viasna on patreon

Праходзяць суды над сябрамі КС і затрыманымі на акцыях пратэсту: Дылеўскаму і Кавальковай па 10 сутак арышту Дапоўнена

2020 2020-08-25T11:09:56+0300 2020-08-25T22:36:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_zavodskoi_kavalkova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 жніўня ў судзе Заводскага раёна г. Мінска на 10.30 раніцы прызначаны судовы працэс над сябрай прэзідыўма Кардынацыйнага Савета Вольгай Кавальковай. Жанчыну затрымалі ўчора раніцай каля прахадной МАЗ, куды Вольга прыйшла разам з прадстаўніком стачкама ў КС Сяргеем Дылеўскім, каб падтрымаць рабочых. Абодва былі затрыманыя міліцыяй за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП). Ноч да суда Вольга Кавалькова правяла ў ІЧУ на Акрэсціна. 

Суд над Вольгай Кавальковай адбываецца праз відэасувязь. Як паведамляе Еўрарадыё, сакратар суда паведаміў, што ў кабінеце суддзі ёсць далучэнне да інтэрнэту. Але месцаў для слухачоў пасяджэння і журналістаў - амаль няма. 

sud_zavodskoi_kavalkova.jpg
Кабінет суддзі, дзе праходзіць разгляд справы супраць Вольгі Кавальковай. Фота Еўрарадыё

На працэсе прысутнічаюць Ганна Канапацкая і Марыя Калеснікава.

Суддзя - Дзмітрый Астапенка. Акрамя абвінавачвання па ч. 3 арт. 23.34 КаАП, на Вольгу Кавалькову складзены пратакол і за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП). У працэсе аб'яўлены перапынак да 14 гадзін, бо Вольга Кавалькова заявіла хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы. 

sud_zavodskoi_kavalkova2.jpg
Суддзя Дзмітрый Астапенка. Скрыншот з відэа Еўрарадыё

Дапоўнена

Суд над Вольгай Кавальковай з перапынкамі доўжыўся практычна цэлы дзень. Суддзя Дзмітрый Астапенка вынес рашэнне пакараць Вольгу 10 суткамі арышту.

Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч паведаміла, што Сяргей Дылеўскі таксама знаходзіўся ноч на Акрэсціна. Суд над ім распачаўся ў 12.00 у судзе Заводскага раёна. Суддзя Алена Капцэвіч.

Судзяць Сяргея Дылеўскага. Фота Радыё Свабода
Судзяць Сяргея Дылеўскага. Фота Радыё Свабода

Як паведамляе TUT.BY, Сяргей Дылеўскі распавёў абставіны свайго затрымання 24 жніўня:

"Прыехаў на Трактарны завод да 11 гадзін, хацеў абмеркаваць з сябрамі і знаёмымі сітуацыю на заводзе. Людзі выйшлі з перапынку пагаварыць з намі. Падышоў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, каб адказаць на нашы пытанні. І пад'ехаў аўтазак, нас забралі".

Як стала вядома з матэрыялаў справы, рапарт на Дылеўскага склаў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Партызанскага РУУС Аляксандр Блізнюк. У судзе высветлілася, праўда, што пратаколы Дылеўскага некалькі разоў мянялі і перапісвалі. Так, спачатку супрацоўніка МТЗ абвінавачвалі ў тым, што ён праз мэсэнджар заклікаў выйсці людзей на мітынг. У судзе зачыталі іншы пратакол - Дылеўскі сабраў рабочых на мітынг, дзе абмяркоўваў з імі страйк і грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Другі сведка, камандзір патрульна-паставой службы Партызанскага РУУС Аляксей Чуйко, як і Блізнюк не можа ўспомніць, што дакладна казаў Дылеўскі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы.

Падчас разгляду справы стала вядома, што супрацоўнікі Партызанскага РУУС уважліва чытаюць чат работнікаў завода "МТЗ 97%", некаторыя рэплікі Дылеўскага расцанілі як заклік да мітынгу, дзе ён піша, што ёсць два варыянты страйку - альбо 50 чалавек спыняюць працу, альбо рабочыя пераходзяць да італьянскай забастоўкі. 

Таксама супрацоўнікамі Партызанскага РУУС і ІЧУ было парушана права на абарону Сяргея Дылеўскага, ён неаднаразова заяўляў, што ў яго заключаны дагавор з адвакатам, прасіў аб яго выкліку, але кожны раз яму ў гэтым было адмоўлена.

Адвакат прасіла апытаць у судзе сведак - рабочых МТЗ, Вольгу Кавалькову, намесніка дырэктара МТЗ, якія былі на сустрэчы, калі Дылеўскага затрымалі, і маглі б расказаць, што адбылося на самай справе, аднак Алена Капцэвіч палічыла гэта немэтазгодным.

Суддзя вынесла рашэнне пакараць Сяргея Дылеўскага па двух артыкулах - 23.34 і 23.4 КаАП - адміністрацыйным арыштам у 10 сутак

Таксама праваабаронцам "Вясны" стала вядома, што суддзя Іван Касцян асудзіў Яўгена Барадзьку на 5 сутак арышту. А суддзя Вікторыя Шабуня пастанавіла арыштаваць Паўла Тарошчына на трое сутак арышту. Паўла вызвалілі сёння ў 18.30.

Магілёў

Ранiцай 25 жніўня ў Магілёве затрыманы Валадар Цурпанаў, удзельнік акцый пратэсту. Яго адвезлі ў Ленінскі РУУС. Праз 3 гадзіны Валадара Цурпанава адпусцілі, папярэдне склаўшы пратакол па арт. 23.34 КаАП.

Гродна

У Гродне ад 16.00 у Кастрычніцкім РАУС пачынаюцца суды на тымі, каго затрымалі ўчора. Больш 10 чалавек. Пра гэта паведамляе Белсат. 

Нагадаем, вечарам 24 жніўня адбыліся затрыманні падчас мірных акцыяў пратэсту ў Мінску, Гродна і Магілёве. 

Тым часам, МУС на сваім сайце паведамляе, што за мінулыя суткі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах па краіне складзена 39 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. 

Салігорск

Суд Салігорскага раёну вынес рашэнне ў дачыненні да экс-старшыні БНП Мікалая Зіміна па артыкуле 23.34 КаАП ("Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве") - штраф у 45 базавых велічынь (1215 рублёў).

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Затрыманні, суды і новыя пратаколы. Хроніка пераследу за 24 жніўня

Затрыманні і складанне пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах працягваюцца 24 жніўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства