viasna on patreon

Затрыманні ў Светлагорску і Хойніках

2020 2020-08-02T12:01:37+0300 2020-08-02T12:01:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vasilkou-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Яўген Васількоў. Скрыншот з відэа.

Яўген Васількоў. Скрыншот з відэа.

Увечары 1 жніўня ў Светлагорску каля раённага аддзялення міліцыі амапаўцы затрымалі мясцовых жыхароў Юлію Дудко і Арцёма Данілава, якія прыйшлі ў РАУС даведацца пра лёс затрыманых тры дні таму іх сяброў.

"На гэтым тыдні ў горадзе адбылося надзвычайнае здарэнне: згарэў аўтамабіль кагосьці з мясцовых чыноўнікаў. У выніку ў горадзе пачаліся аблавы - супрацоўнікі АМАП затрымлівалі веласіпедыстаў і актывістаў. Тры дні таму было затрымана восем чалавек. Двое з іх да гэтага часу ў міліцыі. Пра іх лёс і прыйшлі даведацца ў РАУС сябры", - паведаміла БелаПАН праваабаронца Алена Маслюкова.

Па яе словах, у дзяжурнай частцы міліцыі адказалі, што затрыманыя сёння на свабоду не выйдуць.

"Нечакана з будынка РАУС выйшлі супрацоўнікі АМАП і схапілі Юлію Дудко, якая прыйшла даведацца пра лёс хлопцаў. Яны не прадстаўляліся, не тлумачылі прычын затрымання, толькі сказалі, што "вядзецца адміністрацыйны працэс". Мы з Арцёмам Данілавым пасля затрымання Юліі пайшлі крыху далей ад РАУС. Але за намі пабеглі супрацоўнікі АМАП, і затрымалі Арцёма Данілава. Я прасіла іх прадставіцца, растлумачыць прычыны затрымання - дарэмна", - сказала праваабаронца.

Пазней яна даведалася ў міліцыі, што Дудко і Данілава пакінулі ў міліцыі да суда, які адбудзецца ў панядзелак, 3 жніўня. Дудко ставяць у віну парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП). "Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў велапрабегах салідарнасці, якія праходзілі ў Светлагорску. Маўляў, каталася на ровары — вінаватая", - сказала Маслюкова. У чым абвінавачваюць Данілава, невядома.

Дзяжурны Светлагорскага РАУС адмовіўся даць БелаПАН якую-небудзь інфармацыю пра затрыманых.

А ў  пятніцу 31 ліпеня, супрацоўнікі міліцыі затрымалі механізатара Яўгена Васількова, аўтара Youtube-канала «Хойнікі для жыцця».

Радыё Свабода піша, што ён вядомы сваім эмацыйным выказваннем пра выбары і ўдзел у іх настаўнікаў. Гэтае відэа сабрала больш за 93 тысячы праглядаў.​

29 ліпеня ў Хойніках праходзіў пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай. На ім прысутнічалі каля 300 чалавек. Быў на пікеце і Яўген Васількоў.

«У пятніцу да яго на працу — ён працуе цяпер на фермера, прыехала міліцыя. І яго затрымалі, пакінулі да суду пад вартай. Суд будзе ў панядзелак. Прычыну патлумачылі такую, што нібыта не падпарадкаваўся міліцыі. Як такое можа быць? Напэўна, гэта была толькі нагода, каб затрымаць яго», — паведаміла Свабодзе Таццяна, жонка Яўгена Васількова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства