viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: "Застрэлім — і цябе не знойдуць" Аўдыё

2020 2020-08-16T00:25:49+0300 2020-08-17T17:07:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/uladzimir_pagarcau-panarama-.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18-гадовы Уладзімір Пагарцаў звярнуўся ў ПЦ "Вясна" ў рамках кампаніі па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых у выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Ён паведаміў, што яго, у параўнанні з іншымі затрыманымі, не білі так моцна – паколькі яго "абралі" для дачы інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу аб "каардынатарах дзеянняў пратэстоўцаў".

Уладзімір Пагарцаў
Уладзімір Пагарцаў

Затрымалі Уладзіміра 10 жніўня каля 18 гадзін, калі ён, вяртаючыся дадому, выйшаў з тралейбуса каля станцыі метро Фрунзенская ў Мінску. Да яго падышлі два супрацоўнікі АМАП і захацелі праверыць яго асобу. Убачыўшы на руцэ хлопца белы бранзалет, амапаўцы сарвалі яго, запіхалі Уладзіміра ў звычайны бус, а пазней перасадзілі ў аўтазак. Пры затрыманні яго білі ў грудзі, а таксама "берцам прыляцела ў галаву".

"Вось гэтага можаце ўзяць — за наркату яго", — так, па ўспамінах Уладзіміра, выказаліся амапаўцы. Затым хлопца паклалі тварам у асфальт і некалькі разоў пыталіся "тваё - не тваё". На адмову хлопца прызнаваць "віну", яму адказалі: "будзеш гніць у турме".

Затым закавалі ў кайданкі, пры гэтым наступалі нагой на тулава.

Уладзіміра даставілі ў Фрунзенскае РУУС, дзе нехта са старэйшых па званьні міліцыянт сказаў:

"Не чапайце яго — ён пойдзе на відэа".

У гэты час, як распавёў хлопец, мноства людзей ляжала на зямлі, закаваныя ў кайданкі.

 "Многія падалі, гублялі прытомнасць... Тых, хто спрабаваў уставаць або рухацца, білі дубінкамі і шокерамі", — успамінае Уладзімір.

Сярод супрацоўнікаў, які назірае за ўсім гэтым, была жанчына-міліцыянт, якая ўзгадала, што працавала з непаўналетнімі.

"Яна ўвесь час казала: я ведаю вас кожнага. Яна бачыла, як білі 17-гадовага хлопчыка... Там усё роўна, які ўзрост... Таксама там была балгарка. Я гэтага не бачыў, але калі яна ўключалася, людзі чамусьці крычалі".

Прыкладна ў 14 гадзін наступнага дня амапаўцы сталі загружаць людзей у аўтазакі. Уладзіміра ж павялі ў нейкі кабінет.

"Мне сказалі — ты будзеш гаварыць так-та і так-та. А калі не скажаш, то альбо паедзеш за наркату, альбо мы цябе застрэлім — і цябе не знойдуць. І надыктавалі, што [мне варта] казаць".

Уладзімір не ведае, з якога менавіта тэлеканала былі журналісты, якія бралі ў яго інтэрв'ю пасля размовы з сілавікамі— у іх не было ніякіх апазнавальных знакаў. На пытанне Уладзіміра, адкуль яны, тыя адказалі: "Мы дзяржаўныя журналісты". Іх было двое – журналістка і мужчына-аператар.

Ужо пасля свайго выхаду з ІЧУ горада Жодзіна хлопец даведаўся, што інтэрв'ю з ім выйшла ў праграме "Панорама" на тэлеканале "Беларусь 1". Яно пачынаецца з пытання журналісткі: "Хто каардынуе [пратэсты]?”

Сам Уладзімір Пагарцаў падкрэслівае, што даў гэта інтэрв'ю пад прымусам. Ніжэй — аўдыё з яго каментаром, а на фота — скрыншот з праграмы "Панарама".

На інтэрв'ю ёсць і іншы малады чалавек — яго імя не вядома. Ён распавядае пра тое, як "10-га жніўня здзейсніў вялікую памылку", калі паўдзельнічаў у акцыі пратэсту. Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікае невядомага хлопца звяртацца па дапамогу — у выпадку, калі інтэрв'ю з ім таксама было дадзена пад катаваннямі.

ПЦ "Вясна" збірае і дакументуе катаванні ў Беларусі. Цяпер можна і праз гугл-форму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства