viasna on patreon

Алег Гулак пра сустрэчу ў Парламенце: Мы данеслі пазіцыю праваабаронцаў

2020 2020-08-15T17:14:09+0300 2020-08-16T10:13:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/parlament-pravaabaroncy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сустрэча парламентарыяў з прадстаўнікамі праваабарончых беларускіх арганізацый. Фота: house.gov.by

Сустрэча парламентарыяў з прадстаўнікамі праваабарончых беларускіх арганізацый. Фота: house.gov.by

Сустрэча парламентарыяў з прадстаўнікамі праваабарончых беларускіх арганізацый адбылася ў Палаце прадстаўнікоў 14жніўня.

Як паведамляе сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у ходзе праведзенай гутаркі ўдзельнікі сустрэчы, занепакоеныя падзеямі ў краіне, якія адбываюцца ў гэтыя дні, выпрацавалі агульнае меркаванне аб неабходнасці забяспечыць грамадзянскі мір і паразуменне ў грамадстве.

Праваабарончы сектар прадстаўлялі Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека, Беларускі саюз журналістаў, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак падзяліўся ўсваімі ўражаннямі ад сустрэчы, падкрэсліўшы, што задачай праваабаронцаў было данесці інфармацыю. Хто хацеў – той пачуў. Відавочна, што многія пачулі.

“У сувязі з тым, што зараз актыўна абмяркоўваецца тэма сустрэчы праваабаронцаў з дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў, я думаю, будзе карысным  дадаць трошкі больш інфармацыі, бо відавочна, ёсць розныя трактоўкі гэтай сустрэчы, - адзначыў Алег Гулак. - Да нас звярнуліся дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў і запрасілі сустрэџца, каб прагаварыць сітуацыю, якая зараз склалася вакол збіцця людзей. Людзей выпускаюць, тэма гвалту вельмі востра гучыць у грамадстве. Мы абмеркавалі нашыя пазіцыі, узялі тыя матэрыялы, якія былі распрацаваныя намі, праваабарончай супольнасцю – медыйныя заявы, перш за ўсё, зварот да ААН-аўскіх працэдур, які быў зроблены перад гэтым, тыя заявы, дзе мы, зноў жа, супольна закліка́лі да неўжывання гвалту – перш за ўсё дзяржаву і удзельнікаў таксама”

Старшыня БХК Алег Гулак.
Старшыня БХК Алег Гулак.

Дэпутаты, якія сустракаліся з праваабаронцамі прадстаўлялі розныя камісіі парламента: Камісію па правах чалавека, Камісію па міжнародных справах, па бяспецы. Праваабаронцы распавялі пра сваё бачанне гэтай сітуацыі: далі характарыстыку выбарам, за якімі назіралі, адзначыўшы пры гэтым, што выбараў не было, і што менавіта гэтая выбарчая кампанія штурхнула людзей на вуліцу.

“Мы выказалі нашую пазіцыю пра тое, што людзі маюць права на мірны пратэст і гэтым правам карысталіся, што гвалт ужываўся перш за ўсё супрацоўнікамі паліцэйскіх структур – АМАПам (і іншых, магчыма), і, адпаведна, нават самі затрыманні не мелі пад сабою законных падстаў", - распавёў праваабаронца.

Праваабарончая супольнасць зараз фіксуе ўсе гэтыя падзеі, сведчанні людзей, у якіх яны распавядаюць пра тое, што адбывалася на Акрэсціна і ў іншых месцах, а таксама тое, што адбывалася на вуліцах, і ўсё гэта будзе апісана, сістэматызавана і прад’яўлена – у тым ліку, магчыма, скарыстана ў якасці доказаў.

У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася таксама стварэнне камісіі, магчыма з удзелам дэпутатаў і грамадскасці.

“Нашыя прапановы былі канкрэтныя: выпусціць усіх палітзняволеных па тым спісе, які ў нас ёсць, выпусціць усіх затрыманых удзельнікаў падзей 9-га – 13-га,  усіх удзельнікаў мірных пратэстаў па ўсёй краіне, распачаць расследаванне затрыманняў і ўмоў утрымання, - паведаміў Алег Гулак. - Мы гаварылі, што гэта неадкладныя, першачарговыя меры, якія павінны быць прынятыя, каб далей нешта можна было абмяркоўваць і рухацца далей. Яшчэ раскажу, што мы правялі дакладную ацэнку таго, што мы бачылі падчас выбараў і прыйшлі да высновы, што гэты працэс не быў выбарчым”.

Дэпутаты таксама выказваліся – асабліва гэта датычыць некалькіх жанчын, якія, відаць, найбольш балюча гэта ўспрымалі праз тое, што непаўнагадовыя дзеці, падлеткі былі ахвярамі таксама – на гэта яны ўпіралі.

“Але агульнае ўражанне – што ў Палаце прадстаўнікоў не адчуваюць, што ў іх ёсць улада. Хаця важна, што і з іхняга боку гучала - тое, што адбываецца таксама і іхняя віна, і адказнасць і на іх ляжыць таксама.  Але разуменне сітуацыі ў іх яўна не паспявае за тым, як сітуацыя складваецца. Яны яшчэ ў палоне сваіх звычайных установак. Таму мы паспрабавалі даць людзям магчымасць усё ж такі пераасэнсаваць гэта. Мы не складалі ніякіх пагадненняў – не было проста аб чым пагаджацца. Мы распавялі, данеслі – людзі няхай думаюць. Мы ўбачылі, што ёсць розныя дэпутаты, і яны па-рознаму гэта ўспрымаюць,” - кажа Гулак.

Праваабаронцы выклалі парламентарыям свае патрабаванні ў пісьмовым выглядзе. Ніякага пагаднення прынята не было.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства