viasna on patreon

“Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Сведчаць пацярпелыя

2020 2020-08-22T14:23:23+0300 2020-08-22T14:48:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gushcha_12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

48-гадовы Васіль Гушча быў затрыманы ўвечары 10 жніўня каля кінатэатру “Масква” на Нямізе. На волю выйшаў раніцай 14 жніўня. Васіль распавёў “Вясне” пра катаванні на Акрэсціна, як яго перавозілі ў жодзінскую турму і ў якіх умовах ён там утрымліваўся. 

Васіль Гушча. Фота: spring96.org
Васіль Гушча. Фота: spring96.org

“Ты прыйшоў нас біць?”

“Я сядзеў і глядзеў, што адбываецца навокал. Потым спыніўся бус, я ўбачыў, як выскачылі “касманаўты”. Я паспрабаваў сбегчы ад іх, бо я прыкладна ведаў, чым магло скончыцца маё затрыманне, але не паспеў. Мне паставілі падножку, я упаў. Мяне схапілі і зацягнулі ў бус сіняга колеру без апазнавальных знакаў. Там адразу пачалі крычаць на мяне: “Ты прыйшоў нас біць?” У мяне адразу забралі заплечнік і зацягнулі рукі пласцікавымі ланцугамі. Адзін “касманаўт” пачаў біць мяне ў твар, а другі — даглядаць сумку. Пакуль адзін біў, другі выцягнуў бчб-сцяг і пачаў крычаць, што ён таксама хоча ўдарыць мяне. Ніякіх апазнавальных знакаў у гэтых АМАПаўцаў не было, але ў аднаго быў вельмі малады голас, не падлетак, але дзесьці 20 год і вочы маладыя.

Білі амапаўцы рукамі, прычым у дзве рукі. Я паспрабаваў схаваць твар пад сядзенне, бо было вельмі балюча. Тады яны пачалі біць ужо мяне па спіне і нагамі па нырках. Больш я нічога не памятаю, бо мяне ўжо выцягнулі з буса ў непрытомнасці і кінулі ў аўтазак.

“І вось гэтыя метраў 50 яны ўвесь час білі нас палкамі”

У аўтазаку я ўжо прыйшоў у сябе. Там я ляжаў зверху на 30-ці чалавеках. Знізу даносіліся стогны, бо людзям было вельмі цяжка ляжаць пад намі.

Потым нас завезлі ў спартзал нейкага РУУС. Адчынілі дзверы аўтазаку і загадалі шпарка выбягаць, але я не мог шпарка бегчы. Нам трэба было выйсці з аўтазака на зямлю, потым трэба было ісці ў падвал і бегчы па яму. І вось гэтыя метраў 50 яны ўвесь час білі нас палкамі. Там нас паклалі на падлогу, нас так спакавалі, што паміж намі не было месца. Кожнаму прысвоілі нумар. Прыкладна, нас там было два рады па 30 чалавек.

У РУУСе мы падпісвалі яшчэ нейкія пратаколы, але нам іх прачытаць ніхто не даваў”.

Віталь у спартовай залі РУУС Мінска быў пад нумарам шэсць:

“Я ляжаў вельмі доўга. Збівалі тых, хто павярне галавой, альбо тых, хто нешта спросіць. Наогул білі ўсіх. Калі бачылі белыя стужкі ў людзей — збівалі. Казалі пры гэтым: “Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Аднаго хлопца катавалі наступным чынам: адзін стаў на ногі на костку, другі — на спіну, а трэці падсунуў пад дос бацінак, ён адвярнуў галаву. Яны яго моцна збівалі.

“Падняў мой твар, каб усе бачылі як разбілі яго”

Я ляжаў на падлозе каля двух гадзін. У мяне вельме зацяклі рукі і мяне пачало трасці. Я папрасіў, каб мне развязалі рукі, яны адрэзалі гэтую ленту, бо развязаць ужо не маглі і надзелі жалезныя кайданкі. І кожнаму, каму зрэзалі ленту яны адзявалі кайданкі. Калі чалавек варушыўся, то яму кайданкі зацягвалі ўсё мацней и мацней. Мы прасілі, каб іх паслабілі, мы ж нікуды не збягаем, а ляжым, часам яны рабілі гэта.

Калі нас паднялі, то да мне падышоў нейкі палкоўнік і чалавек у цывільнай вопратцы. У мяне быў разбіты твар. Той у цывільным падсунуў мне пад бараду дубінку, як у фільмах, і падняў мой твар, каб усе бачылі як разбілі яго. Яны падзівіліся і ён адпусціў твар. Мне загадалі зноў легчы на падлогу.

Пасля двух гадзін на падлозе мяне адправілі на верх. Там меня ўзяў малады міліцыянт, бо я не мог ісці. У мяне была збіта ўся спіна і твар. Я папрасіў гэтага міліцыянта, каб ён не штурхаў мяне толькі, бо я ледзь перасоўваўся. Гэты хлопец быў у чорным абмундзіраванні. Па яго вачах было бачна, што ён гатовы быў плакаць ад таго, што тварыцца там, унізе. І, калі мы праходзілі праз іншых міліцыянтаў, то ён сказаў толькі: “Давай хутчэй!”

У камеры я прабыў да раніцы. Яна была памерам тры на тры, у ёй змяшчаліся пяць чалавек. Я лёг на падлогу, бо яна была халодная, я так лепш сябе адчуваў. Потым хлопцы сказалі, каб я падымаўся, бо прастыну. Мы ўсе падтрымлівалі адзін аднога.

Увесь час былі крыкі: “Вы хочаце, каб тут быў Майдан?”, “Вы за водку прыйшлі змагацца?”,”Вы хочаце, каб краіну расхісталі?”  Абражалі, казалі, што нам нібы грошы плацяць. І кожны раз яны збівалі, білі, лупілі. Галаву павярнуў – біць, на пытанне не так адказаў – біць, прамаўчаў – біць. З кожнага кута ўвесь час даносіліся крыкі і стогны. Тыя, каму не хапіла месца на паверсе ў камерах, яны казалі, што над імі здзеквалася жанчына.

“Нам прыйшлося чатыры гадзіны сядзець у аўтазаку”

Васіля Гушчу з яшчэ 30 затрыманымі этапавалі ў жодзінскую турму.

“У аўтазаку нам не было, чым дыхаць. Мы прасілі, каб уключылі венцілятар, бо мы задыхаліся. Мы мяняліся месцамі, падтрымлівалі адзін аднога. Калі нас прывезлі ў Жодзіна, то апынулася, што яны забыліся дакументы і нам прыйшлося чатыры гадзіны сядзець у аўтазаку.

Ахоўнікі ў зялёнай вопратцы там далі нам вады і вядро, куды можна було схадзіць у туалет. Праўда, было дзве бутэлькі на 30 чалавек. Нас адразу змясцілі ў шпацырныя камеры, там мы прабылі доўга. З моманту затрымання нас ніхто не карміў. У камеры, у якую нас змясцілі, было 12 ложак на 35 чалавек. Тым, каму не хапала ложак, аддавалі коўдры. Мы сцялі іх на палогу і спалі так.

Ніякага суда з 11 чысла не было. Проста прыходзілі і апісвалі нас, нашы прозвішчы. 13 чысла прыкладна ў гадзіны тры ночы забралі восем чалавек, з суседніх камер таксама забіралі людзей. Нам казалі, што ў краіне бунтуюць і будуць увечары падсяляць людзей. І сапраўды прывялі людзей.

14-га раніцай нас усіх вывялі на карыдор, паставілі да сцяны, далі дакументы падпісаць, што мы ніколі не будзем больш выходзіць на массавыя мерапрыемства. Аддалі нам рэчы. Там усё валялася: тэлефоны, грошы, ланцугі, гадзіннікі. Людскія рэчы проста валяліся. Мне пашанцавала, што ў меня заплечнік быў зашпілены, і ўсе мае рэчы засталіся там. І нават сцяг”.

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Сведчаць пацярпелыя: "Мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!"

6-гадовы мянчук Аляксандр Лук'янскі ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому з працы. Ён ведаў, што ў горадзе людзі збіраюцца на мірныя пратэсты, таму вырашыў выклікаць таксі.

Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”

Стаса Дзядова затрымалі 11 жніўня ў Мінску, каля парку Дружбы народаў. Сілавікі вылілі на яго белую фарбу, тым самым "пазначыўшы" яго. Стас распавёў "Вясне" пра тое, як усё адбывалася, і што яму давялося перажыць.

Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"

18-гадовага Іллю затрымалі 11 жніўня каля "Пушкінскай", калі той на машыне накіроўваўся ў родны горад. Ён распавёў "Вясне", як з ім бесчалавечна абыходзіліся і збівалі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска і на Акрэсціна.

Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры

Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.

 "Забралі станік з пратэзам грудзей". Сведчаць пацярпелыя

Мінчанка Марыя Амбросава распавяла "Вясне", як яна з мужам Юрыем 10 жніўня пайшла ў міліцыю напісаць заяву аб знікненні затрыманага сына, але апынуліся самі ў аўтазаку, а потым на чацвёра сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Усе гэтыя дні яны не ведалі, што іх сына адпусцілі, таму, калі ад збіванняў крычалі людзі, Марыі здавалася, што крычыць яе сын. Што яшчэ ёй, яе мужу і іншым давялося перажыць на Акрэсціна – чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства