viasna on patreon

Да айцішніка прыйшлі следчыя, бо напісаў міліцыянту, які затрымліваў Ціханоўскага

2020 2020-07-08T16:41:48+0300 2020-07-08T16:42:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzmitry_zimaryn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітры Зімарын. Фота Радыё Свабода

Дзмітры Зімарын. Фота Радыё Свабода

Супрацоўнік IT-кампаніі Дзмітрый Зімарын кажа, што прызнаны сведкам у справе аб пагрозах міліцыянту, які ўдзельнічаў у затрыманні Сяргея Ціханоўскага 29 траўня ў Горадні. Пра гэта піша Радыё Свабода. 

Дзмітрый Зімарын кажа, што пабачыў у інтэрнэце відэа, як міліцыянт ляжыць на асфальце. Ён палічыў, што супраць кіраўніка выбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай была зроблена правакацыя, і праз інтэрнэт звярнуўся да міліцыянта.

«Прызнаю, што выказваўся ў ягоны адрас не зусім карэктна, але без пагроз», — зазначае Дзмітрый. Цяпер ён ведае, што такіх, як ён, абураных гледачоў у інтэрнэце аказалася шмат, допісы некаторых пракуратура палічыла пагрозай супрацоўніку міліцыі і завяла крымінальную справу. Пра гэта Дзмітрыю Зімарыну расказаў следчы, які прыходзіў да яго з вобшукам 3 ліпеня.

Прадстаўніца прэсавай службы МУС Вольга Чамаданава на просьбу Радыё Свабода пацвердзіць, ці завялі такую справу, сказала, што ўся інфармацыя пра гэта будзе агучаная неўзабаве.

«Справу завялі паводле артыкулу аб пагрозах жыццю і здароўю супрацоўніку міліцыі, — апавядае Зімарын. — Мяркую пра гэта з пастановы аб ператрусе, якую мне паказаў следчы. Але супраць каго завялі справу, у пастанове не было пазначана. Пастанову падпісаў пракурор з Горадні».

Малады чалавек сцвярджае, што следчы і два мясцовыя супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да яго 3 ліпеня, у святочны выходны дзень. Нічога не забралі, абмежаваліся аглядам і пытаннямі.

«Зрабілі скрыншоты з ВК, пыталіся пра тое, з якіх крыніц маю доступ у інтэрнэт, які ў мяне правайдэр. Наколькі памятаю, у іх быў цэлы спіс тых, хто прыслаў свае каментары гэтаму міліцыянту, і я быў не першым у спісе. Ад мяне, думаю, паехалі яшчэ да кагосьці»,— сказаў Зімарын.

Са словаў Дзмітрыя Зімарына, ён праходзіць у справе як сведка. Следчы ўзяў у яго тлумачэнні, чаму даў такі каментар (тэкст каментару ёсць у рэдакцыі, але з этычных меркаванняў яго вырашана не цытаваць. — РС).

«Калі мяне спыталі, што я хацеў сказаць гэтым допісам, дык і не змог толкам патлумачыць. Што тут скажаш? Зразумела, мяне гэта абурыла. Гэта не былі паводзіны супрацоўніка міліцыі, нават не былі паводзіны простага грамадзяніна. Вось там, як пішуць, былі жанчыны лёгкіх паводзінаў, дык гэта такія ж паводзіны. Падстава для таго, каб Ціханоўскага затрымалі. І цяпер яму «шыюць» крымінальную справу. Дык значыць, гэтак можна любога чалавека затрымаць? Падыдуць да цябе два супрацоўнікі, адзін раптам паваліцца, другі скажа, што гэта ты яго паваліў — і ўсё, гатовая справа?»

Дзмітрый не ведае, як ягоны допіс у выніку інтэрпрэтуе следства.

«Можа, захочуць палічыць знявагай, але ж гэта не было публічна. Можа, дадуць штраф? Не думаю, што можа выйсці нешта горшае», — спадзяецца Дзмітрый.

Дзмітрый Зімарын жыве ў Мінскім раёне, працуе ў ІТ-кампаніі, цяпер дыстанцыйна. Малады чалавек планаваў выбірацца ў мясцовую выбарчую камісію, але «не прапусцілі». Цяпер разлічвае атрымаць статус назіральніка на выбарчым участку. Кажа, што ягоную выбарчую актыўнасць у сям’і збольшага падтрымліваюць усе, акрамя бабкі.

«Адзіны чалавек, які не верыць, што на вуліцы могуць затрымаць людзі ў цывільным, гэта бабуля. Ясна, бо яна глядзіць толькі дзяржаўны тэлевізар. Некаторыя ставяцца скептычна, маўляў, змяніць нічога не ўдасца, але ўсе пагаджаюцца, што перамены патрэбны», — кажа Дзмітрый.

Сітуацыю, у якой не зарэгіструюць і Віктара Бабарыку, і Святлану Ціханоўскую, малады чалавек уяўляць ня хоча.

«Тады ня ведаю, што і рабіць», — кажа ён.

У Следчым камітэце пакуль не адказалі на пытанне, ці сапраўды расследуецца крымінальная справа аб пагрозах жыццю і здароўю міліцыянту К., які лічыцца пацярпелым падчас падзеяў 29 траўня ў Горадні.

Атрымаць каментар пракуратуры Беларусі не ўдалося — у прэсавай службе ўстановы не паднялі слухаўку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства