Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязня Сяргея Коршуна
У сувязі з тым, што праваабаронцам стала вядома, што блогер тэлеграм-канала “Армія з народом” Сяргей Коршун абвінавачваецца па ч.1 і ч.2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), праваабарончая супольнасць Беларусі заяўляе аб прызнанні яго палітычным зняволеным.
Удзельніку тэлеграм-канала "Армія з народам" Сяргею Коршуну прад'явілі абвінавачванне
Згодна з прад’яўлнымі абвінавачваннямі Сяргей Коршун абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак пры правядзенні пікету па зборы подпісаў ініцыятыўнай групай па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай 29 мая 2020 г. у г. Гродна і такім чынам з’яўляецца чарговым фігурантам так званай “справы Ціханоўскага”.
Пры прыняцці гэтага рашэння праваабаронцы кіраваліся раней прынятымі заявамі беларускай праваабарончай супольнасці ад 1, 9 і 11 чэрвеня 2020 года аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў "справы Ціханоўскага”.
На падставе гэтага беларускія праваабаронцы патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення Сяргея Коршуна і спынення распачатага ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.
Нагадаем, што Сяргей Коршун быў затрыманы міліцыяй 21 ліпеня ў г. Мінску разам з яшчэ адным блогерам тэлеграм-канала “Армія з народам” Сяргеем Лук’янавым.
З таго часу Сяргей Коршун знаходзіцца пад вартай ў СІЗА № 1.