viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: "Пры затрыманні супрацоўнікі ДАІ зламалі мне руку”

2020 2020-08-22T16:47:47+0300 2020-08-22T16:57:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aliaksey_praharenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Аляксей Прахарэнка працуе таксістам у Мінску. 11 жніўня ён ехаў з кліентам, калі яго спынілі, а затым і затрымалі супрацоўнікі ДАІ (у форме ДПС). Пры затрыманні яны зламалі руку Аляксею, з-за чаго на Акрэсціна ён правёў каля паўгадзіны. Але за гэты час яму давялося пабачыць многае.

Аляксей Прахарэнка
Аляксей Прахарэнка

11 жніўня ў 19.27, на скрыжаванні вуліцы Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны, мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ. Я паказаў ім дакументы, а яны сказалі: "аддавайце дакументы". Я сказаў, што не абавязаны. Яны пачалі мяне круціць, збіваць, надзелі кайданкі, кінулі ў звычайную газель белага колеру. Пакуль везлі ў Цэнтральнае РУУС, усю дарогу збівалі.

Кліента з машыны проста выкінулі.

Калі мяне прывезлі ў Цэнтральнае РУУС, адразу выкінулі на вуліцу і павялі ў двор да амапаўцаў. І там я бачыў поўную жэсць: як нашых беларусаў, хлопцаў і дзяўчат, лупяць дубінкамі. Яны ляжалі на асфальце, некаторыя стаялі на каленках — ідуць амапаўцы і па-жорсткім лупяць іх дубінкамі. Я такой жорсткасці ў Беларусі не бачыў ніколі.

"Вясна": Як вы зразумелі, што знаходзіцеся ў Цэнтральным РУУС? Вам паведамлялі пра гэта?

Калі мяне затрымлівалі даішнікі, паміж сабой яны сказалі: вязем яго ў Цэнтральнае РУУС. Я як таксіст горад ведаю, і калі мяне прывезлі, я [зразумеў], што мы сапраўды ў Цэнтральным РУУС. Але там я пабыў хвілін 30. Наколькі я зразумеў, там не хапала месцаў, і мяне перавезлі на той жа самай машыне ў Фрунзенскае РУУС. Адправілі ў спартзалу — там усё ляжалі на падлозе, многія на каленях — і над імі здзекаваліся... білі дубінкамі, нагамі... на руках у людзей былі жалезныя кайданкі. Амапаўцы пры гэтым усміхаліся і крычалі: «Мы навучым, як любіць Прэзідэнта».

Потым нас прымусілі падпісваць пратаколы. Хто не згаджаўся — білі. Многія гублялі прытомнасць.

Я заўважыў, што ў мяне апухлая рука. Прасіў выклікаць медыкаў, але ніхто не адгукаўся.

У Аляксея на целе засталося мноства слядоў ад пабояў. Фота Аляксея Прахарэнка
У Аляксея на целе засталося мноства слядоў ад пабояў. Фота Аляксея Прахарэнка

Потым мяне адправілі ў камеру, дзе пратрымалі да абеду (12 жніўня). Павезлі на Акрэсціна. Там нас адразу кінулі на зямлю. Адзін з амапаўцаў заўважыў, што ў мяне апухлая рука, І паклікаў медыка. Той, агледзеўшы, сказаў выклікаць хуткую. Прыляцелі тры экіпажы, якія забіралі пацярпелых. Пакуль я чакаў лекара, мяне пасадзілі асобна — і была магчымасць паглядзець вакол. На ЦІПе я бачыў, як білі цяжарную жанчыну. Калі ж мяне павялі да хуткай, то ў дворыку ІЧУ я ўбачыў, як натоўп людзей ганялі па крузе і білі дубінкамі. Хто падаў — білі нагамі і ўздымалі. Я быў у шоку.

Такім чынам, на Акрэсьціна я прабыў хвілін 30-40.

На хуткай нас вывезлі чатырох чалавек. Мяне адвезлі ў РНПЦ, бо траўматалогіі былі занятыя.

"Вясна": Што з вашай машынай таксі?

Яе забраў дырэктар. Колы прастрэленыя, пашкоджаны бампер, адчыненыя вокны — гэта зроблена спецыяльна.

"Вясна": Аб чым быў ваш пратакол?

Сам пратакол тады я не змог прачытаць. Але калі мае знаёмыя мяне шукалі, яны даведаліся, што затрымалі мяне па артыкулах "дробнае хуліганства» і "супраціў" пры затрыманні. Калі я пайшоў падаваць заяву ў Цэнтральнае РУУС, яго не прынялі. І ўжо спасылаліся на тое, што мой пасажыр не быў прышпілены —  за гэта мяне [нібы] затрымалі.

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

“Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Сведчаць пацярпелыя

48-гадовы Васіль Гушча быў затрыманы ўвечары 10 жніўня каля кінатэатру “Масква” на Нямізе. На волю выйшаў раніцай 14 жніўня. Васіль распавёў “Вясне” пра катаванні на Акрэсціна, як яго перавозілі ў жодзінскую турму і ў якіх умовах ён там утрымліваўся.

Сведчаць пацярпелыя: "Мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!"

26-гадовы мянчук Аляксандр Лук'янскі ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому з працы. Ён ведаў, што ў горадзе людзі збіраюцца на мірныя пратэсты, таму вырашыў выклікаць таксі.

Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”

Стаса Дзядова затрымалі 11 жніўня ў Мінску, каля парку Дружбы народаў. Сілавікі вылілі на яго белую фарбу, тым самым "пазначыўшы" яго. Стас распавёў "Вясне" пра тое, як усё адбывалася і што яму давялося перажыць.

Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"

18-гадовага Іллю затрымалі 11 жніўня каля "Пушкінскай", калі той на машыне накіроўваўся ў родны горад. Ён распавёў "Вясне", як з ім бесчалавечна абыходзіліся і збівалі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска і на Акрэсціна.

Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры

Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства