Еўрапейскія дэпутаты працягваюць акцыю падтрымкі беларускіх палітзняволеных
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, яшчэ тры дэпутаты сталі “хроснымі” палітычных зняволеных у Беларусі. Радаслаў Сікорскі (Еўрапейскі парламент, Грамадзянская платформа, Польшча), Гідэ Енсэн (Бундэстаг, FDP, Германія) і Эрык Маркард (Еўрапейскі парламент, Бюндніс 90/Зялёныя, Германія) патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
Радаслаў Сікорскі, сябра камітэта па замежных справах у Еўрапарламенце і былы міністр замежных справаў Польшчы, узяў “шэфства” над Сяргеем Ціханоўскім. Ён тлумачыць:
“Я настойваю на неадкладным вызваленні Сяргея Ціханоўскага, які, як папулярны патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, быў арыштаваны і ўзяты пад варту ў якасці падазраванага па неабгрунтаваных абвінавачаннях. Яго затрыманне з'яўляецца часткай чарговага маштабнага наступу на правы чалавека ў Беларусі. Гэтыя дзеянні, развязаныя прэзідэнтам Лукашэнкам, патрабуюць актыўнай еўрапейскай рэакцыі. Як адзін з заснавальнікаў Усходняга партнёрства, я баюся, што падобныя парушэнні дэмакратычных працэдур выбараў сур'ёзна пагражаюць будучаму партнёрству Беларусі з ЕС”.
Гідэ Енсэн, старшыня Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе ў нямецкім Бундэстагу, заявіла з нагоды свайго рашэння стаць “хроснай” палітзняволенага Арцёма Сакава:
“Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі сістэматычна ігнаруе правы сваіх грамадзян і замоўчвае апазіцыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мы не можам проста маўчаць, калі ў сярэдзіне Еўропы дыктатар топча верхавенства закона і дэмакратыю. Ад імя ўсіх адвольна зняволеных актывістаў апазіцыі, журналістаў і дэманстрантаў, я заклікаю неадкладна вызваліць Арцёма Сакава. Усе, хто мае адвагу адстойваць свае грамадзянскія свабоды, павінны мець падтрымку міжнароднай супольнасці”.
Дэпутат Еўрапарламента Эрык Маркард стаў “хросным” палітзняволенага Дзмітрыя Фурманава. Ён сказаў:
“Вядома, што ў Беларусі няма свабодных і сумленных выбараў. Але рэжым Лукашэнкі не спыняецца і саджае ў турму сябраў выбарчай каманды Святланы Ціханоўскай пасля пікета 29 траўня. Сярод іх і Дзмітрый Фурманаў. Яго пасадзілі ў турму за падтрымку апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах. Таму рэжым абвінавачвае яго ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія могуць паставіць пад пагрозу грамадскі парадак. Калі падтрымка кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах ужо лічыцца пагрозай грамадскаму парадку, гэта паказвае сутнасць рэжыму ў Мінску. Гэта не дэмакратыя. Я заклікаю неадкладна вызваліць Дзмітрыя Фурманава і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі”.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco - Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.
Кампанія салідарнасці працягваецца. “Хросныя” з’явіліся ў Статкевіча, Севярынца і Ушака