viasna on patreon

Райвыканкам правёў гутарку, а дыскрымінуючы ромаў артыкул да гэтага часу застаецца на сайце

2020 2020-07-09T15:50:41+0300 2020-07-09T18:22:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/statia_romy_extrimism.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот артыкула з сайта "Родныя вытокі"

Скрыншот артыкула з сайта "Родныя вытокі"

У сярэдзіне чэрвеня юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звяртаўся ў пракуратуру Докшыцкага раёна і ў Міністэрства інфармацыі з заявай на размяшчэнне ў газеце "Родныя вытокі" артыкула, у якім утрымліваюцца прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці ў дачыненні да народнасці ромаў.

Праваабаронца заявіў у Мінінфарм на факт дыскрымінацыі ромаў у журналісткім матэрыяле

Павел Сапелка адзначае, што артыкул пад назвай "Чарговай ахвярай ашуканцаў стаў пенсіянер з Докшыцкага раёна" распальвае нацыянальную варожасць, прапагандуе непаўнавартаснасць грамадзянаў па прыкмеце іх нацыянальнай прыналежнасці.

Пракурор Докшыцкага раёна Алег Несцяронак, не разгледзеўшы заяву па сутнасці і насуперак закону "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", 22 чэрвеня 2020 года перанакіраваў яе старшыні Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта.

"Да вызначанай ролі пракуратур – паштовых аддзяленняў – мы ўжо прывыклі, але тут крыху іншы кантэкст: у адпаведнасці з артыкулам 6 Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", органы пракуратуры з'яўляюцца суб'ектам, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму. А выканкамы – не", – заўважае Павел Сапелка.

Юрыст "Вясны" 8 ліпеня атрымаў адказ з Докшыцкага райвыканкама, дзе адзначалася, што зварот быў разгледжаны на нарадзе з удзелам службовых асобаў дзяржоргана, галоўнага рэдактара выдання "Родныя вытокі" і аўтара артыкула Алены Несцяронак. У выніку абмеркавання было ўстаноўлена, што Аленай Несцяронак былі дапушчаныя некарэктныя выказванні ў адрас грамадзянаў цыганскай нацыянальнасці. Выданню і аўтару указана на недапушчэнне выкарыстання падобных параўнальных прыкладаў у публікацыях у далейшым.

"Аднак гэта ніяк не з'яўляецца тым вынікам, якога я дамагаўся сваім зваротам. А праведзеная Докшыцкім РВК прафілактычная праца – гэта не меры, якія прадпісаныя згаданым законам, у прыватнасці артыкуламі 14 ("Супрацьдзеянне выданню і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў") і 9 ("заснавальніку сродку масавай інфармацыі пры выяўленні ў дзейнасці сродку масавай інфармацыі дзеянняў, прадугледжаных часткай першай артыкула 1 гэтага Закона, якія не з'яўляюцца дастатковай падставай для прызнання прадукцыі СМІ экстрэмісцкімі матэрыяламі, выносіцца прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў")", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Ён адзначае, што артыкул у першапачатковым выглядзе ўсё яшчэ размешчаны на сайце выдання і працягвае стыгматызацыю і дыскрымінацыю ромаў.

"А чаго б ім баяцца? Мінінфарм пальцам не паварушыў з нагоды майго звароту – яны, бачыце, спачатку павінны атрымаць нейкі штуршок ад суб'ектаў процідзеяння экстрэмізму. А самі яны ў гэтым міністэрстве – не суб'екты?" каментуе адказ з Міністэрства інфармацыі эксперт.

Цяпер Павел Сапелка накіраваў зварот у пракуратуру Віцебскай вобласці, у якім просіць прызнаць незаконным пакіданне без разгляду яго заявы і непрыняцце па ім мераў пракурорам Докшыцкага раёна, а таксама ўсё ж прыняць меры па прызнанні названай публікацыі выдання "Родныя вытокі" экстрэмісцкім матэрыялам і спыніць яе распаўсюд з дапамогай сеткі Інтэрнэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства