viasna on patreon

Пагражалі збіць і адабраць дзіця, ціснулі на шыю і пазванкі. Алена Колікава распавяла пра свае два затрыманні

2020 2020-07-29T15:10:35+0300 2020-07-29T16:40:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kolikava_alena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алена Колікава з Салігорска за апошні месяц была затрымана двойчы, і кожны раз у яе затрыманні прымалі ўдзел супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК). Пасля апошняга затрымання і трох дзён у ізалятары яна выйшла на волю ў статусе падазраванай па крымінальнай справе па арт. 342 КК РБ (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба арушаюць грамадскі парадак) – той самай, па якой зараз праходзіць Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 20 чалавек.

Пасля вызвалення жанчына распавяла “Вясне” падрабязнасці сваіх двух затрыманняў, у прыватнасці пра псіхалагічны і фізічны ціск, які супрацоўнікі ГУБАЗіК аказвалі на яе.

kolikava_alena.jpg
Алена Колікава

У першы раз Алену Колікаву затрымалі 9 ліпеня у Салігорску на падставе таго, што яна была ўдзельніцай тэлеграм-канала “Армія з народам”. У яе кватэры правялі вобшук, забралі частку тэхнікі, а саму яе завезлі у Мінск у будынак ГУБАЗіКа. Адтуль яе павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна, дзе склалі партакол па арт. 17.1 КаАП – за тое, што жанчына нібыта здзейсніла “дробнае хуліганства” ў будынку ГУБАЗіКа. А менавіта, згодна з пратаколам, “паводзіла сябе неадэкватна, гучна крычала, размахвала рукамі, кідалася ў бойку, нецэнзурна лаялася, на зробленую заўвагу спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагавала”.

Ноч яна правяла у ізалятары, пасля чаго была дастаўлена ў суд Цэнтральнага раёна, дзе прадказальна суддзя Іван Касцян прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у 15 базавых (405 рублёў).

На выхадзе з судовай залы да Алены зноў падышлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і вывелі з суда, трымаючы пад рукі. Пасля гэтага Колікаву зноў адвезлі у будынак ГУБАЗіКа, дзе супрацоўнікі Бушыла, Васілічын і Высоцкі пачалі распытваць пра дзейнасць тэлеграм-канала “Армія з народам”, ціснуць маральна, пагражаць збіццём, абражаць і прымушаць пайсці з ГУБАЗіК на супрацоўніцтва.

"Калі я адмовілася напісаць пагадненне аб супрацоўніцтве на канфідэнцыйнай аснове з ГУБАЗіК МУС мяне пачалі абражаць і пагражаць. Гучалі фразы кшталту: “Калі б ты была мужыком, я б цябе ****л!”, “Паедзеш на Акрэсціна, ныркі застудзіш, дзяцей больш ніколі не будзе", Знайшла б сабе мужыка, каб з-пад яго не выпаўзала, тады б некалі было лезці ў палітыку" і г.д", - распавяла Алена Колікава.

Па словах Алены, ціск таксама быў і фізічны – старэйшы оперупаўнаважаны Высоцкі націснуў ёй на плечы і на шэйныя пазванкі, каб тая дала паролі ад тэлеграм-акаўнта. Але яна гэтага не зрабіла.

Падчас гэтай непрацэсуальнай гутаркі Алену прымусілі напісаць тлумачельную і зачытаць яе перад камерай. Пасля падпісання паперы з абяцаннем, што яна не будзе удзельнічаць у экстрэмістскай дзейнасці, яе нарэшце адпусцілі.

Не прайшло і двух тыдняў, як Алену затрымалі ў другі раз. 21 ліпеня яе выклікалі у Салігорскі РАУС, каб яна забрала тэхніку, вынятую падчас першага вобшуку. Але у РАУС яе зноў чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія адвезлі яе у Галоўнае упраўленне Следчага камітэта па Мінску.

Там жанчыне паведамілі, што яна з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе па ч.1. арт. 342 КК РБ, па якой таксама праходзіць Сяргей Ціханоўскі і яшчэ мініму 20 чалавек, і зноў змясціли ў ізалятар.

На наступны дзень у Следчым камітэце яе дапыталі па падзеях 29 траўня у Гродне, дзе яна не прысутнічала і не магла прысутнічаць, бо была ў гэты час на самаізаляцыі. Зноў распытвалі пра тэлеграм-канал “Армія з народам”. Потым Алену прывезлі назад у ІЧУ на Акрэсціна, дзе без адваката яе зноў дапытвалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Ёй зноў пагражалі, на гэты раз тым, што ў яе забяруць дзіця і аддадуць у дзіцячы дом. Алена адмовілася размаўляць з імі.

У пятніцу 24 ліпеня пасля трох сутак затрымання Алена Колікава была вызвалена у статусе падазраванай па крымінальнай справе па арт. 342 КК РБ. У гэты жа дзень у яе дома адбыўся новы ператрус, падчас якога забралі жорсткі дыск кампутара.

Юрыст “Вясны” Алег Пашкевіч акрэсліў тры негатыўныя моманты, якія характэрны для крымінальных спраў па арт. 342 КК РБ, заведзеных падчас цяперашняй выбарчай кампаніі.

Юрыст ПЦ"Па-першае, мы бачым, што ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 342 КК РБ (“Гарадзенская справа”), па якой першапачаткова праходзілі Сяргей Ціханоўскі, яго паплечнікі і мясцовыя жыхары, выкарыстоўваецца для таго, каб затрымліваць людзей, якія ніякага дачынення да падзей 29 траўня у Гародні не маюць. Відавочна, што гэтыя затрыманні, якія ніяк не вядуць да расследвання самой крымінальнай справы, выкарыстоўваюцца для таго, каб правесці ў цікавых для сілавікоў людзей вобшукі і потым прымушаць іх казаць без адвакатаў пра тыя рэчы, якія да справы зусім не адносяцца.

Па-другое, з затрыманымі па справе цяпер працуюць не толькі следчыя са Следчага камітэту, (якія расследуюць справу у рамках якой адбыліся затрыманні), але і супрацоўнікі ГУБАЗіК, да якога,  фактычна, перайшлі функцыі палітычнага сыску. Прычым супрацоўнікі ГУБАЗіК выкарыстоўваюць гэтыя “размовы” не для расследвання існуючай справы, а ў нейкіх іншых мэтах.

Па-трэцье, не маючы дастатковай колькасці доказаў па справе, не маючы ніякай іншай магчымасці спыніць грамадскую акутыўнасць, нашыя “праваахоўныя органы” апускаюцца да таго, што ціснуць на людзей праз іх дзяцей. Забраць дзяцей пагражалі жонцы Уладзіміра Навуміка, з праверкай прыходзілалі да жонкі Васіля Баброўскага, такі самы ціск ажыццяўляўся на Сяргея Лук’янава і яго жонку, тое самае мы бачым і у сітуацыі з Аленай Колікавай".

Рэквізіты для збору сродкаў на дапамогу Алене Колікавай у аплаце штрафу:

6711 7700 1798 6907

07/22

(BELARUSBANK)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства