viasna on patreon

«Пасадзім цябе потым». Актывісту Уладзіміру Кійко прысудзілі 10 сутак, а потым нечакана вызвалілі Дапоўнена

2020 2020-07-08T14:00:00+0300 2020-07-13T17:27:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/uladzimir_kijko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска сёмага ліпеня прысудзіў актывісту Уладзіміру Кійко 10 сутак. Пасля гэтага яго адразу адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў адбываць арышт, але неўзабаве вызвалілі.

Уладзімір Кійко. Фота:
Уладзімір Кійко. Фота: "Віцебская Вясна".

Як паведамляе "Віцебская Вясна", судовы працэс над актывістам адбываўся ў анлайн-рэжыме (праз Skype-відэасувязь).  Суддзя — Уладзімір Царыкаў. Ён палічыў Кійко вінаватым у ч.3 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна цягам года) — за ўдзел у Ланцугу салідарнасці 19 чэрвеня. Пратакол склаў участковы, старэйшы лейтэнант Віталь Праліч.

Уладзімір Кійко сваёй віны не прызнаў. Ён заявіў на судзе, што браў удзел у цалкам легальным пікетаванні для збору подпісаў, бо з'яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. 

Пасля абвяшчэння рашэння суда Уладзіміра Кійко змясцілі адбываць арышт у віцебскі ІЧУ, дзе ён павінен быў знаходзіцца да 16 ліпеня. Але  актывіст паспеў там прабыць зусім нядоўга:

"Недзе праз гадзіну пасля суду па скайпе да мяне ў ІЧУ прыехаў міліцыянт Віталь Праліч, які складаў на мяне пратакол, і сказаў, што я вольны, — расказаў Уладзімір Кійко "Віцебскай Вясне". — Я здзівіўся. А ён кажа: «Пасадзім цябе потым»".

Зараз Уладзімір Кійко на волі, але 9 сутак арышту застаюцца неадбытымі — з улікам таго, што адны суткі ён правёў у ІЧУ ў чаканні суда пасля таго, як яго затрымалі шостага ліпеня. 

У Віцебску гісторыя з нявыкананым да канца пакараннем і нечаканым вызваленнем з ізалятару паўтараецца ўжо трэці раз. Раней з ІЧУ без тлумачэння прычын вызвалялі актывіста «Народнай Грамады» Аляксандра Якушкова, якога пакаралі на 12 сутак арышту, а выпусцілі з ІЧУ, калі заставалася  адседзець восем з іх. Такімі «адкладзенымі пакараннямі» міліцыянты карысталіся таксама ў Воршы і Наваполацку, паведамляе "Віцебская Вясна".

Уладзімір Кійко ўпэўнены, што робіцца гэта толькі дзеля таго, каб «закрыць» актыўных людзей напярэдадні галасавання 9 жніўня.

Апошні раз актывіста прыцягвалі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у студзені гэтага года — за ўдзел у снежаньскай акцыі ў падтрымку незалежнасці. Ён атрымаў максімальна магчымы штраф памерам 1350 рублёў (50 базавых велічынь).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства