«Мяне хавалі ад расейскіх консулаў», — грамадзяніна Расеі лічылі зьніклым, а ён быў на Акрэсьціна
23 жніўня ўвечары з Акрэсьціна выйшаў адзін з апошніх затрыманых пасьля выбараў — грамадзянін Расеі Міхаіл Дарожкін, якога родныя і консулы шукалі 10 дзён. Выйшаў са штампам аб дэпартацыі і забароне ўезду ў Беларусь на 5 гадоў, распавядае ён Радыё Свабодзе.
Міхаіл Дарожкін 8 жніўня прыехаў у Менск. Ён даўно жыве ў Санкт-Пецярбурзе, мае расейскае грамадзянства, працуе ў ІТ-сфэры. Родам зь Беларусі, бацькі жывуць у Воршы, брат Павал — у Менску.
Паколькі авія- і чыгуначныя зносіны паміж Расеяй і Беларусьсю часова прыпынілі праз каранавірус, Міхаілу давялося ехаць аўтобусам з Санкт-Пецярбургу ў Менск. Спыніўся ў сяброў. Два дні гуляў па горадзе як турыст, у фэйсбуку пасьпеў выставіць фота и відэа — стаў сьведкам затрыманьня скейтбардыста 8 жніўня каля мэтро «Кастрычніцкая».
Увечары 9 жніўня выправіўся на чыгуначны вакзал, каб даехаць да Воршы, дзе жывуць яго бацькі.
«На пустой вуліцы Ленінградзкай прыкладна а 21.30 стаяла ачапленьне міліцыі. Я яго сфатаграфаваў. Да мяне падышлі міліцыянты і сказалі, што дарма я гэта зрабіў. Гэта былі курсанты, яны падвялі мяне да мікрааўтобуса цёмна-срабрыстага колеру без нумароў. У ім былі чатыры байцы АМАПу і пару чалавек у цывільным.
Я паказаў дакумэнты, што я грамадзянін Расеі, што маю квіток да Воршы, паказаў пасьведчаньне аб нараджэньні — нарадзіўся ў Воршы, фота пашпарту бацькі, што ён жыве ў Воршы. Мне сказалі: „Табе вельмі пашанцавала, выдалі з тэлефону фота і відэа і ідзі на цягнік“», — расказаў Міхаіл.
«У Кастрычніцкім РУУС было як ў кіно пра нацыстаў. На Акрэсьціна — 33 чалавекі ў камэры»
Дарожкіна адпусьцілі, і малады чалавек пайшоў у бок вакзалу. Але літаральна праз 30 сэкунд сілавікі схамянуліся і забралі яго ў той жа бусік, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і павезьлі ў Кастрычніцкае РУУС. Там склалі два пратаколы: адзін — што ён чапляўся да мінакоў, і другі — што аказваў супраціў міліцыі.
«Супрацоўнікі міліцыі сказалі мне: „Мы ўсё разумеем, пішы, што ты ня згодны, і далей усё нармальна, будзем разьбірацца. І на судзе дадуць штраф і ўсё“.
У двары Кастрычніцкага РУУС было як у кіно пра нацыстаў: нам вельмі моцна сьцягнулі рукі, нават міліцыянты потым сказалі, каб так не рабілі — бо тры дні не праходзілі сьляды. Потым прывезьлі ў двор ізалятару часовага ўтрыманьня.Там стаялі такія ж хлопцы ў камуфляжы ўнутраных войскаў, у руках — дручкі. Усіх білі.
11 жніўня мяне зь сямю сукамэрнікамі перавялі ў камэру, дзе былі ўжо 25 чалавек. То бок нас у камэры памерам 2,2 на 5,3 мэтра апынулася 33! А там жа яшчэ тумбачкі, параша, умывальнік. Было вельмі горача, на вокнах — вада, лазьня! У камэры насупраць нас чалавек запатрабаваў туалетнай паперы і мыла — яга 12 разоў ударылі дубінкай па сьпіне», — кажа Міхаіл.
Тры дні арыштантаў наагул не кармілі. Пасьцельнай бялізны спачатку не было, яе выдалі толькі праз 5 дзён, калі людзей пачалі масава выпускаць.
«Людзей паставілі на калені і прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн Беларусі»
Міхаіл апавядае, што асабіста яго амаль ня білі, проста пашанцавала. Але ўва ўсіх чатырох камэрах, празь якія ён прайшоў за два тыдні, людзей зьбівалі жорстка.
«Я асабіста бачыў і чуў, як білі сем соцень чалавек. Прыкладна з другой ночы да шостай аднаго хлопца ўдарылі 50 разоў гумавай дубінкай па сьпіне. Раніцай людзей і з ІЧУ, і з ЦІП выводзілі ва ўнутраны двор ЦІП і працягвалі жорстка біць.
Самае страшнае відовішча было на другую ноч: людзі стаялі на каленях, іх прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн Беларусі і жорстка зьбівалі — па жываце, па сьпіне, па нагах», — апавядае пецярбурскі праграміст.
Консула да грамадзяніна Расеі дапусьцілі на 10-ы дзень зьняволеньня.
Ані сваякам, ані сябрам Дарожкіна не паведамлялі, дзе ён знаходзіцца. Ягоная жонка ў Санкт-Пецярбурзе зьвярнулася ў беларускае консульства, бацька — у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Расейскі консул у Менску аб’езьдзіў чатыры ізалятары, езьдзіў у Жодзіна, і паўсюль казалі, што расейца Дарожкіна там няма.
«Я трапіў у нейкую шпіёнскую гісторыю: мяне хавалі ад консулаў. Консулаў, якія прыехалі сёньня па мяне пры вызваленьні, я пабачыў прыкладна на 10-ы дзень. Прычым яны прыходзілі штодня, штодня з ізалятару выводзілі грамадзян Расеі. Усіх даволі хутка вызвалілі. Я застаўся адзін. І толькі ў мінулы чацьвер, на 10-ы дзень я сустрэўся з расейскім консулам. Ён наагул думаў, што я ляжу дзесьці ў сутарэньнях зьбіты і мяне баяцца ім паказаць», — расказаў Міхаіл.
Консула да расейскага грамадзяніна Дарожкіна дапусьцілі толькі 20 жніўня. Пасьля таго, як ягоны брат Павал знайшоў Міхаіла ў сьпісах на Акрэсьціна.
Знаходзіўся ў пастарунку і на праспэкце Пераможцаў адначасова
Два першыя пратаколы на Дарожкіна склалі пры затрыманьні ў Кастрычніцкім РУУС. На Акрэсьціна зьявіўся яшчэ адзін пратакол, нібыта Дарожкін — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, але жыве ў Менску.
«І ў той жа час, калі я быў затрыманы і знаходзіўся ў Кастрычніцкім РУУС, я, як выявілася, быў на праспэкце Пераможцаў, 93, і крычаў „Стоп таракан!“ і „Свабоду Статкевічу!“ Прабачце, але я сапраўды ня ведаю, хто такі Статкевіч. То бок у суме на мяне склалі ажно тры пратаколы. Мне сказалі: падпісвай, што згодны, і празь дзьве гадзіны выйдзеш са штрафам. Гэта было 10 жніўня», — працягвае сваю дзіўную гісторыю Міхаіл.
Але 11 жніўня, мабыць, наказ памяняўся, і прайшоў першы суд. У ЦІП на чацьвёрты паверх прыгналі каля дзясятка судзьдзяў — з Маскоўскага, Фрунзэнскага і іншых раёнаў. Судзілі па камэрах, а камэры былі перапоўненыя прыкладна ў 8 разоў. На першым судзе Міхаілу прысудзілі 7 содняў арышту.
Другі суд быў 13 жніўня.
«Прыехала супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага раёну. Судзіць мяне мусілі паводле двух пратаколаў. Я сказаў судзьдзі, што мяне ўжо адзін раз асудзілі на 7 сутак. Судзьдзя дадаў яшчэ 14 сутак. То бок атрымалася за 3 пратаколы па 7 сутак — у суме 21 суткі!
Далей першыя два пратаколы зьніклі. Як яны зьявіліся з паветра — так і зьніклі», — кажа Міхаіл.
«Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта «яны прывезьлі сюды Майдан»
Пасьля другога суду грамадзяніна Расеі перавялі ў камэру, дзе засталіся 4 чалавекі неасуджаныя, а ўсіх астатніх павезьлі ў Жодзінскую турму. Міхаіла таксама зьбіраліся перавезьці ў Жодзіна.
«Мне пашанцавала: трапіў на аднаго зь нешматлікіх адэкватных супрацоўнікаў ва ўсім ЦІПе. Я яму патлумачыў, што я грамадзянін Расеі. І ён сказаў, каб зь мяне зьнялі два прысуды і перавялі ў камэру з іншаземцамі.
Там былі хлопцы з Швайцарыі, Турэччыны, Польшчы, Туркмэністану, Таджыкістану, па пары расейцаў і ўкраінцаў з Данбасу. Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта „яны прывезьлі сюды Майдан“. У аднаго было вока, заплылае крывёю, у другога перабітыя ногі, і ён 4 дні ня мог стаяць. Ім усім супрацоўніца АГіМ выпісала штрафы ў 30 базавых. Іншаземцаў адпусьціцлі. А мне ў пашпарт паставілі штамп аб тэрміновай дэпартацыі».
На наступны дзень зноў зьявілася супрацоўніца АГіМ, якая паведаміла, што Дарожкіна выпусьцяць на волю 23 жніўня а 21.30, а літаральна праз 2,5 гадзіны, апоўначы 24 жніўня ён павінен пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. І цягам 5 гадоў ня мае права наведваць сваю радзіму.
З Акрэсьціна Дарожкіна сустракалі брат Павал і супрацоўнікі амбасады РФ у Беларусі. Яны адразу ж накіраваліся ў бок мяжы, каб пасьпець да поўначы давезьці Міхаіла да Смаленску. У аўторак раніцай Дарожкін дасьць прэс-канфэрэнцыю на Маскоўскім вакзале Санкт-Пецярбургу.
Цяпер у ЦІП на Акрэсьціна знаходзяцца каля 20 чалавек, паведаміў Міхаіл Дарожкін.