viasna on patreon

Праваабаронца паскардзіўся ў суд на барысаўскія бальніцы на непрадастаўленне інфармацыі па COVID-19

2020 2020-08-03T16:23:50+0300 2020-08-03T16:45:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mackevich_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У суд Барысаўскага раёну са скаргай звярнуўся праваабаронца “Вясны” Алег Мацкевіч. Ён абскарджвае адмову ў прадстаўленні дэталёвай інфармацыі па эпідэміялагічнай сітуацыі ў сувязі з COVID-19 у барысаўскім раёне з боку УАЗ “Барысаўская цэнтральная раённая бальніца”, УАЗ “Барысаўская бальніца №2”, ДУ “Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.

Праваабаронца
Праваабаронца "Весны"Алег Мацкевіч

Праваабаронца адзначае, што ні на сайтах ДУ “Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, Цэнтральнай раённай бальніцы, Барысаўскай бальніцы №2, ні ў дзяржаўнай прэсе, якая фактычна мае манаполію на падобную інфармацыю, немагчыма знайсці звесткі па колькасці захварэўшых, колькасці тых, хто знаходзіцца на лячэнні, памёр, выздаравеў, знаходзіцца ў рэанімацыі ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 у барысаўскім раёне. Немагчыма таксама атрымаць інфармацыю аб тым, якімі матэрыяльнымі, тэхнічнымі і іншымі рэсурсамі валодаюць медыцынскія ўстановы Барысаўшчыны для барацьбы з эпідэміяй. Праваабаронца “Вясны” адзначае, што такая практыка з’яўляецца парушэннем правоў грамадзян Беларусі.

Раней з нагоды парушэння Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў у галіне абароны правоў чалавека па сітуацыі, якая склалася вакол інфармавання грамадзян адносна распаўсюджання інфекцыйнай хваробы COVID-19, праваабаронца звяртаўся да спецыяльных дакладчыкаў ААН. 

Таксама праваабаронца звяртаўся ў раённую і Генеральную пракуратуру, галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінскага абласнога выканкаму і “Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, “Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”. Але ўсюды яму адказвалі, што ўся інфармацыя па COVID-19 адпраўляецца ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінскага абласнога выканкаму, або Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а потым даводзіцца да грамадзян міністрам аховы здароўя і прэс-службай Міністэрства аховы здароўя. Але адказу на сваё пытанне, чаму не даецца такая ж самая інфармацыя па барысаўскім раёне, Алег Мацкевіч не атрымаў. Фактычна, усе яго звароты засталіся без разгляду па сутнасці.

“Адмова ў прадастаўленні поўнай, дакладнай, своечасовай інфармацыі па сітуацыі з COVID-19 у межах барысаўскага раёну парушае маё права як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і жыхара барысаўскага раёну на фармаванне і выказванне аб’ектыўнага меркавання адносна стану асяроддзя пражывання, пагрозаў і выклікаў, звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, што ў выніку прыводзіць да прыняцця неадпаведных рэчаіснасці рашэнняў і паводзінаў, небяспечных для майго здароўя і жыцця, здароўя і жыцця асобных людзей і грамадства ў цэлым”, – адзначае праваабаронца.

Алег Мацкевіч просіць суд прызнаць адмову барысаўскіх бальніц даваць дэталёвую інфармацыю па эпідэміялагічнай сітуацыі ў сувязі з COVID-19 у барысаўскім раёне незаконнай і абавязаць бальніцы размяшчаць такцую інфармацыю на сваіх сайтах, а таксама ў мясцовай раёнцы “Адзінства”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства