«Расклеіла ўлёткі нерэкламнага характару». У Рэчыцы на актывістку каманды Ціханоўскай склалі пратакол
Дзяўчыну, якая збірала ў Рэчыцы і Лоеве подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты, вінавацяць у парушэнні, прадугледжаным п. 2 артыкула 21.14 (парушэнне добраўпарадкавання тэрыторыі).
Як паведама "Палескай Вясне" Бажэна Жолудзь, 16 ліпеня ў першай палове дня ёй проста на працу ў рэгістратуру Рэчыцкай дзіцячай паліклінікі прынеслі пазоў з’явіцца ў гэты ж дзень у 16.30 у Рэчыцкі РАУС да інспектаркі Алены Крэмлевай. Як пазней даведалася Бажэна, на гэты ж час у РАУС выклікалі яе сяброўку, у якой, гэтак жа, як і ў Бажэны, 11 ліпеня міліцыя правяла ператрус, а таксама хлопца Бажэны.
У РАУСе ўсіх развялі па розных кабінетах. Інспектарка Алена Крэмлева апытала Бажэну як сведку наконт размяшчэння надпісу «3%» на памяшканні аптэкі на вуліцы Савецкай як раз побач з будынкам РАУС. Потым Крэмлева сказала Бажэне зайсці ў іншы кабінет да супрацоўніка, які займаецца справай, у межах якой 11 ліпеня ў доме, дзе жыве Бажэна, рабілі агляд.
Калі Бажэна ішла ў той кабінет, яна думала, што яе яшчэ раз апытаюць. У тым кабінеце аказаўся ўчастковы інспектар Вадзім Пінкін. Ён адразу абвясціў, што будзе складаць у дачыненні да Бажэны Жолудзь пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Доказамі віны Бажэны інспектар палічыў тое, што падчас ператрусу ў доме сяброўкі Бажэны, якая пажадала не называць яе імя ў СМІ, тая сяброўка прызналася, што ўлёткі клеіла яна з Бажэнай. Пазней яна накіроўвала ў РАУС заяву, што зрабіла гэта пад ціскам.
«Інспектар Пінкін сказаў, што першая версія выглядае больш праўдападобна, чым выкладзеная ў заяве, і склаў на мяне пратакол, хаця ніякіх іншых доказаў маёй віны ў справе няма», – распавяла Бажэна Жолудзь.
У выніку ўчастковы Вадзім Пінкін склаў пратакол, у якім напісаў, што Бажэна Жолудзь 9 ліпеня каля 22.00 «на ліхтарным слупе па вуліцы Фрунзэ паблізу ад скрыжавання з вуліцай Кірава, на аўтобусным прыпынку па вуліцы 10 гадоў Кастрычніка паблізу ад скрыжавання з вуліцай Фрунзэ, на аўтобусным прыпынку “Рэчыцадрэў” па вуліцы 10 гадоў Кастрычніка, на аўтобусным прыпынку “Цэнтральны стадыён” па вуліцы Сняжкова расклеіла ўлёткі нерэкламнага характару».
Гэтым, на думку міліцянта, яна парушыла п. 17 «Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, прадугледжаным пунктам 2 артыкулу 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф да 25 базавых вялічыняў (на цяперашні час гэта 675 рублёў).