viasna on patreon

"Гэтыя міліцэйскія – такія выдумшчыкі! Але вынік ёсць: у ЦІП вярнуліся перадачы"

2020 2020-07-02T14:29:09+0300 2020-07-02T14:31:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/okrestino_cip.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску. Фота БелаПАН

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка атрымаў адказы на свае заявы па факце жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага годнасць абыходжання з арыштаванымі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

"Чакана, на паведамленне аб катаваннях і жорсткім абыходжанні рэакцыі дзяржорганаў не было. Гэта абурае, але мы ведаем стан спраў з барацьбой з катаваннямі і забароненым абыходжаннем у нашай краіне", – кажа Павел Сапелка.

Нагадаем, Павел Сапелка звярнуўся ў пракуратуру, ГУУС Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі і Маскоўскі раённы Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі з заявай аб правядзенні праверкі па паведамленнях у СМІ аб умовах утрымання ў ЦІП арыштаваных актывістаў.

Як менавіта адрэагавалі дзяржорганы на звароты праваабаронцы аб санітарных парушэннях і просьбу прадаставіць інфармацыю па канкрэтных напрамках дзейнасці, у тым ліку – аб прафілактыцы распаўсюджвання каранавіруса ў месцах несвабоды?

Пракуратура Маскоўскага раёна Мінска, як узорнае паштовае аддзяленне, на наступны дзень пасля звароту Паўла Сапелкі перадало яго ў ГУУС, за што ёй вялікі дзякуй – магла ж трымаць у сябе, нічога не робячы, не адзін дзень.

"Перадала для разгляду "па пытаннях утрымання ў ЦІП і ІЧУ ГУУС адміністрацыйна арыштаваных". Хоць, можа я дачакаюся ад пракуратуры адказаў і на астатнія пастаўленыя ў звароце пытанні – аб наяўнасці ў дзеяннях супрацоўнікаў гэтых устаноў прыкметаў складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 Крымінальнага кодэкса – "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў", напрыклад", – адзначае юрыст "Вясны".

Дзяржаўная ўстанова Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі адказала 19 чэрвеня: нядоўга думаючы, цэнтр перанакіраваў зварот у так званы Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС – ведамасная ўстанова, якая захоўвае эпідэміялагічны парадак на даручаных аб'ектах.

"А я, наогул, апеляваў да органу дзяржаўнага санітарнага нагляду, якім з'яўляецца МГЦГіЭ і яго падраздзяленні і ў якога некалькі іншая задача і паўнамоцтвы. Адказ, вядома, будзе абскарджаны: я вырашыў зразумець, ці працуе адпаведны закон у дачыненні да закрытых устаноў, або сітуацыя цалкам аддадзеная на водкуп МУС", – падкрэслівае Павел Сапелка.

А ўжо 24 чэрвеня быў атрыманы адказ з ГУУС:

"У адпаведнасці з абзацам 2 пункта 1 артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў" ад 18.07.2011 № 300-З і ў адпаведнасці з пунктамі 36 і 51 Інструкцыі аб арганізацыі працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў і вядзення справаводства па іх у органах унутраных спраў і ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанай загадам МУС Рэспублікі Беларусь ад 26.12.2018 № 363 Ваш зварот пакінуты без разгляду па сутнасці ў сувязі з не дадаткам да звароту дакументаў, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы на прадстаўленне інтарэсаў каго-небудзь з адміністрацыйна арыштаваных асобаў".

Павел Сапелка іранізуе:

"Гэтыя міліцэйскія – яны такія выдумшчыкі! Гэта ГУУС мела на ўвазе сітуацыю, калі я бачу адкрыты люк на суседняй вуліцы, то мне трэба, па версіі ведамства, сабраць даверанасці жыхароў вуліцы і толькі тады звярнуцца ў ЖЭС, каб люк зачынілі?

Ну, добра, гэтая іх палітыка нам вядомая і ўжо не хвалюе, таму што на самой справе пасля такіх скаргаў гэтыя начальнікі ўсё ж праводзяць праверкі: менавіта пра гэта сказаў начальнік ГУУС.

Ніхто не чакаў, што гэтыя крывадушныя людзі хуценька прызнаюць свае парушэнні, але вынік ёсць: у ЦІП і ІЧУ вярнуліся перадачы, а з імі – вада, ежа, зубныя шчоткі, газеты, кнігі і астатняе, што вяртае "суткам" прыкметы больш-менш нармальна арганізаванага побыту".

У гэтай сумнай карціне пенітэнцыярнай рэчаіснасці не хапала апошняй рыскі - і вось яна: адказ таго самага Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тылу МУС.

"Мой зварот у "грамадзянскі" МГЦГіЭ "па пытанні прадастаўлення звестак аб выпадках інфекцыйных захворванняў, каросты, педыкулёзу" і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама разгледжаны. І мяне інфармуюць: "звесткі пра захворванне ў органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь адносяцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання". Памілуйце, разбірайцеся са сваёй каростай у органах самі, мяне цікавіла сітуацыя з адміністрацыйна арыштаванымі і затрыманымі. Але, на падставе закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" у інтэрпрэтацыі МУС, мне не наканавана даведацца ні таго, ні іншага", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Хоць па гэтым законе, калі прачытаць не толькі адзін арт. 18-1, ёсць паняцце агульнадаступнай інфармацыі "доступ да якой, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой не абмежаваныя". У прыватнасці, не могуць быць абмежаваныя доступ да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне інфармацыі аб санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўцы і іншай інфармацыі, якая адлюстроўвае стан грамадскай бяспекі.

"Каму як не міліцыянтам разумець, што санітарна-эпідэміялагічны стан месцаў пазбаўлення волі цяпер, калі дзесяткі грамадзянаў штодня праходзяць праз судовы канвеер, – гэта важна?

І вось аб памерах залатога запасу інфармацыя па законе адкрытая, а пра вошай і каросту ў ЦІП – службовая інфармацыя абмежаванага распаўсюду. Сорамна, ці што?"

Адказу ад Маскоўскага раённага ЦГіЭ Павел Сапелка чакаць не стаў, але "усё яшчэ марыць яго атрымаць".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства