viasna on patreon

Дваццаць пяць ПЭН-цэнтраў выступілі з заявай супраць рэпрэсій у Беларусі

2020 2020-08-06T15:29:54+0300 2020-08-06T15:29:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanni-minsk-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Мінску. Фота: Радыё Свабода.

Затрыманні ў Мінску. Фота: Радыё Свабода.

Супольная заява Міжнароднага ПЭН-клуба і Беларускага ПЭН-цэнтра

Міжнародны ПЭН-клуб, Беларускі ПЭН-цэнтр і 23 іншыя ПЭН-цэнтры надзвычай занепакоеныя сістэматычнымі парушэннямі права на свабоду выказвання і іншых правоў чалавека, без якіх немагчымы дэмакратычны ўдзел палітычных апанентаў і ўсіх нязгодных у прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў Беларусі 9 жніўня 2020 года.

«Больш за 20 вязняў беларускіх турмаў на сёння прызнаныя палітычнымі зняволенымі, – заявіла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Святлана Алексіевіч. –  Сярод іх – блогеры і журналісты, мецэнаты культуры, тыя, хто ў 2020 годзе абудзілі беларускае грамадства, упершыню за 26 гадоў стварыўшы сур’ёзную канкурэнцыю аўтарытарнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сёння беларускія пісьменнікі становяцца побач з народам, бо гісторыя ствараецца на вуліцах і плошчах, а не за сталамі. Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў. Мы заклікаем да павагі свабоды слова і іншых палітычных правоў і выказваем надзею на свабодныя і празрыстыя выбары 9 жніўня ў Беларусі».

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта з 6 мая па 31 ліпеня 2020 года 204 палітычныя актывісты, журналісты, блогеры і ўдзельнікі мірных сходаў атрымалі адміністрацыйныя арышты агульнай колькасцю 2937 дзён у адпаведнасці з адміністратыўным заканадаўствам, якое звычайна выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу. І гэта без уліку шматлікіх штрафаў. Амаль на 30 чалавек заведзеныя крымінальныя справы па сфабрыкаваных абвінавачваннях у эканамічных злачынствах альбо арганізацыі масавых беспарадкаў. Сярод іх блогер Сяргей Ціханоўскі, які планаваў балатавацца ў прэзідэнты ў якасці «кандыдата пратэсту», а таксама іншыя блогеры, якія яго падтрымалі. Паводле надзейных звестак, Ціханоўскі ўтрымліваецца ў нечалавечых умовах.

Таксама сярод палітвязняў — журналіст і палітык Павел Севярынец, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча 2007 года і прэміі імя Францішка Аляхновіча 2014 года. Ён быў затрыманы каля свайго дома пасля ўдзелу ў перадвыбарчым пікеце 7 чэрвеня 2020 года і цяпер адбывае некалькі адміністратыўных арыштаў, што прызначаюцца адзін за адным, яго вінаваць у тым ліку ў парушэнні правілаў арганізацыі і правядзення сходаў.

«Мы вельмі занепакоеныя ўмовамі ўтрымання Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага, – заявіў Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні». — Напрыклад, пасля арышту Павел Севярынец знаходзіўся ў адзіночнай камеры, яму не дазвалялі бачыцца з адвакатам і атрымліваць перадачы ад родных. Асабліва нас непакояць паведамленні пра тое, што Севярынец зазнае жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, якое сярод іншага ўключае пазбаўленне сну і не задавальненне асноўных гігіенічных патрэбаў, пазбаўленне магчымасці займацца спортам і насіць належнае адзенне. Павел Севярынец павінен быць вызвалены безумоўна і без дадатковых затрымак, а абвінавачванні ў жорсткім абыходжанні з ім павінны быць неадкладна і эфектыўна расследаваны».

18 чэрвеня былі затрыманыя кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, філантроп і былы генеральны дырэктар Белгазпрамбанка, і яго сын Эдуард Бабарыка, які ўзначальваў платформы Улей і MolaMola. Віктар быў вялікім прыхільнікам беларускага мастацтва і літаратуры, а Эдуард праз платформы, якія ён узначальваў, адыгрываў важную ролю ў падтрымцы незалежных культурніцкіх праектаў.

Арышт прэтэндэнтаў на пост Прэзідэнта і іх прыхільнікаў выклікаў масавыя акцыі пратэсту, падчас якіх людзі патрабавалі спыніць 26-гадовае кіраванне Лукашэнка, вызваліць палітвязняў і правесці сумленныя выбары. Падчас гэтых пратэстаў супрацоўнікі сілавых структур збілі некалькіх журналістаў і не менш за 62 журналісты былі затрыманыя толькі за тое, што выконвалі свой прафесійны абавязак. Напрыклад, журналісту “Радыё Свабода” Антону Трафімовічу падчас затрымання 15 ліпеня разбілі нос; супраць Ігара Лосіка, адміністратара тэлеканала “Беларусь галаўнога мозгу” і беларускага кансультанта “Радыё Свабода”, які знаходзіцца ў турме КДБ з 25 чэрвеня, была ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Рэпрэсіі супраць нязгодных таксама не абмяжоўваюцца гучнымі справамі, непасрэднымі палітычнымі апанентамі і журналістамі, але распаўсюджваюцца на любога, хто выказвае крытыку ўлады: ад музейных гідаў да музыкаў, тэлевядучых і многіх іншых спецыялістаў, якія страцілі працу, бо наважыліся крытыкаваць уладу.

«Зразумела, што, калі палітычных апанентаў саджаюць у турму, калі журналістаў арыштоўваюць за інфармацыю пра акцыі пратэсту і палітычныя падзеі, а  звычайных грамадзян караюць за мірнае выказванне сваіх поглядаў, свабодныя і сумленныя выбары немагчымыя, – сказаў Эмануэль Перэ, старшыня Камітэта «Пісьменнікі за мір». – Беларускія ўлады павінны спыніць пераслед па палітычных матывах і зняць усе перашкоды дэмакратычным працэсам».

Заяву падпісалі:

Міжнародны ПЭН-клуб

Беларускі ПЭН-цэнтр

ПЭН Бразіліі

ПЭН Чэхіі

ПЭН Даніі

ПЭН Англіі

ПЭН Эстоніі

ПЭН Эфіёпіі

ПЭН Францыі

ПЭН Германіі

Незалежны ПЭН Кітая

ПЭН Новай Зеландыі

ПЭН Амерыкі

ПЭН Бангладэшу

ПЭН Харватыі

ПЭН Нідэрландаў

ПЭН Нарвегіі

ПЭН Французскай Швейцарыі

ПЭН Турцыі

ПЭН Украіны

ПЭН Зімбабвэ

ПЭН Польшчы

ПЭН Румыніі

ПЭН Сан-Мігель-дэ-Альендэ

Шведскі ПЭН

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства