"У мяне скралі прэзідэнта". Жыхарку Гарадку будуць судзіць за фота ў Instagram
24 ліпеня на жыхарку Гарадку Алёну Віннік міліцыянты склалі пратакол за тое, што яна размясціла ў Instagram-stories фотаздымак, на якім трымае аркуш з надпісам "У мяне скралі прэзідэнта". Як паведамляе "Віцебская Вясна", жанчыну вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага пікетавання (ч.1 арт. 23.34 КаАП).
Паводле міліцэйскага пратаколу, Алёна Віннік 14 ліпеня зладзіла на тэрыторыі лыжаролернай трасы на Вераб’ёвых гарах пад Гарадком несанкцыянаванае пікетаваньне – з выкарыстаннем плакату з надпісам "У мяне скралі прэзідэнта" і з размяшчэннем інфармацыі аб мерапрыемстве ў інтэрнэце.
Пратакол на жанчыну склаў супрацоўнік Гарадоцкага РАУС Аляксандр Ярмола.
Паводле самой жанчыны, яна сапраўды зрабіла фота з плакатам, які выпадкова знайшла падчас прагулянкі на роварах з сям'ёй і сябрамі на Вераб’ёвых гарах. Размясціла фота ў гісторыях у сваім Інстаграме. Але Алена Віннік сцвярджае, што гэта ніякім чынам не магло быць ані масавым мерапрыемствам, ані "несанкцыянаваным пікетаваннем".
"Гэта была гісторыя не столькі палітычная, колькі гумарыстычная", – кажа Алёна.
Алёна Віннік не згадзілася са складзеным на яе пратаколам. З матэрыяламі адміністрацыйнай справы яна пакуль не азнаёмілася.
Папярэдне разгляд справы адбудзецца ў судзе Гарадоцкага раёну 30 ліпеня.