viasna on patreon

У турме памёр праваабаронца Азімжан Аскараў

2020 2020-07-25T15:22:57+0300 2020-07-25T17:06:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/azimzhan-askarov_rip.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Азімжан Аскараў. Фота з сайта kloop.kg

Азімжан Аскараў. Фота з сайта kloop.kg

Праваабаронца Азімжан Аскараў памёр раніцай 25 ліпеня. Вядома, што напярэдадні яго перавялі з 19 калоніі ў вёсцы Жаны-Жэр у калонію 47 на медагляд, паведамляе kloop.kg.

У той час як улады Кыргызстана пакуль не даюць каментароў, смерць змагара за правы чалавека пацвердзіла яго калега, праваабаронца Талекан Ісмаілава, а таксама яго адвакат Валяр'ян Вахітаў.

Аскараву было 69 гадоў і ў апошнія дні перад смерцю яго здароўе значна пагоршылася. Хоць адвакат патрабаваў шпіталізацыі праваабаронцы, улады абмежаваліся толькі тым, што прапанавалі этапаваць Аскарава ў калонію №47, у якой знаходзіцца цэнтральная бальніца дзяржслужбы выканання пакаранняў (ГСИН).

"Я засмучаны. Калі мы бачыліся ў апошні раз, яго занеслі да мяне на руках. Я сказаў яму "Трымайцеся, мы вас любім!" і ён заплакаў, ён так плакаў — мабыць адчуваў", — сказаў адвакат Валяр'ян Вахітаў, які стаў адным з апошніх, хто бачыў Аскарава жывым.

Вахітаў чакае ад ДСВП медыцынскія дакументы пра прычыну смерці Аскарова.

Не мог хадзіць і есці

На працягу апошняга тыдня жыцця Аскарава, Вахітаў неаднаразова паведамляў журналістам, што яго падабаронны знаходзіцца ў цяжкім стане, не можа самастойна хадзіць і амаль не есць — яму рабілі ін'екцыі глюкозы.

Аднак у ДСВП працягвалі настойваць, што ў асуджанага да пажыццёвага зняволення праваабаронцы няма праблем са здароўем.

Азімжан Аскараў — адзін з самых вядомых праваабаронцаў Кыргызстана — правёў у зняволенні апошнія 10 гадоў свайго жыцця.

Яго затрымалі 15 чэрвеня 2010 года падчас міжэтнічнага канфлікту на поўдні Кыргызстана — праваабаронцу абвінавацілі ў "арганізацыі масавых беспарадкаў", "распальванні міжнацыянальнай варожасці" і "саўдзеле ў забойстве міліцыянта". Ужо 15 верасня 2010 года суд прысудзіў Аскарава да пажыццёвага зняволення, але ён не прызнаў сваёй віны.

У справе праваабаронцы было шмат нестыковак і супярэчнасцяў: напрыклад, прысуды Аскараву выносілі, у асноўным, толькі на паказаннях міліцыянтаў. Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што Аскарава катавалі, а судовае разбіральніцтва ў дачыненні да праваабаронцы было несправядлівым.

Праваабаронцы звязвалі ганенні супраць Аскарава з яго дзейнасцю — ён быў вядомы сваімі расследаваннямі катаванняў з боку міліцыі.

У 2016 годзе Камітэт ААН па правах чалавека запатрабаваў, каб улады Кыргызстана анулявалі прысуд у дачыненні да Аскарава і неадкладна выпусцілі яго з-пад варты, аднак гэтага так і не адбылося.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае шчырыя спачуванні родным, сябрам і калегам Азімжана Аскарава. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства