viasna on patreon

Братоў Аляксандра і Віктара Куўшынавых асудзілі на суткі Аўдыё

2020 2020-07-17T20:24:18+0300 2020-07-17T21:09:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuvshinovy_alex_viktor.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр и Віктар Куўшынавы. Фота са старонкі Аляксандра ў Фэйсбуку

Аляксандр и Віктар Куўшынавы. Фота са старонкі Аляксандра ў Фэйсбуку

Другія суткі браты-айцішнікі Віктар і Аляксандр Куўшынавы, якія выпадкова сустрэліся ў аўтазаку, сядзяць у ізалятары на Акрэсціна, піша TUT.BY.

Учора на судзе высветлілася, што названае ў пратаколах месца затрымання — вуліца Мяснікова — знаходзіцца ў 1,5 кіламетра ад рэальнага - праспекта Незалежнасці. Справу адправілі на дапрацоўку ў Маскоўскі РУУС. Сёння байцы АМАПа проста заявілі, што памыліліся: яны затрымлівалі братоў на праспекце Незалежнасці.

Першым слухаюць справу Аляксандра Куўшынава, ён працуе ў IT-кампаніі Gurtam. Аляксандр знаходзіцца ў ізалятары, адкуль яго апытваюць па скайпе. Ён паспеў перадаць, што "сукамернікі добрыя, мы тут нармальна размясціліся". Пры гэтым братоў не выводзяць на прагулкі, ім не выдалі пасцельную бялізну, яны вымушаныя спаць на голых нарах. Аб такіх жа парушэннях паведамляюць і іншыя арыштанты. Чакалася, што братоў адпусцяць учора ўвечары, пасля таго як суд адправіў справу на дапрацоўку, але іх пакінулі ў ізаляцыі.

Як і ўчора, Аляксандр кажа ў судзе, што ўвечары 15 ліпеня прыехаў на плошчу Незалежнасці, каб падаць скаргу ў Цэнтравыбаркам, які адмовіў у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Калі ЦВК зачыніўся, мужчына на ровары паехаў дадому, але паколькі АМАП агарадзіў пешаходную частку, ён сам пад'ехаў да міліцыянтаў, каб спытаць, ці можа ён праехаць прама.

—  Адзін супрацоўнік пагадзіўся (дазволіў праехаць. — заўв. TUT.BY), але потым камандзір АМАПу сказаў: "Забіраем!" — і мяне на ровары паднялі ў аўтазак шляхам паветранага пералёту, — растлумачыў Аляксандр. — Ніякага супраціву пры транспарціроўцы я не аказваў. Я на ровары знаходзіўся, так разам з ім і ўзляцеў. Нікога з супрацоўнікаў АМАПу рукамі я не чапаў.

Першапачаткова сведкі-амапаўцы, якія затрымлівалі Аляксандра, сцвярджалі, што ўзялі яго на вуліцы Мяснікова, 26 (гэты будынак Міністэрства фінансаў), аднак феерычнае затрыманне трапіла ў аб'ектыў фотакамер, на здымках добра відаць, што байцы нясуць на руках Куўшынава на ровары, а за спіной — плошча Незалежнасці, побач — гасцініца "Мінск" (гэта праспект Незалежнасці, 11), гэта значыць адлегласць паміж названым у пратаколе і фактычным месцам затрымання 1,5 кіламетра.

Як супрацоўнікі АМАПа тлумачаць такое несупадзенне? Высветліць у судзе гэта не ўдалося. Учора, як паведаміў суду камандзір АМАПу Дзмітрый Балаба, Андрэй Дайліда і Сяргей Панасенка знаходзіліся ў камандзіроўцы за межамі Мінска. Суддзя Юрый Машкетаў учора вярнуў справу начальніка Маскоўскага РУУС на дапрацоўку. Сёння справу дапрацавалі: у матэрыялах справы проста змянілі адрас.

Дайліда і Панасенка сёння зноў не прыйшлі ў суд, яны ўсё яшчэ ў камандзіроўцы, але нейкім чынам змаглі паведаміць, што памыліліся з адрасам затрымання. У астатнім, як вынікае з пратаколаў, байцы памылак не прызнаюць. У матэрыялах маецца пацверджанне, што міліцыянты ўжылі фізічную сілу да Аляксандра Куўшынава — "суправаджэнне ў службовы аўтамабіль".

Суддзя выпісаў Аляксандру Куўшынаву 10 сутак арышту, дома застаецца яго жонка і чацвёра дзяцей.

"Я рэалізоўваў сваё права на зварот у дзяржорган"

Таксама сёння разглядаецца справа брата Аляксандра — Віктара. Яго затрымлівалі тыя ж амапаўцы. Віктар знаходзіўся каля Галоўпаштамта, але ў пратаколах быў таксама пазначаны адрас Мяснікова, 26.

Па справе Віктара Куўшынава змянілася суддзя: учора справу разглядала Лідзія Цяліца, сёння — Юлія Варакса. Справа дапрацаваная гэтак жа, як у брата: амапаўцы Дайліда і Панасенка змаглі паведаміць Маскоўскаму РУУС, што затрымлівалі Віктара ўсё ж такі не на Мяснікова, а на праспекце Незалежнасці. Адзначым, што Аляксандр Куўшынаў у той вечар быў адзін і не ведаў, што яго брат Віктар з жонкай і сябрамі таксама пайшлі падаваць скаргу. Але братоў, як паказана ў матэрыялах справы, затрымалі адны і тыя ж амапаўцы, практычна ў адзін і той жа час, Аляксандра адразу пагрузілі ў аўтазак побач з гасцініцай "Мінск", Віктара — у мікрааўтобус побач з Галоўпаштампам, праз дарогу, але праз некаторы час перакінулі ў аўтазак, дзе ён сустрэўся ў братам.

— 15 ліпеня я мэтанакіравана прыехаў у Цэнтрвыбаркам, каб асабіста падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдатаў Бабарыкі і Цапкалы, — растлумачыў па відэасувязі Віктар. — Да закрыцця ЦВК прабыў на плошчы. Паколькі выбаркам зачыніўся, а мы не паспелі падаць скаргі, то пайшлі на бліжэйшую пошту — Галоўпаштамт. Супрацоўнікі АМАПу не пускалі нас да ўваходу, я спытаў, чаму нельга прайсці, але ніхто мне не растлумачыў. Мы развярнуліся, каб прайсці да пераходу на скрыжаванні з вуліцай Валадарскага. Амапаўцы нас пачалі падштурхоўваць, я ўдакладніў, у чым справа, і мяне без тлумачэння прычынаў затрымалі.

Віктар адзначае, што пасля дапрацоўкі справы памяняліся паказанні супрацоўнікаў АМАПа:

— Першае — месца затрымання: спачатку яны кажуць, што гэта было на Мяснікова, 26, а цяпер — побач з Галоўпаштампам. Другое: у пратаколе апытання яны заяўляюць, што затрымалі мяне на плошчы Незалежнасці, а ў пратаколе затрымання — што я быў затрыманы на праспекце Незалежнасці 10, 11. Гэта розныя месцы. Трэцяе: цяпер супрацоўнікі АМАПу сцвярджаюць, што я размахваў рукамі, у першапачатковых тлумачэннях такіх абставінаў імі не было пазначана. Чацвёртае: наконт масавага мерапрыемства, я рэалізоўваў сваё права на зварот у дзяржаўны орган, і не лічу, што па такой нагодзе павінен кагосьці апавяшчаць загадзя, узгадняць сваё перамяшчэнне. Я не прымаў удзел у пікеце, я ішоў адправіць ліст. І не аказваў супраціву, мяне занеслі ў машыну.

У 18.25 суд абвясціў пастанову — пакараць Віктара Куўшынава 11 суткамі арышту.

Жонка Аляксандра Куўшынава распавяла "Вясне", што браты сядзяць разам у адной камеры ў ЦІП:

Viasna96 · Jak Siadziać Braty Kuŭšynavy Ŭ CIP

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства