viasna on patreon

Хроніка пераследу актывістаў 7 жніўня: затрыманні, вобшукі, суды Дапоўнена

2020 2020-08-07T14:40:00+0300 2020-08-08T13:48:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/milicija_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па ўсёй Беларусі сёмага жніўня працягваецца пераслед актывістаў: затрыманні, ціск, вобшукі і суды. “Вясна” збірае такія факты пераследу з розных гарадоў краіны. 

Інфармацыя абнаўляецца і дапаўняецца.

Затрыманні, вобшукі, міліцыя каля дамоў. Хроніка пераследу актывістаў шостага жніўня

Шостага жніўня ў розных гарадах Беларусі працягваюцца затрыманні, ціск на актывістаў, вобшукі і суды. “Вясна” сочыць за развіццём падзей і збірае факты са ўсёй краіны.

Мінск

Каля 7 раніцы ў дом актывісткі Вольгі Нікалайчык грукаліся супрацоўнікі міліцыі. Верагодна, яе хацелі забраць для адбыцця неадбытых адміністрацыйных "сутак". Вольгу Нікалайчык затрымаць не ўдалося.

Таксама вядома, што для адбыцця адміністрацыйнага арышту 6 жніўня забралі актывістку Вераніку Мішчанку. Як паведамляе Вольга Мікалайчык, яна не вярнулася дадому. У яе неадбытых 15 "сутак" адміністрацыйнага арышту.

Судзяць затрыманых дыджэяў, якія ўключылі ў Кіеўскім скверы песню "Перамен"

Як стала вядома валанцёрам Валанцёрскай службы "Вясны", Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага судзяць 7 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Іх абвінавачваюць па арт. 17.1 КаАП і 23.4 КаАП: дробнае хуліганства і непадпарадкаванне.

Актывіста адправілі адбываць "суткі" са станоўчым тэстам на COVID-19

Як стала вядома "Вясне", сябра БСДП "Народная Грамада" Андрэя Шыпуліна адправілі адбываць адміністрацыйны арышт, на які яго асудзілі два месяцы таму, са станоўчым тэстам на COVID-19.

Увечары 7 жніўня затрымалі сябра каманды Святланы Ціханоўскай Івана Скіндара. Ён выстаўляў апаратуру ў Тучынскім скверы перад дазволеным пікетам Ціханоўскай. Івана затрымалі два чалавекі ў цывільным.

У Мінску затрыманыя журналісты тэлеканала "Настоящее время"

У Мінску затрыманыя журналісты тэлеканала "Настоящее время". Сілавікі (двое ў міліцэйскай форме і двое ў цывільным) прыйшлі па іх у гатэль "Мінск". Цяпер яны знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС Мінска.

Салігорск

Ноччу на працоўным месцы быў затрыманы валанцёр каманды кандыдаткі Святланы Ціханоўскай Віталь Кот. Ён працуе шахцёрам 3-га рудаўпраўлення. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ў 3 гадзіны ночы, калі ён падняўся з шахты на паверхню. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Ліда

У Лідзе ўвечары 6 жніўня затрымалі Віктара Самахвала. Яго абвінавачваюць у тым, што ён заклікаў да ўдзелу ў аўтапрабегу 28 чэрвеня ў тэлеграме і інстаграме. 52-гадовы мужчына запэўнівае, што ён далёк ад інтэрнэту. Супрацоўнікі міліцыі забралі ў яго кампутар, тэлефон і планшэт.

Таксама ў Лідзе ноччу адбыўся ператрус у Дзмітрыя Сасноўскага. Яго абвінавачваюць у вырабе нейкіх улётак. Падчас вобшуку нічога не знайшлі, але самога Дзмітрыя затрымалі. Таксама канфіскавалі кампутар і тэлефон. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі не паведамілі, на падставе якога артыкула затрымліваюць мужчыну ў 2 гадзіны ночы.

Гомель

Як паведамляе "Гомельская вясна", 7 жніўня каля 8.30 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на выхадзе з дому актывіста Аляксандра Лямешку. Яго даставілі ў Савецкі РАУС для разглядаў па падазрэнні ў крадзяжы электрасамаката.

У жывым эфіры затрымалі блогера-фермера Юрыя Ганцэвіча. Ён жыве пад Гомелем. На гэтых выбарах зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу па збору подпісаў, але так іх і не збіраў. Падчас стрыму з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і АМАП, якія прапанавалі Ганцэвічу ісці дахаты, бо яны маюць пастанову, санкцыянаваную пракурорам, на вобшук. Міліцыя і АМАП паведамілі, што заведзеная крымінальная справа за абразу супрацоўнікаў міліцыі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу. Па версіі міліцыі, у Ганцэвіча дома могуць знаходзіцца «рэчы і дакумэнты», якія маюць дачыненене да крымінальнай справы.

Стоўбцы

Як паведамляе "Радыё Свабода", затрыманы кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Сяргея Чэрачня Мікалай Лысянкоў. Мікалай Лысянкоў назіраў на ўчастку па вуліцы Ленінскай, 95 у будынку фізкультурна-аздараўленчага цэнтру ў Стоўбцах. Паводле міліцыянта, адносна Лысянкова вядзецца адміністрацыйны працэс за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП).

Магілёў

У Магілёве судзяць праваабаронцаў "Вясны". Анлайн

7 жніўня ў 10.30 распачаўся суд на нашым калегам, праваабаронцам і журналістам з Магілёва Аляксандрам Бураковым-старэйшым.

Таксама сёння ў Магілёве ў 14:00 будуць судзіць актывіста і назіральніка Аляксандра Хамратава. Ён быў затрыманы 5 жніўня. Вядома, што на яго склалі пратакол па арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы пры выкананні) — нібыта, ён адмовіўся перадаць супрацоўнікам ДАІ сваё вадзіцельскае пасведчанне.

Віцебск

У Віцебску затрыманая Юлія Уласенка, дачка актывісткі Алены Янушкоўскай. Яе даставілі ў аддзяленне міліцыі для складання пратаколу па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). На сувязь не выходзіць таксама і сама Алена Янушкоўская. Як паведамляе праваабаронца Ірына Траццякова, меркавана, абодвух затрымалі за заклікі ў сацсетках да ўдзелу ў акцыі.

Затрыманы таксама Яўген Вільскі, якога адправілі адбываць 15-сутачны адміністрацыйны арышт.

Пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці

Стала вядома, што затрыманы відэаблогер youtoube-канала "Рудабельская паказуха" Андрэй Паук. Супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУС складаюць на яго пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Андрэя Паука затрымалі на падставе заявы дырэктаркі мясцовай школы. Стала вядома, што яго асудзілі на 15 сутак.

Светлагорск

Як стала вядома, у Светлагорску завочна судзілі мясцовага актывіста Андрэя Смалянчука. Яго асудзілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у дазволеным агітацыйным пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай 26 ліпеня. Вынікі суда невядомыя, але актывіст асцерагацца затрымання.

Каля 21:30 Андрэя Смалянчука затрымалі ў Мінску разам з жонкай Жаннай Мякіш. Вядома, што іх даставілі ў РУУС Заводскага раёна Мінска.

Маладзечна

У Маладзечне затрымалі рэгіянальнага мадэратара "Краіна для жыцця" Руслана Кісялёва. Таксама затрыманы яшчэ два жыхары Маладзечна. Іх родныя дзяжураць пад мясцовым РАУС. Іх проззвічшы і Інфармацыя па прычыны затрымання выствятляецца.

Клецк

Затрыманы Ілля Мікуліч. Супрацоўнікі Клецкага РАУС затрымалі яго нібы за заклікі ў "Аднакласніках" ва ўдзеле ў пікеце Святланы Ціханоўскай.

Гродна

На выхадзе з суда Кастрычніцкага раёна Гродна, дзе 7 жніўня разглядаюцца справы 13-ці чалавек за "несанкцыянаваны аўтапрабег", затрымалі аўтамабіліста Артура Кшэўскага. На сваім працэсе ён завяіў хадайніцтва аб прыцягненні яго жонкі ў якасці сведкі. Суд хадайніцтва задаволіў і вынес рашэнне працягнуць пасяджэнне 14 жніўня ў 14.30. Аднак пры выхадзе з суда Кіеўскага зноў затрымалі. На пытанне, па якой прычыне праводзіцца затрыманне, супрацоўнік міліцыі паведаміў, што не абавязаны адказваць.

Пінск

У Пінску пасля працоўнага дня затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Вячаслава Перца. Супрацоўнікі міліцыі на серабрыстай ладзе павезлі яго ў невядомым кірунку.

Ашмяны

Дзяніс Рымашэўскі, які адзначыўся нашэннем бел-чырвона-белага сцяга падчас правядзення ў Ашмянах перадвыбарчага мерапрыемства ініцыятыўнай групай Ціханоўскай, затрыманы. Як паведаміў яго бацька, сына затрымалі супрацоўнікі ДАІ 7 жніўня на ўездзе у Ашмяны, калі ён вяртаўся дадому з Мінска на аўтамабілі, на якім развозіць прадукты харчавання. У мясцовым РАУС бацьку паведамілі, што сын затрыманы па адміністрацыйнай справе. Зразумела, што паколькі цягам трох гадзін яго не выпусцілі, то Дзяніс прабудзе за кратамі да суда ў панядзелак.

Затрыманні назіральнікаў

Ціск на назіральнікаў падчас датэрміновага галасавання працягваецца

7 жніўня - чацвёрты дзень датэрміновага галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць збіраць паведамленні пра ціск на альтэрнатыўных назіральнікаў: ім тэлефануюць з міліцыі, выганяюць з участкаў і будынкаў, дзе месцяцца памяшканні для галавасання, затрымлівае міліцыя і асуджаюць на суткі.

Суды 7 жніўня ў Беларусі

Улёткі, ровары і аўтамабілі. За што судзяць у рэгіёнах краіны сёмага жніўня?

У судзе Ленінскага раёна ў 9.30 распачаліся суды над Яўгенам Пякуцька і Сяргеем Нікуліным. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за роварны прабег, што прайшоў 14 ліпеня (на наступны дзень яны былі затрыманы). Абодва не прызналі віны. Судовы працэс вядзе суддзя Руслан Гурын.


Калі вас ці вашых знаёмых затрымалі, выклікаюць у РУУС для складання пратакола ці ў суд, паведамляйце пра гэта праваабаронцам "Вясны" па нумары (029) 841 39 81 (Signal, WhatsApp, Telegram). 

Гарачая лінія ПЦ "Вясна" на выпадак затрыманняў

Апошнім часам у сувязі са шматлікімі затрыманнямі колькасць зваротаў у праваабарончы цэнтр "Вясна" павялічваецца. Таму "Вясна" адкрывае новыя тэлефоны гарачай лініі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства