viasna on patreon

За падзеі 14 ліпеня ў Мінску следчыя забіраюць тэлефон. Што рабіць?

2020 2020-07-17T18:50:11+0300 2020-07-17T19:00:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/telefon_14_07.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля падзей 14 ліпеня ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаюцца людзі аб канфіскацыі ў іх мабільных тэлефонаў як сведак узбуджаных крымінальных справаў па артыкулах 363, 364, 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Да праваабаронцаў ужо звярнулася каля 20 чалавек. Затрыманых 14 ліпеня судзяць па Skype прама ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, а затым адводзяць у кабінет да следчага. Пасля апытання ў якасці сведак затрыманым і аштрафаваным вяртаюць усе канфіскаваныя рэчы, акрамя мабільных тэлефонаў. Пры гэтым якіх-небудзь дакументаў, якія пацвярджаюць канфіскацыю тэлефонаў, ім для азнаямлення не прад'яўляюць. Затрыманыя распавядаюць, што следчыя карыстаюцца тым, што яны па двое сутак да гэтага знаходзіліся ў поўнай ізаляцыі, а канфіскацыя тэхнікі адбываецца без магчымасці атрымаць юрыдычную дапамогу.

Што рабіць у такой сітуацыі і наколькі гэта законна — тлумачыць юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Аляксей Лойка.

Мінск 14 ліпеня. Фота: spring96.org
Мінск 14 ліпеня. Фота: spring96.org

Гэта наогул законна?

У Крымінальна-працэсуальным кодэксе прадугледжана такое следчае дзеянне як "выманне". У артыкуле 209 КПК прапісаныя падставы, калі следчыя могуць прымяняць дадзенае дзеянне пры расследаванні крымінальных справаў. Так, падставай для вымання з'яўляюцца дастатковыя дадзеныя аб наяўнасці пэўных прадметаў і дакументаў, якія маюць значэнне для крымінальнай справы, калі дакладна вядома, дзе і ў каго яны знаходзяцца.

Тэлефон, а таксама відэа і фота на ім, могуць стаць доказамі па ўзбуджаных крымінальных справах за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Аднак згодна з ч. 2 арт. 88 і ч. 2 арт. 100 КПК крыніцамі доказаў яны могуць быць прызнаныя і далучаныя да справы, калі толькі будуць атрыманыя, запатрабаваныя або прадстаўлены ў парадку, прадугледжаным КПК.

Таму, як адзначае юрыст "Вясны", у Следчым камітэце могуць канфіскоўваць тэлефоны ў сведак у рамках гэтай працэдуры, але, калі пры гэтым выконваюцца ўсе патрабаванні КПК.

Як гэта павінна адбывацца па законе?

Паводле ч. 5 арт. 210 КПК да пачатку правядзення вымання следчы абавязаны прад'явіць пастанову аб яго правядзенні. Таксама асоба, якая ажыццяўляе выманне, павінна скласці адпаведны пратакол з выкананнем патрабаванняў артыкулаў 193 і 194 КПК. Аляксей Лойка звяртае ўвагу, што ў пратаколе згодна з ч. 2 арт. 212 КПК павінен быць апісаны канфіскаваны тэлефон з усімі яго характарыстыкамі, а таксама яго мера, вага, індывідуальныя прыкметы і па магчымасці кошт.

Копію пратаколу вымання павінны ўручыць пад подпіс асобе, у якой канфіскавалі тэлефон (ч. 4 арт. 212 КПК). Дарэчы, пратакол вымання таксама з'яўляецца крыніцай доказаў і павінен прысутнічаць у матэрыялах справы нароўні з матэрыяламі фота- і кіназдымкі, гука- і відэазапісы, якія могуць быць атрыманы з канфіскаванага тэлефона.

Юрыст "Вясны" адзначае, што толькі пры выкананні ўсіх гэтых дзеянняў працэдуру канфіскацыі тэлефона можна будзе прызнаць законнай. Аднак абсалютна ўсе затрыманыя за падзеі 14 ліпеня ў Мінску, у якіх канфіскавалі тэлефон, адзначаюць, што якіх-небудзь дакументаў (пастанова, пратакол) ім не выдавалі. Гэта з'яўляецца парушэннем патрабаванняў КПК.

Згодна з ч. 4 і ч. 5 арт. 105 КПК доказ прызнаецца недапушчальным, калі ён атрыманы з парушэннямі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна або патрабаванняў КПК, звязанымі з пазбаўленнем або абмежаваннем правоў удзельнікаў крымінальнага працэсу або парушэннем іншых правілаў крымінальнага працэсу. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання.

Дык што рабіць у такіх выпадках?

Трэба звяртаць увагу на тое, каб канфіскацыя тэлефона следчымі ажыццяўлялася строга ў адпаведнасці з законам: была прад'яўлена пастанова аб правядзенні вымання, быў складзены пратакол і была магчымасць пад подпіс з ім азнаёміцца.

Калі ўжо тэлефон быў канфіскаваны з парушэннем заканадаўства, то Аляксей Лойка рэкамендуе абскарджваць такія незаконныя дзеянні следчых пракурору.

Па юрыдычную кансультацыю можна звярнуцца да праваабаронцаў "Вясны" па тэлефоне +375-29-841-39-81.

Па падзеях 14 ліпеня ў Мінску ўзбуджаныя тры крымінальныя справы. Затрыманы мінчук Антон Шумаў

Па падзеях 14 ліпеня ўзбуджаныя яшчэ дзве крымінальныя справы па артыкуле 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў) і артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Пра гэта 16 ліпеня паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства