viasna on patreon

Недапушчальнасць жорсткага ды бесчалавечнага стаўлення і катаванняў. Заява Рады Беларускага ПЭН-цэнтра

2020 2020-06-19T07:40:51+0300 2020-06-19T07:43:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pen_zajava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія праваабарончыя арганізацыі цягам апошняга месяца неаднаразова выказваліся з нагоды пераследу актывістаў і ўдзельнікаў электаральнай кампаніі і парушэнняў правоў чалавека і патрабавалі спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.

Асобна Беларускі ПЭН звяртае ўвагу на недапушчальнасць жорсткага бесчалавечнага стаўлення і катаванняў у дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці, блогераў, сябраў каманд прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты, а таксама творцаў, сярод якіх лаўрэаты прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра і літаратары.

7 чэрвеня былі затрыманыя лаўрэаты прэмій Беларускага ПЭН-цэнтра: Вольга Нікалайчык, лаўрэатка прэміі імя Францішка Аляхновіча за 2018 год, і Павел Севярынец, лаўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча за 2007 год і прэміі імя Францішка Аляхновіча за 2014 год.

Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі

Мы канстатуем працяг распачатых у траўні 2020 года рэпрэсій супраць актывістаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян, нягледзячы на адпаведныя заклікі нацыянальнай праваабарончай супольнасці, міжнародных арганізацый і экспертаў ААН.

 Павел Севярынец быў затрыманы каля свайго дому ў Мінску пасля легальнага перадвыбарчага пікету, які адбываўся ў раёне Камароўскага рынку. Павел Севярынец быў дастаўлены ў ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, дзе знаходзіўся да разгляду справы ў судзе. Разгляд адміністрацыйнай справы Паўла Севярынца адбыўся ў судзе Фрунзенскага раёна г .Мінска. Рашэнне суда — 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Перадачы не прынялі “у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай”. Вольга Севярынец, жонка Паўла Севярынца, паведаміла, што Павел на сёння мае ўжо мінімум 45 сутак арышту, але неўзабаве павінны быць яшчэ суды, на якіх суткі будуць дадавацца. Інфармацыі пра дакладную колькасць сутак і судоў сям’я не мае. Жонка таксама паведамляе, што ў Севярынца “забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплую вопратку, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў карцар, дзе вельмі халодна”. 

7 чэрвеня Вольга Нікалайчык была гвалтоўна затрыманая асобамі ў цывільным і супрацоўнікамі АМАПу на аўтобусным прыпынку.  На вачах у знаёмых яе закінулі ў сіні фургон і звезлі. Затрыманне, больш падобнае да выкрадання, адбылося каля Камароўскага рынку ў Мінску. Перад выхадам на пікет Вольга Нікалайчык пакінула ў інтэрнэце відэазварот, у якім заклікала падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, а на пікетах “біць у барабаны, чытаць вершы, спяваць песню «Разбуры турмы муры»”. Судом Першамайскага раёну 8 чэрвеня Вольга Нікалайчык была асуджаная да 15 сутак арышту (потым да гэтага яшчэ дадаліся 13 сутак, на якія яна была асуджаная ўзімку). Вольга Нікалайчык вядомая сваімі фільмамі пра палітвязняў “Сэрца за кратамі” і “Вызваленне”. У Вольгі Нікалайчык ёсць праблемы са здароўем, якія могуць абвастрыцца ў камеры падчас летняй гарачыні пры адсутнасці паветра і пітной вады.

У ЦІП на Акрэсціна Павал Севярынец і Вольга Нікалайчык зазнаюць жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае для годнасці абыходжанне, утрымліваюцца ў антысанітарных умовах, зазнаючы небяспеку інфікавання каронавірусам. Адмова ў прыняцці перадач для зняволеных са спасылкамі на пандэмію пры неўвядзенні ў Беларусі карантына і характарыстыкай сітуацыі ў свеце як “каронавірусны псіхоз” толькі падкрэслівае палітычную матываванасць забароны. Па інфармацыі СМІ, Павел Севярынец у зняволенні парэзаў руку ў знак пратэсту супраць здзекаў і беззаконня.

Акрамя гэтага, пачаўся пераслед пісьменніцы і настаўніцы Ганны Севярынец пасля публікацыі верша, які заканчваецца радкамі “Не думай пра мяне, страляй. Але думай пра Колю”. Гэты тэкст — адказ на словы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымае выкарыстанне зброі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. 10 чэрвеня з сайту Нацыянальнай бібліятэкі знялі артыкул “Творчыя знаходкі і дары Ганны Севярынец”, прысвечаны паэзіі 20-х гадоў ХХ-га стагоддзя, які быў надрукаваны ў газеце “Звязда”  9 чэрвеня 2020 года. 11 чэрвеня прадстаўнік адміністрацыі гімназіі, у якой працуе Ганна Севярынец, паведаміў, што працоўны кантракт з Ганнай Севярынец гімназія працягваць не будзе, бо настаўніца, паводле ягоных словаў,  не мае права крытыкаваць уладу.

Старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч: 

“Цягам некалькіх дзён мы апынуліся ў краіне, дзе не працуе ні адзін з прынцыпаў гуманізму. Цяпер выбар за кожным з нас — у якой краіне мы хочам жыць у будучыні? У краіне сумленных выбараў або ў краіне, дзе выбару няма. Чым больш нас будзе на баку свабоды, тым мы мацнейшыя. У адзіночку самыя смелыя з нас зазнаюць паразу. Каб мы перамаглі, кожны сёння мусіць адолець свой страх”.  

Рада Беларускага ПЭНа выказвае пратэст супраць ціску, запалохванняў і бесчалавечнага стаўлення да людзей у сувязі з выказваннем імі свайго меркавання і ўдзелам у легальных масавых мерапрыемствах і заклікае ўлады да шанавання правоў чалавека і гуманістычнага стаўлення да асобы.

Да заявы Беларускага ПЭН-цэнтра далучыліся Экспертна-прававое таварыства «Ініцыятыва FORB», Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend.

Заява адкрытая да падпісання іншымі арганізацыямі.

Гвалт, пагрозы, затрыманні. Праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН

Праваабаронцы просяць спецдакладчыкаў у межах адпаведных спецпрацэдур звярнуцца да ўраду Беларусі з просьбай прыняць неадкладныя меры па выкананню Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства