viasna on patreon

Аляксандр Грэчышнікаў: Умовы ў ЦІП, суд праз Skype і аднаўленне "крыміналкі"

2020 2020-06-26T23:23:30+0300 2020-06-28T03:32:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/grachyshnikau_skype-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст і журналіст Аляксандр Грэчышнікаў 22 чэрвеня вызваліўся з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў і даведаўся пра Зноў распачатую на яго крымінальную справу. Ён распавёў «Вясне» пра тое, што яму давялося перажыць у ЦІП, а таксама пра тое, як гэта — калі судовае пасяджэнне праходзіць праз стаўшы папулярным ў апошні час фармат Skype-канферэнцыі.

У цэнтры ўверсе — Аляксадр Грачышнікаў. Фота:
У цэнтры ўверсе — Аляксадр Грачышнікаў. Фота: "Народная Грамада"

Гісторыя арышту

8 чэрвеня Аляксандру Грэчышнікаву прысудзілі 15 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) за знаходжанне на адным з пікетаў па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў у Мінску. Падчас адбыцця арышту ў ЦІП над ім 16 чэрвеня праз Skype правялі яшчэ адно судовае пасяджэнне, у выніку якога прысудзілі яшчэ 15 сутак па тых жа абставінах. Меркавалася, што 30-сутачны арышт Грэчнікаў будзе адбываць адразу ж (як гэта часта бывае ў падобных сітуацыях), аднак па заканчэнні тэрміну першага арышту (22 чэрвеня) яго адпусцілі.

Вызваленне

Сам Аляксандр Грэчышнікаў звязвае сваё вызваленне пасля заканчэння першага арышту з тым, што ў дачыненні да яго аднавілі расследаванне па крымінальнай справе па ч. 4 арт. 209 КК РБ (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), якая да гэтага ўжо двойчы прыпынялася.

“Мяне адпусцілі толькі па той прычыне, што неабходна было правесці ператрусы – у кватэры маіх бацькоў (дзе я перыядычна пражываў, так як бацька быў вельмі хворы), і ў кватэры, дзе я цяпер пражываю з жонкай. Мае блізкія ім сказалі, што знаходзяцца не ў Мінску – відаць, супрацоўнікі міліцыі вырашылі пайсці па шляху найменшага супраціву і ненадоўга выдраць мяне з ЦІП", – лічыць Аляксандр Грэчышнікаў.

Актывісту Аляксандру Грэчышнікаву, які адбывае арышт, не даюць пахаваць свайго бацьку

Бацька Грэчышнікава памёр, а сваякі не могуць дамагчыся таго, каб Аляксандра адпусцілі на пахаванне. Ні суд, ні ЦІП не пайшлі насустрач.

Акрамя гэтага, ператрусы праводзіліся і па месцы працы Грэчышнікава (ён індывідуальны прадпрымальнік), а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў.

Дзіўным Грэчнікаў лічыць той факт, што перад вызваленнем група супрацоўнікаў ЦІП, якая даглядала яго асабістыя рэчы, забрала пры гэтым усе пратколы затрымання і дакументы, звязаныя з адміністрацыйнымі судамі, якія над ім правяліся. На просьбы Грачышнікава вярнуць іх старэйшы надглядны групы адказаў, што не ў курсе, дзе яны.

Сам Аляксандр Грэчышнікаў звязвае аднаўленне крымінальнай справы з некалькімі фактамі: яго ўдзелам у якасці карэспандэнта "Дэтэктыўнай газеты XXI стагоддзе" на пікетах па зборы подпісаў, спробай зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу з удзельнікамі "Народнай Грамады" на бягучых прэзідэнцкіх выбарах (у рэгістрацыі было адмоўлена) , а таксама з адным са сваіх журналісцкіх расследаванняў аб схеме вывазу тавараў з РБ.

"Дзіўным чынам, аднаўленне крымінальнай справы ў мяне заўсёды супадае з часам выбараў", – адзначыў Грэчышнікаў.

Суд праз Skype

Другі суд над Грэчнікавым падчас яго знаходжання ў ЦІП прайшоў праз Skype. Гэта новы фармат правядзення судовых пасяджэнняў з-за пандэміі. Аднак у ім ёсць свае недахопы. Як адзначае Грэчнікаў, у нейкі момант інтэрнэт-злучэнне сапсавалася, і ён практычна нічога не чуў.

"Я вынес пратэст суддзі і папрасіў альбо перанесці пасяджэнне, альбо забяспечыць нармальную сувязь. Суддзя спачатку падумала пра тое, што я спрабую сарваць усё. Але я прапанаваў задаць пытанне аб сувязі супрацоўнікам міліцыі, якія знаходзіліся побач са мной. Яны пацвердзілі, што сувязь сапраўды дрэнная".

Тады адзін з супрацоўнікаў міліцыі падключыў свой асабісты тэлефон – у выніку відэа працягвала транслявацца праз Skype-канферэнцыю, а аўдыё падавалася праз мабільны тэлефон. Менавіта такім чынам і ўдалося забяспечыць бесперапынную галасавую падачу інфармацыі.

Эксперты "Вясны": Правядзенне адміністрацыйнага судовага працэсу па відэасувязі незаконнае

З пачатку прымянення сістэм відэасувязі судамі ў адміністрацыйным працэсе эксперты ПЦ "Вясна" заяўлялі аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства такім парадкам, што ў сваю чаргу парушала правы людзей, якія прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці.

Умовы ўтрымання ў ЦІП

Сваякі Аляксандра падчас яго знаходжання ў ЦІП кожны дзень спрабавалі яму перадаць перадачу. Аднак ён змог атрымаць толькі адну перадачу, і выдалі яе за дзень да вызвалення, гэта значыць на 14-я суткі арышту. Адпаведна, 15 сутак Грэчнікаў правёў у адной і той жа вопратцы, у якой быў пры затрыманні.

"У ЦІПе ў халоднай вадзе (на другія суткі майго знаходжання адключылі гарачую ваду) я час ад часу сціраў сваю ніжнюю бялізну, а верхні мой касцюм ні памыць, ні прасушыць было няма дзе".

У ЦІПе ні разу не вывелі ў душ, як і на прагулкі. Аднак зняволеным суседніх камер, як адзначае Грэчнікаў, была дадзеная такая магчымасць:

"Нам жа заўсёды казалі адно і тое ж – на шпацырным дворыку вядзецца рамонт і мы вас туды не пусцім. Я чуў, як на просьбу з суседніх камер вывесці іх на шпацыр дзяжурны адказаў: «Там дрэннае надвор'е, мы турбуемся за ваша здароўе, раптам вы захварэеце і мы будзем вінаватыя»".

Пакуль Аляксандр Грэчышнікаў не ведае, калі і ў які момант яго адправяць назад у ЦІП "даадбыць" астатні арышт у 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства