viasna on patreon

Пазіцыя ПЦ “Вясна” ў дачыненні да ўзбуджанай крымінальнай справы па масавых беспарадках па падзеях 9-11 жніўня ў Мінску

2020 2020-08-19T15:38:58+0300 2020-08-19T18:01:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_kiroucy_11.08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Спэцназ затрымлівае аўтамабіліста за тое, што ён сігналіў ў падтрымку пратэстоўцаў. Фота: tut.by

Спэцназ затрымлівае аўтамабіліста за тое, што ён сігналіў ў падтрымку пратэстоўцаў. Фота: tut.by

У сувязі з інфармацыяй аб шматлікіх затрыманнях грамадзян, якія зараз адбываюцца па ўсёй тэрыторыі краіны ў межах узбуджанай 9 жніўня крымінальнай справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), мы, прадстаўнікі ПЦ “Вясна”, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантавана арт. 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Падзеі 9, 10 і 11 жніўня 2020 г. у г. Мінску адназначна расцэньваюцца намі як мірныя сходы, калі арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар.  

Па сведчанням назіральнікаў супольнай службы назірання за мірнымі сходамі БХК і ПЦ “Вясна” #ControlBY, якія ажыцяўлялі назіранне за мірным сходам 9 жніўня ў розных частках горада (у тым ліку ў раёне Стэлы па пр. Пераможцаў) сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

Трэба адзначыць, што і агнястрэльная зброя з гумавымі кулямі, і шумавыя гранаты, згодна з арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 13.11.2001 г. № 61-3 “Аб зброі” адносяцца да катэгорыі зброі.

Усе падставы для выкарыстання зброі органамі ўнутраных спраў устаноўленыя арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных спраў”. У прыватнасці дадзенным артыкулам забаронена прымяняць зброю пры значным скапленні людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець пабочныя асобы, а таксама ў адносінах да жанчын, асобаў з яўнымі прыкметамі інваліднасці, непаўнагадовых, калі іх узрост відавочны ці вядомы, за выключэннем здзяйснення гэтымі асобамі ўзброенага ці групавога нападу ці іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю ці здароўю грамадзянаў.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 г. беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніжня на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Варта адзначыць, што такія формы пратэста, як перакрыццё праезных частак дарогаў, у тым ліку будаўніцтва барыкадаў не сведчыць, што сход перастаў насіць мірны характар. Удзельнікі сходаў не здзяйснялі ўзброеных нападаў на супрацоўнікаў міліцыі ці іншых групавых дзеянняў, якія б пагражалі жыццю і здароўю грамадзянаў, у тым ліку супрацоўнікаў міліцыі.  

Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй арт. 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі. Дэманстранты не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

У сувязі з гэтым мы ацэньваем пераслед грамадзянаў, якія прымалі ўдзел у вышэй азначаных акцыях пратэсту па арт. 293 КК як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Лічым неабходным спыніць крымінальны пераслед і вызваліць усіх абвінававачаных з-пад варты.

Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства