viasna on patreon

Суткі і штрафы. У Слуцку асудзілі ўдзельнікаў адмененага мітынгу Ціханоўскай Дапоўнена

2020 2020-08-06T12:36:00+0300 2020-08-06T16:37:04+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ckewr__bun_nn_20200804-1108-51i9s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У аўторак, 4 жніўня, у Слуцку планаваўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак у апошні момант мясцовы райвыканкам адмяніў мітынг, а міліцыя і АМАП пачалі затрымліваць людзей, якія прыйшлі на выбарчы пікет. Вядома, што 4 жніўня ў Слуцку было затрымана не менш за 20 чалавек. Траіх, прадстаўнікоў СМІ і непаўнагадовага, адпусцілі 4 жніўня. Астатніх пакінулі на ноч у слуцкім ізалятары часовага ўтрымання. Як вядома, на затрыманых склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). 

Затрыманне ў Слуцку. Фота:
Затрыманне ў Слуцку. Фота: "Наша Ніва"

Як паведамляе праваабаронца "Вясны" Юрый Мяцельскі, суды над затрыманымі чакаліся з раніцы 5 жніўня. Але адміністрацыйныя справы некаторых затрыманых прывезлі ў суд толькі пасля абеду. Саміх жа затрыманых у суд не даставілі, судзяць па відэасувязі праз Skype. Хаця ізалятар знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад суда.

У 14:30 суддзя суда г. Слуцка Аляксандр Шутко будзе разглядаць адміністрацыйныя справы па ч. 1 арт. 23.34 КаАП Віталя Амяльковіча, Уладзіслава Глазкова, Ягора Пятровіча, Дзмітрыя Калюшкіна.

Суд над Віталём Амяльковічам. 5 сутак арышту

Першым судзяць слуцкага актывіста Віталя Амяльковіча. Ён не прызнае віну і кажа, што ішоў на дазволенае мерапрыемства. Забароны або адмены мерапрыемства ён не бачыў і не чуў. Распавёў, што супрацоўнікі міліцыі перапісвалі на яго пратакол: па першым пратаколе Амяльковіч выказваў падтрымку Святланы Ціханоўскай, а па другім — выказваў пратэст супраць улады. Віталь Амяльковіч настойвае, што супрацоўнікі міліцыі яго пазналі як актывіста і мэтанакіравана затрымлівалі яго. Гэтага не адмаўляў і сведка начальнік Слуцкага РАУС Аляксандр Голікаў. Ён пацвердзіў, што ведае Амяльковіча асабіста, бо той з'яўляецца сталым удзельнікам "Слуцкага збройнага чыну" і "яркай асобай". Прадстаўнік РАУС настойвае, што мерапрыемства было незаконнае, што яго загадзя адмянілі, што пацвярджаецца выступам прадстаўніцы штаба Ціханоўскай Вольгі Кавальковай каля Моладзевага цэнтра. Таксама пра гэта паведамляў на месцы сходу супрацоўнік міліцыі. Калі людзі не разыходзіліся, потым былі "кропкава затрыманыя актыўныя ўдзельнікі". Голікаў кажа ў судзе, што "скапленне людзей — гэта ўжо незаконнае дзеянне". І наогул Віталю Амяльковічу, ён "давёў у вочы" аб забароне масавага мерапрыемства.

У якасці сведак на гэты працэс таксама выклікалі начальніка аддзела правапарадку Аляксандра Цося, прадстаўніка аддзела па справах непаўнагадовых Аляксандра Дзядка, начальніка аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Вячаслава Рэута, намесніка начальніка Аляксандра Семяновіча.

Начальнік аддзела правапарадку Цось на судзе сцвярджае, што Віталь Амяльковіч "бегаў ад кучкі да кучкі людзей, казаў "не бойцеся, падтрымліваем, скандуем", а потым збег у краму". Цось упэўнены, што ён не абавязаны прадстаўляцца пры затрыманні.

У выніку суддзя Аляксандр Шутко пакараў Віталя Амяльковіча 5 суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Штрафы затрыманым 4 жніўня

Затрыманага 4 жніўня Уладзіслава Глазкова судзяць таксама па відэасувязі праз Skype з ізалятара часовага ўтрымання. Хаця ізалятар знаходзіцца ў крокавай даступнасці да суда.

Уладзіслаў Глазкоў распавядае, што накіроўваўся з трэніроўкі, а не ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі. Скайп пры допыце Уладзіслава завісае. У якасці сведак былі дапрошаныя начальнік аддзела правапарадку Аляксандр Цось і затрыманы 4 жніўня Дзмітрый Калюшкін. У выніку суддзя аштрафаваў Уладзіслава Глазкова на 3 базавыя велічыні (81 беларускіх рублёў) па ч.1 арт. 23.34 КаАП.

Таксама стала вядома, што слуцкі суд аштрафаваў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве затрыманых 4 жніўня:

  1. Анатоля Шукарскага — на 3 базавых (81 рубль),
  2. Вячаслава Мялешку — на 2 базавых (54 рублі),
  3. Ягора Пятровіча — на 3 базавыя (81 рубль),
  4. Дзмітрыя Калюшкіна — на 3 базавыя (81 рубль),
  5. Максіма Буткевіча — на 3 базавыя (81 рубль),
  6. Уладзіміра Кульбіцкага — на 3 базавыя (81 рубль),
  7. Вадзіма Крэпскага — на 2 базавых (54 рублі),
  8. Іллю Крота — на 3 базавыя (81 рубль),
  9. Дзмітрыя Мяцелю — на 3 базавыя (81 рубль),
  10. Аляксандра Аляксейку — на 3 базавыя (81 рубль),

Уладзіслава Загарэя слуцкі суд асудзіў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Які агульны вынік судоў 5 жніўня ў Слуцку?

Такім чынам, Слуцкі гарадскі суд 5 жніўня асудзіў за ўдзел у адмененым мітынгу Святланы Ціханоўскай 4 жніўня 13 чалавек. Дваіх чалавек асудзілі на 5 сутак арышту, астатніх у агульнай суме аштрафавалі на 837 беларускіх рублёў. У ізалятары часовага ўтрымання засталіся да суда яшчэ тры чалавекі: Дзмітрый Заяц, Валянцін Шчарбіцкі, Анатоль Балакір, Валерый Хадаровіч. Верагодна, над імі суды адбудуцца заўтра, 6 жніўня. Таксама пратакол складзены па ч. 1 арт. 23.34 КаАП на непаўнагадовага Данііла Раткіна.

У Слуцку асудзілі журналістку на 5 базавых штрафу

Стала вядома, што суд над затрыманай 4 жніўня журналісткай "Новага Часу" Зінаідай Цімошак прызначаны на 6 жніўня ў 10 раніцы ў Слуцкім гарадскім судзе. Як паведамляе "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Зінаіду судзяць паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП, хаця 4 жніўня яна асвятляла як журналістка падзеі ў Слуцку. Пратакол з новымі фармулёўкамі перапісалі 5 жніўня.

На судзе 6 жніўня журналістку суддзя Аляксандр Шутко асудзіў яе на 5 базавых велічыняў штрафу (135 рублёў).

Суды 6 жніўня

З вечара 4 жніўня ў ізалятары часовага ўтрымання чакаў суд Анатоль Балакір. Ён на судзе заявіў, што пры затрыманні быў збіты супрацоўнікамі АМАПу. Сведкам на яго судзе выступіў усё той жа начальнік аддзела правапарадку Аляксандр Цось. Ён выступаў сведкам на большасці працэсах па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях 4 жніўня, за гэта случакі яго празвалі "карусельшчыкам".

У выніку суддзя Аляксандр Шутко аштрафаў Анатоля Балакіра, які пасля брутальнага затрымання амапаўцамі на акцыі правёў дзве ночы ў ІЧУ, на 3 базавыя (81 рубль).

На 3 базавыя (81 рубль) асудзілі таксама Дзмітрыя Зайца. Справу разглядала суддзя Нарута. Гэтая ж суддзя разгледзела справу і Валерыя Хадаровіча. Яго аштрафавала на 8 базавых (216 рублёў).

Такім чынам, па інфармацыі праваабаронцы "Вясны" Юрыя Мяцельскага, па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у адмененым мітынгу Святланы Ціханоўскай слуцкі суд за два дні асудзіў 18 чалавек. Дваіх, актывіста Віталя Амяльковіча і врача Уладзіслава Загарэя, асудзілі на 5 сутак арышту. Журналістку "Новага Часу" Зінаіду Цімошак аштрафавалі на 5 базавых велічыняў (135 рублёў), астатніх на — 2-3 базавыя велічыні. Такім чынам, 16 чалавек аштрафавалі ў агульнай суме на 1 350 рубля.

 Спіс затрыманых 4 жніўня ў Слуцку:

  1. мясцовы актывіст Віталь Амяльковіч,
  2. рэдактар мясцовага выдання "SlutskGorod" Уладзь Ярота (выпусцілі 4 жніўня без пратаколу),
  3. Уладзіслаў Загарэй,
  4. Вадзім Крэпскі,
  5. Максім Буткевіч,
  6. Дзмітрый Калюшкін,
  7. Уладзіслаў Глазкоў,
  8. Дзмітрый Заяц,
  9. Ілля Крот,
  10. карэспандэнтка газеты "Новы Час" Зінаіда Цімошак (выпусцілі 4 жніўня з пратаколам па ч. 1 арт. 23.34 КаАП),
  11. Уладзімір Кульбіцкі,
  12. Валянцін Шчарбіцкі,
  13. Анатоль Балакір,
  14. Вячаслаў Мялешка,
  15. Дзмітрый Мяцеля,
  16. Ягор Пятровіч,
  17. непаўнагадовы Данііл Раткін (выпусцілі 4 жніўня з пратаколам па ч. 1 арт. 23.34 КаАП),
  18. Валерый Хадаровіч,
  19. Аляксандр Аляксейка,
  20. Анатоль Шкурскі.

У Слуцку і Салігорску пасля адмен мітынгаў Ціханоўскай пачаліся затрыманні. Спіс затрыманых

У аўторак, 4 жніўня, у Слуцку планаваўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Аднак у апошні момант мясцовы райвыканкам адмяніў мітынг, а міліцыя і АМАП пачалі затрымліваць людзей, якія прыйшлі на выбарчы пікет. Вядома, што 4 жніўня ў Слуцку было затрымана не менш за 20 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства