Супраць актывіста "Народнай грамады" Сяргея Спарыша ўзбуджана крымінальная справа
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", на актывіста і прэс-сакратара "Народнай грамады" Сяргея Спарыша ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).
Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна. Яго справа таксама звязаная з інцыдэнтам на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, па якой праходзіць шэраг іншых людзей.
Сяргей Спарыш быў гвалтоўна затрыманы 25 чэрвеня. Супрацоўнікі ў цывільным фактычна выцягнулі яго з уласнай кватэры. Актывіста амаль без адзення цягнулі з кватэры па прыступках. Тады яго забралі адбываць 15 сутак, якія ён раней атрымаў за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня.
На дадзены момант ужо 18 чалавек знаходзяцца пад вартай у межах крымінальных спраў па арт. 342 КК РБ. Гэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Цыгановіч, Зміцер Казлоў, Ігар Лосік, затрыманыя пасля інцыдэнту ў Гродне Зміцер Фурманаў, Вяргілій Ушак, Арцём Сакаў, Аляксандр Арановіч, Уладзімір Навумік, Васіль Баброўскі, Яўген Разнічэнка, Уладзімір Кніга, Андрэй Новікаў, палітык Мікалай Статкевіч, Сяргей Спарыш.
Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК РБ
Amnesty International: Ціханоўскі, Бабарыка, іх паплечнікі і блогеры — вязні сумлення
Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь