viasna on patreon

Front Line Defenders: Здароўе Азімжана Аскарава ў крытычным стане

2020 2020-07-23T13:00:25+0300 2020-07-23T13:00:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/askarau-fidh.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў у судзе. Фото: ©Nezir Aliyev / Anadolu Agency

Азімжан Аскараў у судзе. Фото: ©Nezir Aliyev / Anadolu Agency

22 ліпеня 2020 года адвакат Азімжана Аскарава Валяр'ян Вахітаў наведаў праваабаронцу ў калоніі і распавёў, што ягонае здароўе значна пагоршылася. Аб гэтым паведамляецца на сайце Front Line Defenders.

Па словах адваката, 69-гадовы Азімжан Аскараў не можа самастойна хадзіць, і на сустрэчу яго прывялі, падтрымліваючы, ахоўнікі калоніі. Праваабаронца страціў вагу і, паколькі ён амаль не можа есці, яму робяць ін'екцыі глюкозы. Падчас наведвання Валяр'ян Вахітаў заўважыў, што яго падабаронны выглядаў асабліва бледным, шмат кашляў і амаль не мог гаварыць. Фельчар калоніі сказаў адвакату, што Азімжан Аскараў хварэе каля 10 дзён.

Пасля наведвання праваабаронцы адвакат падаў дзве пісьмовыя заявы кіраўніцтву калоніі з патрабаваннем даць медыцынскае заключэнне лекараў калоніі аб стане Аскарава, а таксама каб высветліць, якую медыцынскую дапамогу ён атрымлівае.

16 ліпеня прадстаўнікі апарата амбудсмэна Кыргызскай Рэспублікі наведалі Азімжана Аскарава ў калоніі. Па выніках яны паведамілі, што праваабаронцу вымералі крывяны ціск і тэмпературу і што вынікі былі ў норме. Аднак Аскараў казаў ім, што высокая тэмпература захоўваецца ў яго на працягу некалькіх дзён, баляць суставы, няма апетыту і выяўляецца ванітавы рэфлекс. Прадстаўнікі амбудсмэна таксама паведамілі, што Азімжан Аскараў атрымлівае ін'екцыі глюкозы, вітаміны і медыкаменты для зняцця тэмпературы.

Па словах кіраўніцтва калоніі, зняволеныя не праходзяць тэставанне на каранавірус, паколькі яны практычна ні з кім не кантактуюць. Пры гэтым начальнік медыцынскай часткі калоніі таксама адзначае, што ва ўстанове няма абсталявання для абследавання зняволеных, а таксама не хапае неабходных лекаў. Самат Калыкаў, прэс-сакратар Дзяржаўнай службы выканання пакаранняў, публічна абверг інфармацыю аб пагаршэнні здароўя Азімжана Аскарава, заявіўшы, што з праваабаронцам усё ў парадку.

Арганізацыя Front Line Defenders сур'ёзна занепакоеная пагаршэннем здароўя Азімжана Аскарава, бяздзейнасцю кіраўніцтва калоніі і не прадастаўленнем яму неабходнага лячэння. Гэта асабліва актуальна ў кантэксце распаўсюджвання каранавіруса, улічваючы ўзрост праваабаронцы і той факт, што яго здароўе значна пагоршылася за 10 гадоў, якія ён правёў у зняволенні, падвяргаючыся бесчалавечным умовам і жорсткаму абыходжанню.

Front Line Defenders паўтарае свае неаднаразовыя заклікі да неадкладнага вызвалення Азімжана Аскарава ў адпаведнасці з рашэннем Камітэта ААН па правах чалавека, згодна з якім праваабаронца быў "незаконна затрыманы, утрымліваўся ў бесчалавечных умовах, падвяргаўся катаванням і жорсткаму абыходжанню і быў пазбаўлены магчымасці належным чынам падрыхтаваць сваю абарону для судовага разбору".

Front Line Defenders заклікае ўлады Кыргызстана прадаставіць Азімжану Аскараву неабходную медыцынскую дапамогу, ануляваць вынесены яму прысуд і неадкладна вызваліць праваабаронцу.

Нагадаем, этнічны узбек Азімжан Аскараў займаўся праваабарончай дзейнасцю і журналістыкай. Яго затрымалі пасля сутыкненняў паміж кыргызамі і ўзбекамі на поўдні Кыргызстана ў 2010 годзе, прад'явіўшы абвінавачванне ў арганізацыі беспарадкаў і саўдзеле ў забойстве супрацоўніка міліцыі. Суды розных інстанцый пакінулі прысуд аб пажыццёвым зняволенні ў сіле, у тым ліку Вярхоўны суд.

FIDH патрабуе неадкладнага вызвалення Азімжана Аскарава

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у межах кампаніі #ForFreedom заклікае ўрад Кыргызстана неадкладна вызваліць праваабаронцу Азімжана Аскарава, які адбывае пажыццёвае зняволенне за абарону правоў чалавека. Стан здароўя вязня робіць яго ўразлівым перад #COVID19.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства