viasna on patreon

"Спыніце гвалт!" Медыкі паведамляюць аб пацыентах з раненнямі пасля акцый пратэсту Дапоўнена

2020 2020-08-11T15:46:15+0300 2020-08-11T16:53:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/10_08_minsk_pratest_tutby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: TUT.BY

Фота: TUT.BY

Медыкі мінскіх бальніц паведамляюць TUT.BY аб пацыентах з цяжкімі траўмамі, якія паступалі да іх вечарам 9 і 10 жніўня. Па словах медыкаў некалькіх установаў аховы здароўя, яны ў шоку ад таго, што адбываецца ў мірны час. "Мы ніколі з такімі раненнямі не сутыкаліся", — кажуць лекары і заклікаюць спыніць гвалт.

Як паведамілі праваабаронцам "Вясны" супрацоўнікі ваеннага шпіталя ў Бараўлянах, на дадзены момант там знаходзіцца з траўмамі рознай ступені 65 пацыентаў, якіх даставілі туды з мінскіх акцыяў пратэсту ў апошнія дні. 29 чалавек прывезлі ў шпіталь вечарам і ўначы з 9 на 10 жніўня, і 36 чалавек прывезлі ў ноч з 10 на 11 жніўня. Таксама праваабаронцам вядома, што ў БХМД 9 жніўня даставілі 15 чалавек, з іх 9 – шпіталізаваныя. Туды ж 10 жніўня было дастаўлена 20 чалавек, 18 з якіх шпіталізаваныя, з іх больш паловы ў рэанімацыі. Параненых на акцыях пратэсту таксама дастаўлялі ў 6-ю, 4-ю і 10–ю гарадскія бальніцы. Інфармацыі пра колькасць дастаўленых туды дэманстрантаў пакуль няма. Таксама няма інфармацыі аб колькасці пацярпелых з рэгіёнаў.

На гэты момант вядома аб двух загінулых дэманстрантах на мінскіх акцыях пратэсту.

Дапоўнена. Мінздароўя пазней паведаміў, што ў бальніцах ляжыць "больш за 200 чалавек". Усім грамадзянам, якія пацярпелі падчас пратэстаў, "аказана неабходная медыцынская дапамога ў поўным аб'ёме", гаворыцца ў паведамленні Мінздароўя

На сёння ў стацыянарах знаходзяцца на лячэнні крыху больш за 200 чалавек. У тым ліку з ўдарамі мяккіх тканін, траўмамі канечнасцяў. Некалькі чалавек былі шпіталізаваныя з чэрапна-мазгавымі траўмамі, а таксама з траўмамі грудной клеткі і жывата. У асноўным траўмы лёгкай ступені цяжкасці. Некалькім пацыентам спатрэбілася правядзенне аперацый. Стан іх стабілізаваны. На жаль, адзін чалавек загінуў. Смерць наступіла да агляду дактарамі хуткай, паведаміла Мінздароўя.

МУС: У Мінску загінуў дэманстрант

Як паведамляе ў тг-канале Міністэрства ўнутраных спраў, 10 жніўня каля 23.00 падчас акцый пратэсту ў Мінску на праспекце загінуў Прытыцкага адзін чалавек.

На акцыі пратэсту ў Мінску загінуў адзін з удзельнікаў

Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", у Мінску загінуў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту, якая праходзіла ўвечары і ноччу з 9 на 10 жніўня ў Мінску.

Як піша TUT.BY, у ноч з 9 на 10 жніўня, калі на вуліцы Мінска выйшлі людзі, не згодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў, у 4-ю лякарню паступіў пацыент з кулявым раненнем кішкі. Таксама ў яго быў пашкоджаны мачаточнік, лекары зафіксавалі аскепкавыя раненні рэбраў. Паводле інфармацыі аднаго з медыкаў, з пацыента канфіскавалі дзве гумовыя кулі. Ён 1982 года нараджэння.

"Чалавек паступаў у свядомасці. Ён сказаў, што ў яго стралялі з адлегласці ў 10 метраў. На дадзены момант вядома, што ён у медыкаментознай коме на штучнай вентыляцыі лёгкіх".

Яшчэ ў аднаго пацыента з 4-й бальніцы была адкрытая чэрапна-мазгавая траўма і удар галаўнога мозгу. Ён быў шпіталяваны ў ноч з 10 на 11 жніўня, калі ў Мінску працягваліся пратэсты. Са словаў медыка, які папрасіў захаваць ананімнасць, яму была праведзеная тэрміновая аперацыя: лекары зрабілі трэпанацыю чэрапа і выдалілі гематому. Для гэтага прыцягвалі спецыялістаў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі. Пацыент-1991 года нараджэння.

"На момант паступлення ў чалавека з вушэй цякла спінна-мазгавая вадкасць. Цяпер ён больш-менш стабільны".

Гэтую інфармацыю пацвердзіў TUT.BY іншы медык. Паводле яго дадзеных, у пацыента траўма ад светлашумавой гранаты, ён пераведзены з 4-й бальніцы ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Медыкі таксама паведамляюць, што ў БХМД 10 жніўня з раёна станцыі метро "Пушкінская" звычайныя людзі, не хуткая, даставілі 32-гадовага хлопца. У яго была траўма правай ступні, у выніку траплення светлашумавой гранаты, апёк правай галёнкі. Яму ампутавалі дыстальную частку ступні.

Пра пацыента з выбухной траўмай грудной клеткі, адарванай фалангай пальца і ЧМТ паведаміў медык 2-й бальніцы Мінска, паранены паступіў да іх у ноч з 9 на 10 жніўня.

"Мы абавязаны лячыць ўсіх людзей. Але не павінна быць такога ў мірны час! — кажуць лекары. — Мы не хочам, каб людзі гінулі або іх калечылі. Сутыкнуўшыся з падобным, лекары не могуць нармальна працаваць. Гэта жудасна. Мы заклікаем спыніць гвалт".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства