viasna on patreon

Пераслед журналістаў на масавых мерапрыемствах працягваецца

2020 2020-07-16T17:17:24+0300 2020-07-16T19:14:32+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/trafimovich_anton_rs.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Антон Трафімовіч Фота: Радыё Свабода

Антон Трафімовіч Фота: Радыё Свабода

15 ліпеня падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў былі затрыманыя журналіст Радыё Свабоды Антон Трафімовіч і пазаштатная супрацоўніца БелаПАН Віялета Саўчыц. Антон Трафімовіч вёў прамое ўключэнне каля будынку Цэнтрвыбаркама, куды прыйшлі сотні мінчукоў, каб падаць скаргі на адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, паведамляе TUT.BY.

Журналіста Свабоды затрымалі на Нямізе.

— Калі я выйшаў з вуліцы Мяснікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6−7 чалавек, двое ў форме АМАПа, астатнія — у цывільным. Мне закруцілі рукі за спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе, — успамінае ўчорашнія падзеі Антон Трафімовіч. — У мікрааўтобусе мяне паставілі на падлогу на калені, хоць свабодныя месцы ў машыне былі, сярод затрыманых былі толькі я і журналістка Віялета Саўчыц, супраць яе фізічную сілу не ўжывалі, мне надзелі кайданкі за спінай, увесь час трымалі галавой уніз. У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі. Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая крывёю. У мяне на шыі вісеў вялікі бэйдж, я паўтараў, што я журналіст, амапаўцы знялі пасведчанне і перапісалі дадзеныя. То бок яны дакладна ведалі, што я журналіст, на якой падставе я быў затрыманы, ніхто не казаў, як і куды нас вязуць.

Журналістаў даставілі ў Заводскі РУУС, дзе супрацоўнікі перапісалі дадзеныя з пасведчанняў і пашпартоў. Паздней іх адпусцілі.

Антон Трафімовіч звярнуўся за медыцынскай дапамогай у бальніцу. Медыкі зафіксавалі ўдары, пералом носа, наклалі швы.

— Я патлумачыў у бальніцы, што мяне збілі пры затрыманні, — кажа суразмоўца. — У такіх выпадках медыкі самі паведамляюць у міліцыю пра здарэнне. Сёння мне званілі з Маскоўскага РАУС, паведамілі, што матэрыялы перададзеныя ў Следчы камітэт. Я таксама планую напісаць заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Як сачылі за журналістамі Свабоды пасьля стрыму ад Цэнтравыбаркаму. Аўдыёзапіс радыёперамоваў

У рэдакцыю Радыё Свабоды трапілі запісы радыёперамоваў невядомых асобаў, якія сачылі за іх здымачнай групай.

Ціск на журналістаў у Брэсце

Беларускае Радыё Рацыя паведамляе, што журналістаў “Першага рэгіёна” выклікаюць на прафілактычныя гутаркі ў міліцыю. Прычынай выклікаў з’яўлецца прысутнасць прадстаўнікоў выдання на масавых мерапрыемствах.

Пра гэта распавёў галоўны рэдактар “Першага рэгіёна” Павел Дайлід:

– Цалкам нейкае глупства, таму што журналісты маюць права прысутнічаць там, дзе адбываюцца нават несанкцыянаваныя масавыя акцыі. Такая ж сітуацыя на днях была і ў Драгічыне. У Драгічынскі РАУС выклікалі нашага Сяргея Гардзіевіча, яго выклікалі позвай як сведку. Распытвалі пра тое, хто нанёс нейкія надпісы, размалявалі кіёск Табакеркі.

Не зразумела, чаму выклікалі менавіта нашага карэспандэнта, што ён мусіць быць сведкай па гэтай справе.

БАЖ выступіў з заявай з нагоды масавага затрымання журналістаў 14 і 15 ліпеня

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала не менш за 15 выпадкаў затрыманняў у гэтыя дні рэпарцёраў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі, у тым ліку замежных. Некаторым з журналістаў казалі, што іх не затрымліваюць, а дастаўляюць у міліцыю для праверкі асобы — але відавочна, што гэта было звязана менавіта з наўмыснымі перашкодамі журналісцкай працы.

Яшчэ 23 чэрвеня, пасля першай хвалі затрыманняў рэпарцёраў,  ГА “БАЖ” і яшчэ 57 медыяарганізацый звярнуліся да кампетэнтных дзяржаўных органаў Беларусі з патрабаваннямі спыніць пераслед журналістаў за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў.

Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных спраў фактычна адмовіліся разглядаць зварот медыйнай супольнасці, што зрабіла магчымым паўтарэнне падзей і парушэння заканадаўства з боку сілавых структур у дачыненні журналістаў.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”:

  • Выказвае абурэнне і пратэст у сувязі з затрыманнямі журналістаў падчас выканання імі службовых абавязкаў.
  • Пацвярджае патрабаванні, выказаныя ў заяве ад 23.06.2020, і заклікае дзяржаўныя органы спыніць парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку сілавых структур і прыцягнуць вінаватых у гэтым да адказнасці.
  • Яшчэ раз нагадвае пра гарантаванае права журналістаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах і перадаваць адтуль інфармацыю.
  • Заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь прытрымлівацца міжнародных стандартаў і абавязальніцтваў у галіне свабоды выказвання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства