СІЗА працягвае перашкаджаць Ціханоўскаму ў доступе да інфармацыі. Нават у Дзень народзінаў палітвязня
Адміністрацыя следчага ізалятара №1 у Мінску працягвае перашкаджаць таму, каб у палітвязня Сяргея Ціханоўскага з'явіўся ў камеры доступ да інфармацыі праз тэлебачанне. Раней ягоная жонка Святлана Ціханоўская распавядала, што ў СІЗА-1 не прынялі толькі што куплены ў краме тэлевізар, спаслаўшыся на тое, што ён нібы зламаны. Цяпер супрацоўнікі ізалятара адмаўляюцца прымаць для яго тэлеантэну.
Як распавёў праваабаронца "Вясны" Аляксей Лойка, супрацоўнікі СІЗА на Валадарскага адмовіліся прымаць антэну Сягею Ціханоўскаму, спаслаўшыся на аб’яву адміністрацыі ўстановы, згодна з якой “прыём грамадзян супрацоўнікамі аддзела выканаўчага працэса часова спынены”.
Праваабронца адзначае, што дзеянні адміністрацыі СІЗА з’яўляюцца неправамернымі. Забарона сама па сабе незаконна, паколькі ў ёй не пазначана канкрэтная прававая падстава са спасылкай на закон.
Пералік правоў асоб, якія ўтрымліваецца пад вартай, урэгуляваны артыкулам 10 Закона “Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай”. Трэцяя частка дадазенага артыкула прадугледжвае магчымасць абмежавання правоў асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у выпадках, прадугледжаных дадзеным законам альбо іншымі заканадаўчымі актамі.
"У Законе “Аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай” прадугледжана магчымасць увядзення рэжыма асаблівага становішча. Але такі рэжым уводзіцца ў выпадках надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, масавых беспарадкаў альбо непадпарадкавання асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, альбо пры наяўнасці рэальнай пагрозы ўзброенага нападу на месца ўтрымання пад вартай па рашэнню кіраўніка адміністрацыі месца ўтрымання пад вартай. Доўжыцца такі рэжым не больш за 30 сутак. Пры гэтым, трэба абавязкова і неадкладна павясціць Міністра ўнутраных спраў і Генеральнага пракурора.
Пры ўвядзенні рэжыма асаблівага становішча кіраўнік адміністрацыі мае права прыпыніць уручэнне дробных пакетаў, бандэроляў, пасылак і прадастаўленне спатканняў, а таксама атрыманне лістоў асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, за выключэннем накіраваных у пракуратуру і іншыя дзяржаўныя органы скаргаў і зваротаў", — тлумачыць Аляксей Лойка.
Праваабронца прыйшоў да высновы, што забарона на перадачы тэлеантэны для палітвязня Сяргея Ціханоўскага з’яўляецца незаконнай, паколькі адміністрацыя СІЗА не спаслалася на прававую падставу пры абмежаванні права на атрыманне ім тэлеантэны.
"З улікам наяўнай інфармацыі законных падставаў для абмежавання правоў Сяргея Ціханоўскага не маецца ў прынцыпе", — адзначае праваабаронца.
Нагадаем, што 18 жніўня ў палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага Дзень народзінаў. Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць падтрымаць яго паштоўкамі і лістамі з віншаваннямі па адрасу: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050.