viasna on patreon

Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі па вызваленні Севярынца

2020 2020-07-03T18:30:37+0300 2020-07-03T18:31:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/severinec_906.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі па вызваленні вязня сумлення сустаршыні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца, які адбывае адміністрацыйны арышт з 7 чэрвеня. На волю ён павінен выйсці толькі ў верасні. Акрамя таго, Amnesty International звярнулася да ўладаў Беларусі з заклікам неадкладна спыніць эскалацыю нападаў на правы чалавека, вызваліць усіх, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за мірнае карыстанне правамі, а таксама прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у парушэннях правоў чалавека. 

"З дакладных крыніц нам стала вядома аб жорсткім абыходжанні пад вартай з ветэранам беларускай апазіцыі Паўлам Севярынцам, якога арыштавалі 7 чэрвеня. Павел Севярынец – вязень сумлення, якога варта неадкладна вызваліць без усялякіх умоваў, а да таго часу гарантаваць яго бяспеку і недатыкальнасць. Далучайцеся да нашай акцыі тэрміновай дапамогі, каб дамагчыся яго вызвалення!", – заклікаюць праваабаронцы Amnesty International.

Па словах жонкі і ягоных сукамернікаў, якія ўжо вызваліліся, яму не далі сустрэцца з адвакатам і дзесяць дзён запар трымаюць у карцэры. Яму даводзіцца спаць на нарах без матраца, якія штодня з 6:00 да 22:00 адкідваюць да сцяны. Увесь астатні час яму даводзіцца стаяць або сядзець на адзіным зэдліку. У камеры няма вадаправода, а Паўла Севярынца не выводзяць на прагулкі. У яго забралі асабістыя рэчы, сродкі гігіены і цёплую вопратку. Павел Севярынец – пабожны хрысціянін, але ў яго адабралі і Біблію. Да 29 чэрвеня ў ізалятары адмаўляліся прымаць ад жонкі перадачы для Паўла Севярынца. Прычым невядома, ці дайшла да яго перадача, якую ў рэшце рэшт прынялі.

"У адказ на беспрэцэдэнтную мабілізацыю апазіцыі і акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўлады разгарнулі бязлітасную кампанію па ачарненні і затрыманні асноўных кандыдатаў у прэзідэнты па сфабрыкаваных абвінавачваннях. У выпадку прызнання вінаватымі, ім пагражаюць працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і групы невядомых у цывільным часцяком з перавышэннем сілы затрымалі ўжо некалькі сотняў прыхільнікаў апазіцыі, незалежных журналістаў, блогераў, інтэрнэт-актывістаў і проста мінакоў падчас мірных акцый пратэсту. Нават малалетнія дзеці знаходзяцца пад пагрозай, улады неаднаразова пагражалі палітычным актывістам выключыць іх дзяцей пад апеку дзяржавы. За мірнае карыстанне правамі на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў затрымалі, аштрафавалі і падвергнулі «адміністрацыйнаму арышту» ўжо сотні чалавек; завялі шмат крымінальных спраў", – адзначаюць праваабаронцы Amnesty International.

Паўла Севярынца ўжо прызнавалі вязнем сумлення ў 2011 годзе. Тады яго прысудзілі да трох гадоў папраўчых работ па выніках удзелу ў масавых акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

"Наступ на палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць цяпер і пасля выбараў 2010 года адрозніваюцца. Цяпер пачаліся пераследы за некалькі месяцаў да выбараў на фоне рэкордна нізкага, па ўсеагульнаму перакананню, рэйтынгу прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі", – дадаюць міжнародныя праваабаронцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства