"Забралі станік з пратэзам грудзей". Сведчаць пацярпелыя
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
Мінчанка Марыя Амбросава распавяла "Вясне", як яна з мужам Юрыем 10 жніўня пайшла ў міліцыю напісаць заяву аб знікненні затрыманага сына, але апынуліся самі ў аўтазаку, а потым на чацвёра сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усе гэтыя дні яны не ведалі, што іх сына адпусцілі, таму, калі ад збіванняў крычалі людзі, Марыі здавалася, што крычыць яе сын. Што яшчэ ёй, яе мужу і іншым давялося перажыць на Акрэсціна – чытайце ў нашым матэрыяле.
Сына Марыі, 23-гадовага Ягора, затрымалі ўвечары 10 жніўня ў раёне парку Перамогі, калі той шпацыраваў. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу і дастаўлены ў Маскоўскае РУУС, так як у яго не было з сабой пашпарта. Пры затрыманні яму вывернулі рукі, адразу надзелі кайданкі, а ў аўтазаку збілі да страты прытомнасці. У РУУС яго працягвалі біць нават калі Ягор ляжаў на падлозе ў лужыне ўласнай крыві.
"Скрозь свядомасць сын чуў, як двухсоткілаграмовы садыст сказаў: "Будзеце выпускаць, прапусціце праз мяне". На наступныя суткі пасля чарговага збіцця (пятага ці шостага) і прыступу эпілепсіі 11 жніўня яго выкінулі з будынка РУУС Маскоўскага раёна", – распавядае Марыя»
Па словах яго маці, у яго зафіксавана страсенне мозгу, а таксама з'явілася боязь выхаду з дому.
Ягор паспеў даслаць бацькам смс са зместам: "Я затрыманы". Марыя і Юрый Амбросавы адразу пайшлі шукаць сына ў раён Парку Перамогі, а потым паехалі ў РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Там дзяжурны супрацоўнік міліцыі прапанаваў напісаць заяву на імя начальніка аб знікненні сына. Як распавядае Марыя, яна з мужам спрабавала аддаць заяву, але ў іх яе не прымалі, паколькі ў гэты час у будынку адбылося надзвычайнае здарэнне.
"У 22.50 да будынка РУУС пад'ехалі два аўтазакі і некалькі аўтобусаў з АМАПам. Нас шэсць мужчын і восем жанчын абкружылі каля пяцідзесяці супрацоўнікаў АМАПа. Мяне і мужа камандзір АМАПа ўгаварыў добраахвотна прайсці ў аўтобус, паколькі мы нібыта парушаем грамадскі парадак і будзем аштрафаваныя. Нас давезлі да Стэлы і перасадзілі ў аўтазак. Далей – у ЦІП на Акрэсціна. Там пачаўся фільм жаху ў рэаліі. Па прыездзе нас, як жывёлу, гналі дубінкамі і ўдарамі кулакоў у паўпадвальным памяшканні з плямамі крыві на падлозе, паставілі тварам да сцяны, рукі назад".
Як распавядае Марыя, да кожнай жанчыны падыходзілі супрацоўнікі ізалятара, пыталіся прозвішча, дзе затрымалі, год нараджэння і пры гэтым білі па твары, з крыкамі: "Хутчэй кажы, сука".
"І не ведаючы, што сярод нас былі журналісты канала "Белсат", крычалі: "Дзе ж ты навучылася гаварыць па-беларуску". Выломліваючы рукі заштурхалі ў пакоі для распранання. Вопісу рэчаў не зрабілі. У мяне забралі бюстгальтар з пратэзам грудзей і павязку, якую я падкладаю пад сіліконавыя грудзі. Я вырашыла, што завяжу на галаву для гігіены, але да мяне падляцела наглядчыца, бландынка гадоў 35-ці, сарвала хустку, з крыкам: "Бабуля, ты на плошчы стаяла", ударыла аб сценку, заламала рукі з крыкамі і мацюкамі павалакла ў калідор".
Марыя распавядае, што ўсіх паставілі на калені да сценкі і білі нагамі.
"Потым прыгналі голых нашых мужоў, гналі міма нас жанчын з крыкамі і лаянкай, збіваючы дубінкай па ўсіх частках цела. Потым пагналі нас на другі паверх у камеру. Нам заламалі рукі, угнуўшы амаль да падлогі, білі, у тым ліку нагамі. Муж распавядаў, што мужчын білі дубінкай, адбіваючы геніталіі".
Наступныя трое сутак Марыя правяла ў камеры на дзесяць квадратных метра з 36 сукамерніцамі, а потым і ўсімі 51 жанчынамі.
"Нас фактычна не кармілі, ваду давялося піць з адной пластыкавай бутэлькі на ўсіх. Мы чулі сталыя стогны людзей, якіх білі ў калідоры і на двары, суцэльныя мацюкі ад наглядчыкаў. Такога я не бачыла ні ў адным фільме жахаў.
У адну з начэй да нас ўпіхнулі 20 дзяўчат. Нас у камэры стала 51 чалавек. Гэтыя дзяўчыны былі рады, што патрапілі ў цяпло і камеру з туалетам. Праўда, невядома калі ён прыбіраўся. Яны распавялі, што ў іх на вачах штабелямі, уздоўж плота ўкладвалі іх хлопцаў, прымушалі спяваць гімн і білі, пакуль з іх не выходзілі фекаліі. Мы чулі гэтыя крыкі жаху. Мне здавалася, што крычыць сын. Іголка ў сэрцы, мне здаецца, ужо не адпусціць. Нам сказалі, што трэба пацясніцца, бо заедуць яшчэ 700 чалавек".
Марыю і іншых сукамерніц у першы раз пакармілі праз 30 гадзін пасля затрымання:
"Нам прынеслі цэлых шэсць булак хлеба і пакармілі кашай. Які ж ён смачны наш зямны хлебушек. Мы яго адрывалі, глядзелі адзін за адным, каб ні адна крошка не ўпала. Запівалі вадой з адной бутэлькі. Там мы зразумелі ісціну, што не хлебам адзіным жывы чалавек.
У камеры ўсе задыхаліся, а жанчына з дыябетам губляла прытомнасць. У леках ёй адмовілі, раніцай змянілася наглядчыца і запрасіла доктара. Мы пачалі стукаць і дзяўчынак увялі. Нас засталося 36 чалавек у камеры.
Увечары 13 жніўня шэсць мужчын угаворвалі нас падпісаць пратакол, што мы былі на барыкадах і мітынгах. Адна дзяўчынка пагадзілася, але яе вядома ж не адпусцілі. Пачалі заганяць у камеру. У дзяўчынкі Сашы была траўмаваная нага і яна трохі адстала ад нас. Наглядчыца ёй дапамагла: "Хутчэй сука". І ўдарыла па балючым месцы. Завалакла ў камеру. У Сашы былі перабітыя сухажыллі. Сярод дзяўчат былі лекары хуткай дапамогі. Яны патрабавалі лекара. І толькі на раніцу, калі змянілася гэтая наглядчыца, ёй прывялі лекара. Перавязалі нагу. Засунулі пад ложак. У напаўабмарочным стане яна суткі з-пад яе не вылазіла, не піла і не хадзіла ў туалет, пакуль нас не вызвалілі".
Марыя распавядае, што ўсе дні адміністрацыя ІЧУ не пазначала яе і Юрыя ў спісах затрыманых. Сваякі не маглі знайсці іх, яны лічыліся прапаўшымі без вестак. Марыю выпусцілі ў 2 гадзіны ночы 14 жніўня, а яе мужа Юрыя – у 4 гадзіны раніцы, не аддаўшы асабістыя рэчы і мабільныя тэлефоны.
На дадзены момант Марыя знаходзіцца ў дрэнным стане здароўя, яна падазрае, што пасля ЦІП на Акрэсціна, дзе ўся камера піла з адной бутэлькі, заразілася COVID-19. Зараз яна на бальнічным.
ПЦ «Вясна» працягвае збіраць звесткі: калі вам што-небудзь вядома аб сітуацыі з распаўсюджваннем коронавируса ў месцах несвабоды або аб тым, якія меры прымаюцца або не прымаюцца, каб захаваць здароўе людзей, якія знаходзяцца там, паведамляйце нам на пошту: viasna@spring96.org