Алесь Бяляцкі: "Праваабаронцы падтрымліваюць беларускіх працаўнікоў"
У панядзелак, 17 жніўня, супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі выйшлі на забастоўку каля будынку на Макаёнка, 9. Супрацоўнікі БТ выставілі наступныя патрабаванні забастоўкі: вызваленне ўсіх без выключэння палітвязняў, адстаўка ЦВК, скасаванне вынікаў выбараў як сфальсіфікаваных, спыненне рэпрэсіяў і ўстанаўленне свабоды СМІ.
Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі выступіў з прамовай каля будынку Белтэлерадыёкампаніі, дзе страйкуюць супрацоўнікі БТ і пратэстуюць беларусы. Ён адзначыў, што Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае салідарнасць з журналістамі, якія абвясцілі забастоўку “ў сувязі з тым, што дзяржаўныя тэлеканалы выпускаюць скажоную інфармацыю і не даюць праўдзівую інфармацыю пра тое, што насамрэч адбывалася ў апошнія дні”.
“Права на свабоду распаўсюду інфармацыі — гэта права, замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі, і яно з’яўляецца адным з асноватворных правоў, на якіх будуецца дэмакратычная дзяржава. Таму мы лічым, што вельмі важна падтрымаць гэтых журналістаў”, — адзначыў Алесь Бяляцкі.
Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" адзначае важнасць у цяперашні час забастовак:
"Тое, што цяпер супрацьстаянне з рэжымам выйшла на ўзровень працоўных калектываў — гэта вельмі важна. Гэта сур’ёзны аргумент і мірны пратэст, які цяжка падавіць. Адна справа, калі рэжым змагаецца са студэнтамі ці моладзю на вуліцах, а іншая справа, калі тысячы працоўных абвяшчаюць пра чыста палітычныя патрабаванні.
Сітуацыя беларускіх забастовак унікальна, таму што гучаць фактычна палітычныя патрабаванні. Гэта і правядзенне новых свабодных выбараў, і адстаўка прэзідэнта, і пакаранне тых, хто ўдзельнічаў у катаваннях, у гвалце, якія былі апошнія дні. Гэта патрабаванні і праваабаронцаў. Тут праваабаронцы адзіныя з беларускімі працоўнымі, мы іх цалкам падтрымліваем. Мы таксама выступаем за скасаванне кароткачасовых кантрактаў, на якіх зараз пасаджаны практычна ўсе беларускія працаўнікі, бо гэта таксама форма прыгону, несвабоды. Я спадзяюся, што тыя стачкамы, якія ствараюцца, як грыбы, на ўсіх прадпрыемствах, будуць сур’ёзным аргументам. І гэта ўжо не для Лукашэнкі, таму што ён не чуе ніякіх аргументаў, а для яго асяроддзя, для эканамічнага блоку нашага ўрада, які лічыць, што яны па-за палітыкай. Але трэба разумець, што па-за палітыкай цяпер не можа заставацца ніхто, і працоўныя гэта выдатна дэманструюць".