калмыкова, які яшчэ 29 траўня быў затрыманы разам з Сяргеем Ціханоўскім і 10 дзён правёў за кратамі па ўзбуджанай крымінальнай справе (зараз ён у статусе сведкі). Судовы працэс яшчэ не скончыўся, бо суддзя вырашыла адправіць справу на дапрацоўку.
Падчас затрымання 29 траўня на Сяргея Калмыкова склалі два пратаколы – па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Разгляд гэтых пратаколаў і пачаўся 17 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна горада Гродна. Судовае пасяджэнне манітораць праваабронцы “Вясны” Уладзімір Хільмановіч і Андрэй Коця.
Справу разглядае суддзя Ларыса Барэль. Праваабронцы адзначаюць, што раней яна не была заўважаная ў вядзенні судоў па палітычна матываванаму пераследу.
Ленінскі РАУС на судзе прадстаўляе старшы ўчастковы інспектар Андрэй Пігульскі. А таксама ў якасці сведак выступаюць двое супрацоўнікаў міліцыі – Сяргей Клыжук і Алег Лычагін.
Сяргей Калмыкоў заявіў хадайніцтва апытаць у якасці сведкі сваю жонку Ірыну Калмыкову. Сваёй віны па абодвух агучаных пратаколах ён не прызнаў.
Клыжук сведчыць, што Калмыкоў пры затрыманні лаяўся матам і здзяйсняў супраціў. Праваабронцы адзначаюць, што сведка заблытаўся ў паказаннях, а суддзя заставіла яго паўтарыць нецэнзурныя словы, якімі нібыта лаяўся Калмыкоў. На гэтым яго апытанне хутка скончылася.
Другі сведка, Алег Лычагін, агучыў нецэнзурныя словы ўжо без просьбы суддзі.
Сяргей Калмыкоў сцвярджае, што амапавец Лычагін яго ўвогуле не затрымліваў, і пераблытаць яго было б цяжка (бо Лычагін мае адментны рост амаль у два метры). Пасля гэтага Лычагін стаў мяняць сведчанні, пачаў казаць, што не чуў нецэнзурнай лаянкі ад Калмыкова.
У якасці трэцяй сведкі выступае Ірына Калмыкова – на момант затрымання нявеста, а зараз ужо жонка Сяргея Калмыкова. Яна кажа, што Сяргей увогуле ніколі не лаецца матам, выглядае гэты малады чалавек сапраўды прыстойна і інтэлігентна.
Пасля гэтага ў судзе абвясцілі перапынак на 10 хвілін.
У выніку разгляд справы Калмыкова перанеслі на 19 чэрвеня ў 15.40. Таксама ў сувязі з супярэчнасьцю паказанняў сведкі Клыжука суддзя Ларыса Барэль пастанавіла выклікаць яго яшчэ раз.
Дапоўнена:
19 чэрвеня судовае пасяджэнне доўжылася прыкладна тры хвіліны, бо суддзя Ларыса Барэль вынесла рашэнне вярнуць справу Сяргея Калмыкова ў сувязі х недапрацоўкай у пратаколах РАУС. Судовае пасяджэнне перанесена на нявызначаны час.
“Ці справу спыняць, ці складуць іншыя пратаколы, ці нават нешта горшае — застаецца чакаць”, — адзначыў праваабаронца Уладзімір Хальмановіч.