Зміцер Паліенка на волі: Многія міліцыянты да нас ставяцца са спачуваннем і сімпатыяй
25 ліпеня актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка нечакана выйшаў з мінскага Ізалятара часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна. У вязня яшчэ засталіся недаседжаныя 30 сутак. Пра гэта паведамляе "Новы час".
Пра тое, што Зміцер Паліенка выйдзе на волю 25 ліпеня, яго жонцы Насце за два дні да гэтага паведаміў дзяжурны ІЧУ. Наста Паліенка з самай раніцы дзяжурыла ля ізалятара, хаця да канца не верыла ў тое, што мужа вызваляць. Але ён сапраўды выйшаў на свабоду пасля 17 сутак зняволення, 15 з якіх адседзеў паводле прысуда 8 ліпеня за заклікі да ўдзелу ў флэшмобе салідарнасці, яшчэ двое — па крымінальнай справе за абразу міліцыянта.
Для самога Змітра вызваленне таксама стала нечаканым.
— Я сам здзівіўся, чаму мяне зараз адпусцілі, таму што ў мяне яшчэ вісяць 15 сутак за парушэнне хатняй «хіміі» і пратакол за нібыта непадпарадкаванне міліцыянтам на маім судзе 8-га ліпеня, агулам 30 сутак, — распавёў Зміцер Паліенка. — А выпусцілі таму, што вырашылі перад 9 жніўя яшчэ пасадзіць.
Па словах актывіста, у межах крымінальнай справы, заведзенай за публікацыю ў сацсетках пасля грубага затрымання журналістаў у Ганцавічах, яго апытвалі, у прыватнасці, пра сувязі з тэлеграм-каналамі NEXTA і «Баста!», але ён адмовіўся нешта казаць без адваката.
Зміцер правёў шэсць дзён на сухой галадоўцы, таксама шэсць дзён адбываў у карцары. За што — невядома. Па словах вязня, умовы ўтрымання ў ізалятары цяпер — самыя жорсткія за ўвесь час, хаця да гэтага ён неаднаразова трапляў на Акрэсціна.
— Умовы проста жудасныя, такое ўпершыню. Ні матрасаў, ні прагулак, ні лазні — нічога няма. І пастаянна карцар, карцар, карцар. А калі я быў у камеры, разлічанай на двух чалавек, нас там было чацвёра. І людзі там заўжды былі асацыяльныя: бяздомныя, з вошамі.
Зміцер Паліенка распавёў, што сядзеў побач з Паўлам Севярынцам, які быў у суседняй камеры.
— Я перадаў яму пасланне ад сваякоў, у мяне была прэса. Адміністрацыя ставіцца да палітычных не вельмі добра, а супрацоўнікі — нармальна. Праз міліцыянтаў мы з ім перадавалі адзін аднаму розныя рэчы, прадукты — а гэта забаронена. Многія з іх да нас ставяцца са спачуваннем і сімпатыяй.
Па словах Змітра Паліенкі, вязням забаронена было перадаваць прэсу, асадкі, канверты, цыгарэты, станкі для галення, але дзякуючы супрацоўнікам ІЧУ ў яго ўсё гэта было.
— Гэта яшчэ раз натхніла мяне на барацьбу з гэтай пачварнай уладай, я спадзяюся на змены, усё залежыць ад кожнага з нас, — падсумоўвае актывіст і дадае, што не сумняецца ў тым, што перад выбарамі яго зноў арыштуюць.