viasna on patreon

Крымінальныя справы пасля акцый пратэсту. Што вядома "Вясне" на дадзены момант? Дапоўнена

2020 2020-09-09T16:46:00+0300 2020-09-10T14:43:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/protest_avtozak_nn.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня. Фота "Нашай Нівы"

Пратэсты ў ноч з 9 на 10 жніўня. Фота "Нашай Нівы"

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае звесткі пра людзей, у дачыненні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасля затрыманняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта. Па стане на 9 верасня "Вясне" вядома больш чым пра 100 падазраваных па такіх справах у розных гарадах краіны.

Артыкул 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі)

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” вядомы прозвішчы мінімум 82 чалавек, якія былі затрыманы ў межах крымінальных спраў аб масавых беспарадках па арт. 293 КК РБ. З іх у дадзены момант пад вартай працягваюць знаходзіцца як мінімум 46 чалавек (27 чалавек у Мінску і як мінімум 19 у рэгіёнах).

Беларуская праваабарончая супольнасць лічыць пераслед грамадзян за арганізацыю ці ўдзел у масавых беспарадках палітычна матываваным і патрабуе неадкладнага вызвалення затрыманых у межах гэтых спраў. Частка затрыманых ужо прызнаная беларускімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

  • Затрыманыя альбо перавезены ў Мінск

Юры Васкрасенскі, бізнэсмэн і каардынатар штаба Віктара Бабарыка. Быў затрыманы 12 жніўня. На наступны дзень у сюжэце "Беларусь 1" яго назвалі арганізатарам пратэстаў у сталічным мікрараёне Уручча. Паводле інфармацыі ад яго жонкі, ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ па падазрэнні ў здзяйсненні злачынстваў па артыкулах 293 (масавыя беспарадкі) і 310 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый) Крымінальнага кодэкса. 

Уладзіслаў Карэцкі, валанцёр штаба Віктара Бабарыка, знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасці падазраванага па 293-м артыкуле.

Таксама затрыманы валанцёр штаба Бабарыка Ігар Ярмолаў. Паводле інфармацыі, якую паведамілі TUT.BY бацькі, ён быў збіты, цяпер знаходзіцца ў вайсковым шпіталі. Ён затрыманы таксама па артыкуле 293 КК РБ.

Папярэдне ў рамках справы аб масавых беспарадках затрыманыя яшчэ тры валанцёры штаба Віктара Бабарыка і ініцыятывы "Сумленныя людзі".

  • Лявон Халатран - знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага.
  • Антон Бяленскі - знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Андрэй Пазняк - валанцёр ініцыятывы "Сумленныя людзі", быў моцна збіты пры затрыманні.

У Мінску працягваюцца затрыманні актывістаў штабу Бабарыкі

За пошнія некалькі дзён былі затрыманы яшчэ мінімум шэсць чалавек са штаба Віктара Бабарыкі і ініцыятывы "Сумленныя людзі

Таксама быў затрыманы дырэктар прыватнага прадпрыемства "Бондастыль" Сяргей Міхяёнак у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сяргей быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка. У ягонай кватэры прайшоў ператрус: забралі ноўтбукі, кампутар, усе мабільныя тэлефоны, асабістыя грошы жонкі. Вядома, што спачатку Сяргей быў у СІЗА КДБ, затым яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, праз 10 дзён вызвалілі.

У Мінску затрымалі сябра ініцыятыў?ай групы Бабарыкі Сяргея Міхяёнка

12 жніўня ў Мінску быў затрыманы 48-гадовы Сяргей Міхяёнак, дырэктар прыватнага прадпрыемства «БондаСтыль». Сяргей быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, на ўласным аўтамабілі збіраў подпісы ў яго падтрымку, таксама быў зарэгістраваны ў якасці назіральніка на выбарах. Каардынатарам штаба Бабарыкі ён не быў.

Пад падпіску аб нявыездзе выпушчаны з СІЗА КДБ Ігар Бяленскі. Ён застаецца ў статусе падазраванага.

Сябраў ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыка Арцёма і Аляксандру Моладавых, затрыманых 12 жніўня дома ў Гомелі, перавезлі ў Мінск У ЦІП на Акрэсціна. Першапачаткова яны былі затрыманыя як падазраваныя паводле артыкула 342 КК ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Аднак абвінавачванне па гэтым артыкуле ім не прад'явілі - справу перакваліфікавалі ў 293 КК РБ. Паводле апошніх звестак, Моладавых адпусцілі з пад варты. 

Сябраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі ў Гомелі "адпусцілі" з ІЧУ і адразу адправілі ў Менск

Сябраў ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі Арцёма і Аляксандру Моладавых, затрыманых 12 жніўня дома ў Гомелі, перавезлі ў Менск У ЦІП на Акрэсціна.

Па справе аб масавых беспарадках былі затрыманыя валанцёры штаба Ціханоўскай Алег Маісеенка, Арцём Панасюк і Дзмітрый Нагайчанка. Яны былі вызвалены без прад'яўлення абвінавачвання.

У межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (ч. 1 арт. 293 КК РБ) 13 жніўня затрыманыя актывісты анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч і Акіхіра Ханада. Абодва яны пераведзеныя з ізалятара на вул. Акрэсціна ў СІЗА-1. Ім прад'яўлены абвінавачванні.

Затрыманых у Гомелі актывістаў Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава і Аляксандра Шабаліна перавезлі з Гомельскага ІЧУ ў мінскі СІЗА-1. Усе трое затрыманыя ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (293 КК РБ). Ім прад'яўлены абвінавачванні.

Палітыку Паўлу Севярынцу прад'явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках). Ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. Да гэтага Севярынец амаль тры месяцы знаходзіўся ў мінскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе адбываў адзін за адным адміністрацыйныя арышты за ўдзел ці заклікі да несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Расейцы Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў. Як піша TUT.BY, 12 жніўня ў эфіры «Беларусь 1» паказалі сюжэт, дзе са спасылкай на Следчы камітэт гаварылася аб іх затрыманні ў якасці падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Важанкоў, хоць і па-ранейшаму з'яўляецца фігурантам крымінальнай справы, быў адпушчаны на волю 15 жніўня.

28-гадовы дальнабойшчык Зміцер быў затрыманы дома 13 жніўня. Як распавяла TUT.BY яго мама, хлопец у ноч з 10 на 11 жніўня прысутнічаў на акцыі каля станцыі метро "Пушкінская". Яго папрасілі перагарадзіць дарогу машынай камунальнай службы. Ён гэта зрабіў, цяпер яму ставяць у віну тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (Масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 310 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый), ч. 3 арт. 214 (Крадзеж транспартнага сродку, учынены з прымяненнем насілля, небяспечнага для жыцця або здароўя, альбо з пагрозай яго прымянення).

Абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ (арганізацыя масавых беспарадкаў) прад'яўленае Ігнату Сідорчыку. Паводле апошніх звестак, ён знаходзіўся ў ізалятары ў Жодзіна, верагодна, ужо пераведзены ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінск.

Таксама вядома, што па артыкуле 293 КК РБ былі затрыманыя Юрый Савіцкі (сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, ужо прад'яўлена абвінавачванне, знаходзіцца пад вартай), Арцём Хвашчэўскі, Арцём Саўчук, Дзяніс Ч. (прад'яўлена абвінавачванне), Дзмітрый Кубараў, Руслан Парфёнаў (пераведзены з Мазыра), Сяргей Капанец, Мікалай Сасеў, Аляксей Караткоў. Яна знаходзяцца ў СІЗА-1.

31 жніўня ў Мінску быў затрыманы валанцёр "Вясны" Павел Гарбуз. Стала вядома, што ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса. Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 9-12 жніўня ў Мінску. Ён знаходзіцца ў статусе падазраванага ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага. 

Валанцёра "Вясны" падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў

На валанцёра Валанцёрскай службы "Вясны" Паўла Гарбуза распачалі крымінальную справу паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (Масавыя беспарадкі). Яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў 9-12 жніўня ў Мінску. На дадзены момант Павел затрыманы і знаходзіцца ў статусе падазраванага ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Віталь Шкляр, Аляксандр Гурнік, Ігар Гантавы, Яўген Малашэвіч, Сяргей Маркін, Юрый Стрыжак і яшчэ мінімум 15 чалавек - падазраваныя па справе аб "масавых беспарадках", адпушчаны з ІЧУ.

Мінімум 3 чалавекі затрыманы ў межах гэтай крымінальнай справы на 72 гадзіны, іх статус высвятляецца.

  • Затрыманыя ў рэгіёнах

Віктар Шаура быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. 13 жніўня яго маці патэлефанаваў следчы з Віцебска і паведаміў, што яе сыну выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Віктар Шаура пераведзены ў віцебскі следчы ізалятар. У кватэры Шауры прайшоў ператрус.

31 жніўня ў Полацку быў затрыманы Вячаслаў Бойка па падазрэнні ў злачынстве па ч.2 арт.293 КК РБ. Справа датычная падзеяў 10 жніўня, калі адбылася бойка з міліцыянтамі. Мужчына быў распазнаваны на відэа, запісанае гарадскімі камерамі. У выніку Бойку вызвалілі, ён пад падпіскай аб нявыездзе.

У Карэлічах у межах справы аб масавых беспарадках (ч.1 арт. 293 КК РБ) у статусе падазраванага праходзіць Сяргей Уласевіч. Цяпер ён на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Таксама пад вартай застаецца Дзяніс Кірэшчанка па гэтай жа крымінальнай справе.

У Гродне справа аб масавых беспарадках заведзеная на давераную асобу Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Ціта. Па апошніх звестках, Дзмітрый пакінуў краіну.

У СІЗА Брэста знаходзяцца падазраваныя па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК РБ):

  • Ягор Пракапчук,
  • Віталь Пракапчук,
  • Ілля Мігно,
  • Віктар Панцялееў,
  • Мікіта Ганчароў - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Змешчаны пад варту на 2 месяца.
  • Максім Зіневіч - 10 жніўня падчас акцыі пратэсту быў паранены гумовай куляй у нагу. Затрыманы 25 жніўня.

31 жніўня ў Брэсце ўзяты пад варту Міхаіл Калішук па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 293 КК РБ. Месцазнаходжання высвятляецца. Чацвёртага верасня на выхадзе з дому быў затрыманы Вадзім Дубойскі па тым жа артыкуле. Знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага раёна Брэста. 

17-гадовы берасцеец Аляксандр Тэлешман зараз на волі ў статусе падазраванага па гэтай жа справе. Таксама на волі падазраваны Марык Сірадзэ.

У Мар'інай горцы па гэтым жа артыкуле праходзіць Аляксандр Мурын. Ён на волі.

У СІЗА Баранавічаў знаходзяцца мінімум 9 чалавек, затрыманых у Пінксу па артыкуле аб масавых беспарадках. Сярод іх:

  • Артур Халімончык - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках),
  • Раман Багнавец - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ,
  • Вячаслаў Рагашчук - прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 КК РБ,
  • Алег Рубец,
  • Данііл Богнат,
  • Алена Маўшук,
  • Ігар Салавей.

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках

Артыкул 363. Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак

Андрэй Сяргеенкаў з Полацка быў затрыманы 9 жніўня, знаходзіцца ў СІЗА Полацка (верагодна будзе пераведзены ў Віцебск). Андрэй з'яўляецца вайсковым юрыстам, жыве ў інтэрнаце пры вайсковай частцы, дзе прайшоў ператрус.

Справа па гэтым жа артыкуле заведзеная на Рамана Караневіча са Слуцка. Раман моцна збіты.

Як паведамляе TUT.BY, Міхаіл Сімакоў быў затрыманы 11 жніўня. Як паведамлялася, яго затрымалі ў раёне ГЦ "Дана Мол" з 10 тысячамі долараў у заплечніку — нібыта ён плаціў удзельнікам беспарадкаў. Сам Міхаіл Сімакоў і яго жонка распавялі іншую версію падзей: мужчыну затрымалі каля пад'езда людзі ў цывільным, ён падумаў, што гэта рабаванне — з сабой у яго было каля 9 тысяч долараў, выручаных ад продажу машыны (ёсць адпаведны дагавор). З ізалятара мужчыну выпусцілі 14 жніўня пад падпіску аб нявыездзе, аб абвінавачваннях у арганізацыі беспарадкаў нічога не паведамілі. Пры вызваленні яму не вярнулі грошы, а цяпер прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў).

У Баранавічах у статусе падазраванага па справе па арт. 363 КК РБ знаходзіца Эдуард Жданко. Зараз ён на волі пад падпіскай аб нявыездзе. 

Артыкул 364. Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў

Максім Кучынскі затрыманы 9 жніўня ў Слоніме на мірнай акцыі, абараняў дзяўчыну, якую пачалі біць. На наступны дзень яму далі 7 сутак арышту і адначасова пачалі крымінальную справу. Цяпер ён на волі пад падпіскай.

Таксама ў Баранавіцкім СІЗА знаходзіцца Віктар Купрык, які, на думку следства, кідаў растваральнік у супрацоўнікаў міліцыі. Па расказах сваякоў, мужчына проста вёз растваральнік дадому жонцы.

У шпіталі ў Гродна знаходзіцца збіты Аляксей Лапа. На яго завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК — Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Таксісту, якога збілі ў Горадні амапаўцы, пагражае крыміналка

У ноч з 11 на 12 жніўня таксіст Аляксей Лапа скончыў працу і прыехаў да сяброў да крамы "Алмі" на вуліцу Савецкіх памежнікаў. Туды пад'ехала браніраваная тэхніка і таніраваны мікрааўтобус з супрацоўнікамі АМАПа. Кіроўца таксі прыціснуўся да абочыны, але амапаўцы выйшлі і пачалі біць машыну. З'яжджаючы, Аляксей зачапіў супрацоўніка. Верагодна, гэта быў амапавец, які ўжо раней засвяціўся на адным з палітычных судоў у Гродне.

Жыхарка Грродна Марына Палікарпава 9 жніўня гуляла з братам у цэнтры горада, удзельнічаць у акцыі не збіралася. Аднак яе ўсё роўна затрымалі, пасадзілі ў бус, дзе яе пачалі абражаць і збіваць дзве жанчыны - прапаршчык міліцыі Дар’я Бандарчук і прапаршчык міліцыі Марыя Мазуркевіч. Адна з іх пачала душыць жанчыну, у адказ яна ўкусіла міліцыянтку за руку. Зараз на жанчыну завялі крымінальную справу па арт. 364 КК РБ.

"Амапаўка пачала мяне душыць. Я яе за руку і ўкусіла". 55-гадовую гарадзенку збілі і завялі крымінальную справу

Жыхарку Гародні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і збілі супрацоўніцы АМАП. Пазней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку.

У СІЗА ў Бабруйску знаходзяцца бацька і сын Ігар і Алег Букасы, затрыманыя ў межах крымінальнай справы па арт. 364 КК РБ. Ігар Букас заступіўся за мужчыну, якога спынілі супрацоўнікі ДАІ за "пратэстную" музыку, за што на яго накінуліся амапаўцы і пачалі збіваць. Алег Букас кінўся на дапамогу бацьку і таксама быў збіты. 

У гомельскі СІЗА змешчаны Аляксандр Французаў са Жлобіна, затрыманы ў ноч з 10 на 11 жніўня. Яго падазраюць у злачынстве па арт. 364 КК РБ.

"Вясне" вядомыя прозвішчы яшчэ мінімум 5 чалавек, які знаходзяцца ў статусе падазраваных па дадзеным артыкуле і адначасова па артыкуле 342 КК РБ (Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Артыкул 342 КК РБ. Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Асобна па артыкуле 342 КК РБ распачатая справа ў адносінах да жыхара Мазыра Уладзіслава Падалінскага.

Таксама па 342-м артыкуле заведзена крымінальная справа ў Гродне. Актывістаў пачалі выклікаць на допыты ў якасці сведкаў.

У Жлобіне крымінальная справа па гэтым артыкуле ўзбуджана супраць Аляксандра Кісялёва і Яўгена Каханоўскага. Кісялёў не выйшаў на волю пасля арышту, прысуджанага за ўдзел у акцыі ў ноч з 11 на 12 жніўня, Каханоўскі быў затрыманы пазней - 27 жніўня. Абодва са Жлобіна пераведзены ў СІЗА Гомеля. Вядома, што па гэтай справе акрамя Кісялёва і Каханоўскага затрыманы яшчэ чатыры чалавекі.

Інфармацыя будзе абнаўляцца.


Калі вашы блізкія пасля затрыманняў на мірных акцыях сталі фігурантамі крымінальных спраў, паведаміце, калі ласка "Вясне" па любым з указаных кантактаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства