viasna on patreon

Суды ў рэгіёнах: аршанцам даюць суткі, у Гродне судзяць палітвязняў Фота Дапоўнена

2020 2020-06-29T17:55:00+0300 2020-06-30T13:58:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_navymik3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 чэрвеня працягваюцца суды над удзельнікамі "ланцугоў салідарнасці" у Оршы і ў Навагрудку. У Гродне прызначаныя разгляды адміністрацыйных спраў палітвязняў Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка. 

Орша

На раніцу 29 чэрвеня ў судзе Аршанскага раёна і г. Оршы прызначаныя суды над удзельнікамі “Ланцуга салідарнасці” Аляксандрам Андрэевым, Генадзем Ларыёнавым і Паўлам Парфянковым.

Усе тры судовыя працэсы пачаліся ў адзін час і праходзілі вельмі хутка.

У выніку пасяджэнняў Аляксандра Андрэева асудзілі на 15 сутак арышту, Паўла Парфянкова – на 10 сутак, Генадзя Ларыёнава – на 15 сутак. Усіх траіх не затрымлівалі ў залі суда, відавочна, адбываць пакаранне яны будуць пазней.

Вядома, што яшчэ 26 чэрвеня Аляксандр Андрэеў, Павел Парфянкоў і Генадзь Ларыёнаў былі затрыманыя ў Оршы. Да суда яны знаходзіліся ў ІЧУ.

Навагрудак

На 14.30 29 чэрвеня прызначаны працяг судовага разгляду справы Алены Пячко.

alena_pechko.jpg
Алена Пячко перад судовым паседжаннем

Дапоўнена: Алена Пячко заявіла хадайніцтва аб выкліку ў суд сведак. Суд задаволіў хадайніцтва і перанёс працяг разгляду адміністрацыйнай справы на 6 ліпеня. 

Нагадаем суд над Аленай Пячко пачаўся 25 чэрвеня, але суддзя Вольга Юрчык вырашыла працягнуць разгляд справы ў панядзелак, 29 чэрвеня. Алена Пячко была затрыманая разам з чатырма чалавекамі 21 чэрвеня за ўдзел у "Ланцугу салідарнасці", яе адвезлі ў мясцовы РАУС, дзе склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП.

Дапоўнена: праваабаронца Аляксандр Буракоў паведаміў, што 29 чэрвеня ў дачыненні да Ірыны Дробыш-Лазаравай складзены пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, а Віктара Канюшэнка дапытваюць у міліцыі. 

Таксама стала вядома, што 26 чэрвеня адбыўся разгляд справы Вiктара Мацкевiча. Судзіў Васіль Аляхновіч. Якое было рашэнне суда пакуль невядома, бо справа яшчэ не вярнулася ў канцэлярыю.

Гродна

На выяздным пасяджэнні ў Гарадзенскім абласным судзе раніцай 29 чэрвеня пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка. Судзіць іх будуць паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – 17.1 “Дробнае хуліганства” і 23.4 “Непадпарадкаванне законым патрабаванням службовай асобы”, за інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Гродна. 

Вядома, што справу Васіля Баброўскага разглядае суддзя Руслан Гурын, а справу Уладзіміра Навуміка – суддзя Ларыса Барэль.

Каля 20 чалавек прыйшло на слуханне па справе Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка. 

 

sud_babrouski.jpg
Судовае паседжанне па справе Васіля Баброўскага

Дапоўнена: па суме двух пратаколаў Васілю Баброўскаму суд прызначыў пакаранне ў выглядзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту. 

Судовае паседжанне па справе Уладзіміра Навуміка
Судовае паседжанне па справе Уладзіміра Навуміка

Сведкамі па справе выступаюць супрацоўнікі міліцыі Павел Халява і Аляксандр Мацкевіч. Участковы Міхаіл Паўлоўскі прадстаўляе орган, які вёў адміністрацыйны працэс і складаў пратаколы. Уладзімір Навумік заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з паказаннямі сведкаў. Суд задаволіў хадайніцтва і зачытаў пісьмовыя паказанні сведак.

Уладзімір Навумік сваёй віны ў здзяйсненні правапарушэнняў не прызнае.

sud_navymik2.jpg
Група падтымкі на судзе Уладзіміра Навуміка

Сведка Павел Халява не пацвердзіў большасць сваіх пісьмовых паказанняў, суддзя звярнула на гэта ўвагу. Уладзімір Навумік задае сведку пытанні, а той блытаецца ў сваіх паказаннях.

Уладзір Навумік заявіў хадайніцтва, каб даследавалі відэа з яго тэлефону, а таксама іншыя відэазапісы. Прадстаўнік РАУС выказаўся супраць, а суддзя адхіліла хадайніцтва.

Тады падсудны заявіў яшчэ хадайніцтва, каб відэа прадаставіў яго бацька, які прысутнічае на працэсе, паколькі ў Ленінскім судзе няма відэазапісаў, а паказанні сведкаў вельмі супярэчлівыя. Суддзя прапанавала, каб адвакатка з Мінску прадаставіла відэа, і абвясціла перапынак да 9.15 гадзін 30 чэрвеня

Нагадаем, абодва мужчыны знаходзяцца ў СІЗА-1 у Мінску і абвінавачваюцца па крымінальнай справе разам з блогерам Сяргеем Ціханоўскім паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Праваабаронцы прызналі Васіля Баброўскага і Уладзіміра Навуміка палітзняволенымі і патрабавалі іх неадкладнага вызвалення з-пад варты.  

За інцыдэнт з Ціханоўскім у Гродне асудзілі трох чалавек

У судзе Ленінскага раёну г. Гродна 25 чэрвеня прайшлі суды над трыма чалавекамі. Усіх судзілі па артыкуле 17.1 КаАП за інцыдэнт, які здарыўся на перадвыбарчым пікеце 29 траўня ў Гродна, дзе быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.

Праваабаронцам "Гарадзенскай Вясны" стала вядома пра суды над затрыманымі ў пятніцу, 26 чэрвеня. Іх утрымлівалі да суда ў ІЧУ, а сёння з ранку ціхенька перавезлі ў Ленінскі РАУС і трымаюць цэлы дзень без ежы. Вядома, што асудзілі Анастасію Лавыш да 3 сутак арышту і 15 базавых велічынь штрафу, пасля чаго адпусцілі. Са слоў жанчыны, не менш за сямь чалавек будуць судзіць прама ў актавай залі Ленінскага РАУС. Суддзя Алена Пятрова прыехала для гэтага адмыслова.

Браслаў

Адміністратар Браслаўскага тэлеграм-канала "Краіны для жыцця" Канстанцiн Далецкi быў арыштаваны судом Браслаўскага раёна на 5 сутак паводле адміністрацыйнага пратаколу, сладзенага па арт. 23.34 КаАП. Яго затрымалі дома яшчэ вечарам пятніцы, 26 чэрвеня, пасля завезлі ў РАУС, дзе саставілі пратакол. Да суда Канстанцін Далецкі быў змешчаны ў ІЧУ. 

Віцебск

У судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска разглядзелі справу супраць Руслана Ахрымчука. Мужчына з'яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і быў затрыманы вечарам 28 чэрвеня разам з роварам. 

Яго абвінавацілі па двух адміністрацыйных пратаколах, складзеных паводле арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП. Суддзя Алена Грабенчук пакарала мужчыну 7 суткамі арышту

Таксама вядома, што адбыўся суд па адміністрацыйнай справе супраць Аляксандра Мацеюка. Яго судзіла Ала Бардзюкова ў судзе Чыгуначнага раёна. Мужчыну вінавацілі ў непадпарадкаванні законнаму патрабаванню міліцыі (арт. 23.4 КаАП).

mateiuk_sud_vitebsk.jpg
Аляксандр Мацеюк у судзе Чыгуначнага раёна г. Віцебска. Фота з тэлеграм-канала "Рэпрэсіі ў Беларусі"

Суддзя вырашыла пакараць Аляксандра Мацеюка штрафам у 4 базавыя велічыні (108 рублёў).

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства