viasna on patreon

“Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі

2020 2020-08-05T14:00:50+0300 2020-08-05T14:04:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ales_bialiacki_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

Алесь Бяляцкі. Фота: Bymedia.net

Праваабаронца Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра падзеі дзевяцігадовай даўніны і пра тое, што сёння адбываецца ў краіне.

“Барацьба за незалежную дэмакратычную Беларусь ідзе апошнюю чвэрць стагоддзя, – кажа праваабаронца. – Яна яшчэ не скончана і працягваецца. Я ўпэўнены, што тыя асабістыя ахвяры, якія людзі зараз прыносяць дзеля дэмакратыі, яны не дарэмныя. Таму і я не шкадую, што ў свой час мне давялося пабываць ў турме…”

4 жніўня адзначаўся Міжнародны Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі. Менавіта ў гэты дзень ў 2011 годзе пад арыштам апынуўся Алесь Бяляцкі, адзін з вядучых праваабаронцаў Беларусі, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна».

– Зараз на сайце “Вясны” друкуюцца мае ўспаміны, якія якраз і прысвечаны таму перыяду, – кажа Алесь Бяляцкі. – Напісаў пра затрыманне, пра першыя дні і месяцы ў СІЗА на Валадарскага, пра суд…

Зрабіў пэўную працу па фіксацыі таго, што было, і, апроч гэтага, у мінулым годзе выйшлі “Турэмныя сшыткі” – дзённік, частка якога таксама прысвечаны зняволенню на “Валадарцы”.

Дзевяць гадоў прайшло з моманту майго арышту, але я і да гэтага часу добра памятаю той дзень і саму атмасферу, якая тады была.

— Калі параўноваць падзеі дзевяцігадовай даўніны з тым, што адбываецца сёння…

— Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю, бо ў тым, што мы бачым у краіне апошнія 2-3 месяцы, і ў тым, што адбывалася ў Беларусі пасля выбараў 2010 году, можна знайсці шмат паралеляў.

Зараз у грамадства ёсць вялікае жаданне змяніць сітуацыю, усё-такі вярнуць краіну на дэмакратычны шлях развіцця. З’явіліся дзесяткі людзей, якіх абвінаваюць у крымінальных злачынствах, і іх справы маюць палітычны падтэкст. Сотні людзей праходзяць праз адміністрацыйныя затрыманні і суды.

Увогуле, ствараецца атмасфера страху і беззаконня, што паўтарае сітуацыю, якая была пасля выбараў 2010 году.

Відавочна, калі мы забываем ці імкнемся не думаць пра тое, што жывем у краіне, у якой адсутнічаюць дэмакратычныя законы і справядлівае правасуддзе, у якой на першым месцы стаіць не закон, а інтарэсы правячай клікі, то вострыя перыяды нашай гісторыі ізноў нас вяртаюць да сумнай рэчаіснасці.

— А якія адрозненні паміж выбарчай кампаніяй 2010 году і сёлятняй?

– Асноўнае адрозненне – гэта тое, што сёння пераважная большасць людзей не падтрымлівае рэжым. У 2010 годзе падняццем заробкаў, пенсій, дзякуючы эканамічнай падтрымцы Расіі, кіраўнік Беларусі адчуваў сябе больш упэўнена, і частка людзей не хацела глядзець аб’ектыўна на правы і свабоды ў краіне.

Зараз гэтага няма, а эканамічная сітуацыя, мякка кажучы, не зусім добрая. І гэта, натуральна, актывізавала народныя масы. Сотні тысяч людзей і нават мільёны рэальна хочуць зменаў.

З аднаго боку мы бачым, што ўлада не хоча сыходзіць, таму вельмі верагодна, што колькасць палітвязняў у краіне ў бліжэйшы час павялічыцца. З іншага боку дэмакратычныя свабоды не даюцца проста так. За іх трэба цярпець. І той факт, што за апошнія 26 год колькасць палітычных зняволеных ужо складае некалькі сотняў чалавек, гаворыць пра тое, што барацьба за незалежную дэмакратычную Беларусь ідзе ўвесь гэты час.

Яна яшчэ не скончана і працягваецца. Упэўнены, што тыя асабістыя ахвяры, якія людзі зараз прыносяць дзеля дэмакратыі, справядлівага ладу ў краіне, яны не дарэмныя. Таму і я не шкадую, што ў свой час мне давялося пабываць у турме. Гэта такі натуральны працэс сталення беларускага народа і барацьбы за свае правы і свабоды, які бесперапынна адбываецца апошнюю чвэрць стагоддзя.

– Што чакае нас пасля 9 жніўня?

– Складана рабіць нейкія прагнозы, але, думаю, будуць вельмі напружаныя дні.

У той жа час я заклікаю беларускія ўлады не прымяняць гвалт супраць мірных дэманстрантаў, таму што гэта – крымінальнае злачынства, якое не забудзецца і застанецца. Гэта будзе не толькі на сумленні Аляксандра Лукашэнкі, які трымаецца за ўладу рукамі і нагамі, але і тых, хто будзе выконваць гэтыя загады.

Таму трэба быць усім максімальна стрыманымі і памятаць, што беларускія грамадзяне маюць права на выказванне свайго меркавання ў выглядзе мірных дэманстрацый. Ужыванне сілы супраць мірных людзей нічым не абгрунтаванае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства