“Трымаюць у карцэры 10 дзён без рэчаў”. Паўла Севярынца асудзілі яшчэ на 15 сутак Дапоўнена
У судзе Фрунзенскага раёна ў 11.00 распачаўся разгляд адміністрацыйнай справы па артыкуле 23.34 у дачыненні да Паўла Севярынца. Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Андрэй Млечка. Праходзіць яно праз Skype-канферэнцыю.
На пачатку пасяджэння Павел паказаў сваю руку, на якой былі заўважны парэзы.
“Я парэзаў руку ў знак пратэсту. Мяне трымаюць у карцэры 10 дзён без рэчаў!”, — растлумачыў палітык.
Акрамя гэтага, Севярынец заявіў хадайніцтва аб вядзенні працэсу па-беларуску, а таксама адвод суддзі і сакратару, спасылаючыся на тое, што незалежнага суда не існуе і людзей судзяць незаконна.
Суд выдаляецца на перапынак для прыняцця рашэння.
Пасля перапынку суддзя вынес пастанову аб тым, што не находзіць падставаў для адводу суду. А хадайніцтва аб вядзенні працэсу па-беларуску задаволена.
Павел Севярынец заявіў яшчэ адно хадайніцтва: просіць яго вызваліць, бо ўмовы ўтрымання з'яўляюцца нечалавечымі.
"Магу адказваць на пытанні, калі буду на свабодзе", — прамовіў Павел Севярынец.
"Вы ўтрымліваецеся па іншай справе", — адмовіў суддзя.
Суд зачытвае пратакол: 30 траўня ў 13 гадзін каля Камароўскага рынку ў Мінску Севярынец прыняў удзел у мітынгу па-за пікетамі па зборы подпісаў, выкрыкваў лозунгі "Жыве Беларусь", "Сыходзь", "Свабоду Ціханоўскаму", тым самым парушыў закон аб масавых мерапрыемствах. Акрамя гэтага, 31 траўня Севярынец удзельнічаў у падобным мітынгу ў Віцебску.
Сваёй віны Павел Севярынец не прызнае. Ён указвае на тое, што ўсё праходзіла ў рамках пікетаў па зборы подпісаў і пра гэта былі дамоўленасці з ініцыятыўнымі групамі. У Мінску Павел дамовіўся з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай аб тым, што будзе там прысутнічаць. Быў без адпаведнай апаратуры (гучнагаварыцелі і т. п.), меў толькі сцяг на плячах. У Віцебску дамовіўся, апроч ІГ Ціханоўскай, з прадстаўнікамі ІГ Уладзіміра Няпомняшчых і Вольгі Кавальковай. У яго была апаратура, ён законна выступаў і даваў выступаць людзям.
"На Дана Мол (гандлёвы цэнтр у Мінску, каля якога прайшоў першы заўважаны пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку —заўв.) таксама былі сцягі і апаратура. Чаму іх не караюць? Чаму я сяджу ў карцэры, без вады, без прагулак, без асабістых рэчаў? За што гэта? Мне даюць суткі,дзень і суткі", — абурыўся Павел Севярынец.
Ён падкрэсліў умовы свайго ўтрымання: ляжаць можна толькі з 22 да 6 гадзін, пакой 2 на 3 метра, вельмі холадна.
"Калі вы прызнаеце,што гэта законна,то значыць,што ўжо ніякіх выбараў няма".
Падчас апытання Павел удакладняе свае паказанні: за дзень да пікету ў Мінску, 29 траўня, Сяргея Ціханоўскага затрымалі, і таму палітык прыйшоў, каб яго падтрымаць.
"Я хадзіў уздоўж чаргі, людзі дзякавалі. Што я парушаў, паняцця не маю. Тое ж самае рабілі [прадстаўнікі] БРСМ (прадзяржаўная моладзевая арганізацыя — заўв.), хвалілі Лукашэнку, кідаліся на [незалежных] журналістаў. Давайце іх судзіць! Я казаў, што ў дачыненні да Ціханоўскага адбылася правакацыя [з прычыны чаго яго затрымалі]. Трэба быць салідарным. Я прамаўляў "стаўце подпіс", "Свабоду Ціханоўскаму","Жыве Беларусь" мог сказаць пару разоў".
"Ці казалі вы [лозунг] "Сыходзь"? — удакладняе суддзя.
"Магло быць і "Сыходзь", казаў у дачыненні да Лукашэнкі. Ён парушыў заканадаўства і не можа прымаць удзел у выбарах".
Таксама Севярынеу адзначыў, што 30 траўня яго ніхто не затрымліваў і ніхто не падыходзіў папярэдзіць [аб адказнасці ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве]. Нікога з супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме ён не бачыў.
"Прысутнічаць не легальным пікеце і выказваць сваё меркаванне — гэта законна, — адзначыў палітык. — Давайце пару тысяч чалавек, якія там стаялі, таксама засунем у карцэр! 9 мільёнаў чалавек хоча,каб ён сышоў, колькі можна!"
31 мая ў Віцебску таксама пікеты былі легальнымі, падкрэслівае Павел.
"Былі кіламетровыя чэргі, людзі хацелі падпісацца (за альтэрнатыўных кандыдатаў — заўв.). За Лукашэнку такой чаргі няма. Да мяне падыходзілі людзі, я даваў ім выказацца ў мікрафон. Ніхто не заклікаў да гвалту або рэвалюцыі. Я крычаў "Жыве Беларусь", "Стоп таракан", "Свабоду палітвязням".
Вы лічыце, што палітвязні — гэта нармальна? — спытаў у суддзі Севярынец. — Вы таксама павінны падлучацца і сказаць свабоду палітычным вязням".
Адвакатка Тацяна Лішанкова пытаецца ў Паўла, ці ёсьць у яго копія пратаколу за 30 траўня і ці прыходзілі да яго браць тлумачэнні па адміністрацыйнай справе. На ўсе пытанні Павел адказвае — не. Таксама адвакатка спытала, дзе цяпер знаходзіцца Севярынец. Ён адказаў, што цяпер, падчас відэа-трансляцыі, знаходзіцца ў ЦІП (Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў), але "пакаранне" адбывае ў карцэры ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання правапарушальнікаў) .
"Сёмага чэрвеня мяне даставілі ў ЦІП. Восьмага чэрвеня мяне пасадзілі ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання правапарушальнікаў) у карцэр. Забралі зубную пасту і шчотку. Тут няма вады наогул, яна адключаная. [Таму] мне давялося рэзаць вены, пратэстуючы. Ніколі такога не было на "сутках".
"Па якой прычыне вы знаходзіцеся ў карцэры?" — удакладняе адвакатка.
"Спачатку мне сказалі, што гэта звычайная камера. Але я ж разумею, [што знаходжуся ў карцэры], рэчы мае забралі, перадачы не перадаюць".
На каментар суддзі казаць па сутнасці справы Павел адказаў, што не разумее, чаму яго судзяць.
"Я дзейнічаў у рамках закона, а мяне кідаюць у карцэр. Дзякуй,што распачалі працэс на беларускай, першы крок зроблены. Вы як суддзя павінны адрэагаваць на тое, што адбываецца. Праваабаронцы і журналісты павінны рэагаваць на гэта", — адзначыў Севярынец.
Суд перайшоў да допыту сведак. Выступае супрацоўнік праваахоўных органаў Каралёў, які 30 траўня "нёс службу і паруляваў каля Камароўкі". Сведка паказвае, што Севярынец “выказаў сваю незадаволенасць дзеючай уладай, выкрыкваў лозунгі. Да саміх пакетаў [па зборы подпісаў] ён не адносіўся".
Павел Севярынец задае пытанні сведку:
"Як вы думаеце, на легальным пікеце можна заклікаць ставіць подпісы? Так ці не?"
"Я не магу даваць ацэнкі, магу казаць толькі факты".
"Вы ведаеце, што адбывалася каля Дана Мол?"
"Не ведаю".
У адказ на ўдакладняючыя пытанні адвакат каралёў распавядае, што не падыходзіў падчас акцыі да Севярынца і не прасіў яго сысці ў сувязі з парушэннем заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
"Гэта Вы вялі відэаздымку [падчас пікету]?"
"Я не вёў, не магу адказаць, хто вёў. 30 траўня ўвечары, калі мяне апытвалі, я перадаў фота і відэа-здымку інспектару аховы правапарадку. Мне іх [у сваю чаргу] перадаў таварыш Прыходзька".
"Вы можаце растлумачыць, чаму ваш пратакол і пратакол таварыша цалкам ідэнтычныя, прама да коскі?"
"Не змагу растлумачыць. Галоўная мая задача была назіраць за Севярынцам".
Суд перайшоў да допыту другога сведкі, участковага інспектара міліцыі Прыходзька. Яго паказанні мала чым адрозніваюцца ад паказанняў яго таварыша.
"Чаму вы да мяне не падышлі [падчас мітынгу] і не папярэдзілі аб парушэнне закона?"— пытаецца Севярынец.
"Не ведаю".
"Гэта смяротны грэх – тое, што цяпер вы сведчыце і хлусіце".
Прыходзька адзначыў, што Севярынец не парушаў грамадскі парадак, таму ён да яго не падыходзіў.
"А ў вашым у рапарце было сказана аб незаконным пікетаванні"
"Я пісаў толькі рапарт, тлумачэння я не даваў. Я скінуў відэа і фота-матэрыялы на службовы кампутар".
Пасля перапынку на абед суд вынес рашэнне пакараць Паўля Севярынца на 15 сутак.
На дадзены момант Павел Севярынец адбывае арышт за знаходжанне 7 чэрвеня на пікеце па зборы подпісаў ("удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве") у 15 сутак (суд адбыўся 8 чэрвеня). Акрамя разгледжаных на сённяшнім судовым пасяджэнні двух пратаколаў (за ўдзел у пікетах 30 і 31 траўня) на Паўла Севярынца складзены Савецкім РАУС яшчэ адзін пратакол — за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Таксама Павел Севярынец не адбыў яшчэ суткі, прысуджаныя яму за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй. Гісторыю пераследу Паўла можна паглядзець тут.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.