Libereco: Беларусь павінна неадкладна вызваліць усіх палітвязняў
Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя “Libereco – Партнёрства за правы чалавека” заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых падчас выбараў і ў паслявыбарчы перыяд як перадумову для далейшага дыялогу як унутры краіны, так і за яе межамі. Арганізацыя таксама заклікае ўлады раскрыць месцазнаходжанне зніклых дэманстрантаў (на дадзены момант, паводле падлікаў партала TUT.by, у спісе зніклых 30 чалавек).
Libereco падтрымлівае пазіцыю ПЦ “Вясна” і заклікае да дээскалацыі канфлікту, спынення рэпрэсій і гвалту.
Праваабаронцы асобна звяртаюць увагу на затрыманне украінскіх актывістаў Яўгенія Васільева і Канстанціна Рэўцкага. Яны былі жорстка і адвольна затрыманыя 12 жніўня падчас назірання за сітуацыяй з правамі чалавека на акцыях пратэсту. Абодва былі вызваленыя 14 жніўня і вярнуліся ва Украіну.
За некалькі тыдняў да выбараў, калі і пратэсты, і рэпрэсіі ўжо пачаліся, у межах кампаніі #WeStandBYyou Libereco звярнуўся да дэпутатаў нацыянальных парламентаў і Еўрапарламента з просьбай падтрымаць канкрэтных палітычных зняволеных у Беларусі, якіх да выбараў было больш за дваццаць. Дзевяць парламентарыяў з Германіі, Польшчы і Швейцарыі сталі “хроснымі” палітвязняў.
Еўрапейскія дэпутаты працягваюць акцыю падтрымкі беларускіх палітзняволеных
Libereco заяўляе, што будзе працягваць мабілізаваць палітычную падтрымку палітвязняў і затрыманых у Беларусі, а таксама будзе працягваць спрыяць распаўсюду інфармацыі на англійскай мове пра падзеі ў краіне.
“Мы заклікаем палітыкаў у Еўропе і іншых краінах, а таксама ўсіх тых, хто сочыць за акцыямі пратэсту цягам апошняга тыдня, працягваць дэманстраваць салідарнасць з Беларуссю, прыцягваць увагу грамадскасці і не прызнаваць абвешчаную перамогу Лукашэнкі”, — заявілі праваабаронцы.