viasna on patreon

На журналіста "Радыё Свабода" Антона Трафімовіча склалі пратакол за непадпарадкаванне

2020 2020-07-17T15:54:42+0300 2020-07-17T15:57:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/trafimovich_anton_rs.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Журналіста Радыё Свабода 17 ліпеня зноў даставілі ў РУУС Заводзкага раёну ў Мінску. На яго склалі адміністрацыйны пратакол па артыкулу 23.4 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, піша Свабода.

Антон Трафімовіч Фота: Радыё Свабода

Нагадаем, 15 ліпеня журналіста брутальна затрымалі ў цэнтры Менску пасля заканчэння стрыму ад Цэнтравыбаркаму, дзе сабраліся прыхільнікі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Невядомыя людзі ў цывільным зламалі яму нос пры затрыманні.

На наступны дзень міліцыя патлумачыла, што журналіст аказваў супраціўленне, а таму супраць яго прымянілі фізычную сілу. Антон Трафімовіч лічыць, што справа супраць яго цалкам выдуманая. Міліцыя такім чынам спрабуе апраўдаць свой гвалт.

17 ліпеня раніцай журналіст ехаў здымаць пабоі ў судмэдэкспэртызу. На вуліцы Кіжаватава да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і звезлі, забраўшы тэлефон, у РУУС Заводзкага раёну.

«Мяне там яўна чакалі», — сказаў журналіст.

Ён патлумачыў, што раніцай яму званілі з Заводзкага РУУС, прасілі, каб прыехаў на 10 хвілін. Але пра адміністрацыйны працэс інспектар не згадваў.

«Лічу, што мяне хацелі завабіць туды падманам», — сказаў Трафімовіч.

Журналіст Свабоды правёў у міліцыі каля дзвюх гадзін. Ён адмовіўся даваць паказанні і не падпісаў пратаколы.

«Сказалі, што павязуць у суд, але адпусцілі без тлумачэнняў, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, гэта проста яшчэ адна спроба застрашыць мяне і іншых журналістаў».

Антон Трафімовіч падаў заяву ў Следчы камітэт, просіць распачаць крымінальную справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэксу — перашкода прафесійнай дзейнасьці журналіста.

«Беларускія ўлады перад выбарамі 9 жніўня спрабуюць спыніць нашу журналісцкую працу і перашкодзіць аўдыторыі атрымліваць доступ да надзейных навінаў», — заявіла выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Дэйзі Сындэлар пасля шэрагу затрыманняў журналістаў Свабоды.

Пераслед журналістаў на масавых мерапрыемствах працягваецца

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў” зафіксавала не менш за 15 выпадкаў затрыманняў у гэтыя дні рэпарцёраў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі, у тым ліку замежных. Некаторым з журналістаў казалі, што іх не затрымліваюць, а дастаўляюць у міліцыю для праверкі асобы — але відавочна, што гэта было звязана менавіта з наўмыснымі перашкодамі журналісцкай працы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства