"Падвойнае пакаранне за адно дзеянне". Фігуранты "справы Ціханоўскага" атрымалі суткі, але што тут не так? Дапоўнена
Дзевяць фігурантаў "справы Ціханоўскага", уключаючы самога Сяргея Ціханоўскага, атрымалі дадатковыя суткі. Судовыя пасяджэнні па адміністрацыйных справах праходзілі над імі 29, 30 чэрвеня, а таксама 1 і 2 ліпеня ў Гарадзенскім абласным судзе на выязным пасяджэнні суда Ленінскага раёна горада Гродна. Кожнага суд палічыў правапарушальнікам паводле артыкулаў 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) у розных камбінацыях і вынес арышты:
Васіль Баброўскі (арт 23.4 і 17.1 КаАП) – 10 сутак
Уладзімір Навумік (арт. 23.4 і 17.1 КаАП) – 10 сутак
Яўген Рэзнічэнка (арт. 17.1 КаАП) — 7 сутак
Уладзімір Кніга (арт. 17.1 КаАП) — 7 сутак
Сяргей Ціханоўскі (арт 23.4 КаАП) — 15 сутак
Дзмітрый Фурманаў (арт 23.4 КаАП) — 10 сутак
Вяргілій Ушак (арт. 23.4 і 17.1 КаАП) — 7 сутак
Аляксандр Арановіч (арт. 23.4 і 17.1 КаАП) — 10 сутак
Арцём Сакаў (арт. 17.1 КаАП) — 5 сутак
Спецыфіка сітуацыі ў тым, што ўсіх дзевяцярых асудзілі за той жа інцыдэнт (29 траўня на Савецкай плошчы Гародні), які стаў раней прычынай распачынання на кожнага з іх крымінальнай справы па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Акрамя гэтага, двум з іх — Уладзіміру Кніге і Яўгену Рэзнічэнка — інкрымінавалі артыкул 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Сітуацыю пракаментаваў юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка:
"Калі зараз у судзе па адміністрацыйнай справе разглядаецца той жа эпізод, які стаў падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 342 КК, дыспазіцыя часткі 1 якой гучыць як "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ..., альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства", то парушаецца найважнейшы прынцып адказнасці – non bis in idem: ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне.
Такія дзеянні ўладаў зразумелыя, калі пасля заканчэння выбарчай кампаніі ўсіх фігурантаў справы па падзеях у Гродне выпусцяць з СІЗА, а сама справа лопне, як мыльная бурбалка, пакінуўшы пасля сябе толькі людзей, якія прайшлі праз турэмныя пазбаўлення, з аднаго боку, і тых, хто ўбачыў у палітычнай барацьбе змовы і замах на асновы (ну, ці не ўбачыў, але вельмі хацеў павышэння па службе). Тады, нягледзячы на адбытыя месяцы ў турме, вызваленыя правапарушальнікі пойдуць "адседжваць" свае "суткі".
У іншым выпадку — у наяўнасці самавольства і грэбаванне правамі чалавека і асноўнымі свабодамі, якія наша дзяржава, прыняўшы на сябе абавязак выконваць, ігнаруе або парушае".
У Гродне асудзілі фігурантаў "справы Ціханоўскага"
У Гродне прайшлі адміністрацыйныя суды над фігурантамі "справы Ціханоўскага"
У Гродне на 15 сутак асудзілі Сяргея Ціханоўскага, на 10 — Дзмітрыя Фурманава. Як гэта было?