У Магілёве затрыманыя журналіст Аляксандр Буракоў-старэйшы і актывіст Аляксандр Хамратаў
Як паведамляе mspring.online, журналіст і праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў-старэйшы быў спынены патрулём ДАІ каля 19 гадзін на вуліцы Касманаўтаў. Паводле яго слоў, супрацоўнік дзяржаўтаінспекцыі маёр Рубанаў заявіў, што падазрае Буракова у «транспарціроўцы кантрафактнага алкаголю» і запатрабаваў адкрыць багажнік.
Алкаголю там знойдзена не было, і пасля гэтага маёр Рубанаў паведаміў Буракову, што аўтамабіль, на якім журналіст ездзіць з 2013 года, можа быць ва ўгоне. Міліцыянт праверыў ідэнтыфікацыйны нумар машыны (VIN) і заявіў, што Буракоў затрыманы – нібыта, VIN можа быць фальшывым.
Пазней стала вядома, што супрацоўнікі ДАІ затрымалі магілёўскага актывіста Аляксандра Хамратова. Як паведаміў праваабаронца “Магілёўскай вясны” Барыс Бухель, Хамратаву ставяць у віну “непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка ДАІ” – нібыта, не прадаставіў пасведчанне кіроўцы на запатрабаванне міліцыі.
На дадзены момант (19:50) абодва знаходзяцца ў Ленінскім РАУС.