viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках

2020 2020-08-19T14:11:25+0300 2020-08-20T16:21:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanni-minsk-2020-08-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманне ў Мінску 10 жніўня. Фота: БелСАТ.

Затрыманне ў Мінску 10 жніўня. Фота: БелСАТ.

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Мінск, 19.08.2020

У сувязі з інфармацыяй аб затрыманнях актывістаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі –  Лявона Халатрана, Антона Бяленскага, Ігара Бяленскага, Андрэя Пазняка, Сяргея Міхяёнка, Юрыя Васкрасенскага, Артура Васкрасенскага, Ігара Ярмолава, Арцёма Моладава, Аляксандры Моладавай і Уладзіслава Карэцкага, якія былі затрыманыя ў якасці падазраваных у межах узбуджанай крымінальнай справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная арт 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 г. і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя[1].

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 г. беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня на ўлады Рэспублікі Беларусь.[2]

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй арт. 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі.  Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Мы ацэньваем пераслед Лявона Халатрана, Антона Бяленскага, Ігара Бяленскага, Андрэя Пазняка, Сяргея Міхяёнка, Юрыя Васкрасенскага, Артура Васкрасенскага, Ігара Ярмолава, Арцёма Моладава, Аляксандры Моладавай і Уладзіслава Карэцкага, якія былі затрыманыя ў якасці падазраваных па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі)  як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неакдладна вызваліць з пад варты палітвязняў Лявона Халатрана, Антона Бяленскага, Ігара Бяленскага, Андрэя Пазняка, Сяргея Міхяёнка, Юрыя Васкрасенскага, Артура Васкрасенскага, Ігара Ярмолава, Арцёма Моладава, Аляксандру Моладаву і Уладзіслава Карэцкага і спыніць іх крымінальны пераслед.
  2. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB".

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;


[1] http://elections2020.spring96.org/be/news/98939

[2] http://spring96.org/be/news/98935

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства