viasna on patreon

Мінчук трапіў на Акрэсціна і выйшаў адтуль збітым і з COVID-19

2020 2020-08-25T16:53:33+0300 2020-08-25T16:53:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/cip_okrestina_tut.byjpg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людзі чакаюць пад сценамі Акрэсціна родных. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Людзі чакаюць пад сценамі Акрэсціна родных. Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Увечары 11 жніўня Максім Даўжэнка разам у сябрамі вяртаўся дадому, але так і не дабраўся туды: яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Больш за два дні малады чалавек правёў у ЦІП на Акрэсціна, пасля чаго лекары зафіксавалі ў яго закрытую ЧМТ, удар грудной клеткі, гематомы, апёк кісці, а таксама COVID-19. Гісторыю хлопца запісаў інтэрнэт-партал TUT.BY.

Максіму Даўжэнка 25 гадоў. Увечары 11 жніўня ён і яшчэ трое маладых людзей ехалі з Каменнай Горкі ў Зялёны Луг. Па дарозе вырашылі заехаць перакусіць у ГЦ "Манетка", дзе да паўночы можна купіць розны фастфуд. З гэтага пачалася іх гісторыя затрымання.

— Недалёка ад "Манеткі" стаяла патрульная машына, мы ўбачылі, што каля яе "прымаюць" людзей. Паколькі мы былі ўпэўненыя, што нам баяцца няма чаго, даехалі да патрульных, хацелі развярнуцца на стаянцы. Але нечакана да нас падбеглі людзі ў форме і са зброяй у руках, загадалі выйсці, падняўшы рукі, адабралі тэлефоны і паклалі на газон.

Пасля, распавядае Максім, пад'ехаў мікрааўтобус, у ім на падлозе ўжо ляжалі людзі. Новым затрыманым загадалі "падаць зверху".

— Нас правезлі каля хвіліны і выкінулі на газоне дзесьці побач з універсамам "Рыга". Там ужо ляжалі затрыманыя. Да кожнага з нас падыходзілі і па чарзе задавалі пытанні. У мяне спыталі, дзе я працую. Адказаў, што ў цэнтры карэкцыі паводзінаў і мовы. Пасля гэтага са словамі "яшчэ смяешся" на мяне пасыпаліся ўдары дубінкай па рэбрах. А я сапраўды працую ў дзіцячым цэнтры развіцця і карэкцыі мовы і паводзінаў «Алёшка». Затым спыталі, ці палю я — і затушылі аб маю далонь запаленую цыгарэту. Наступны супрацоўнік спытаў, адкуль я, не дачакаўся адказу і адразу наступіў берцамі паміж ног.

Пасля гэтага, кажа Максім, пад'ехаў аўтазак, куды пагрузілі затрыманых.

— Перад пасадкай абшукалі, забралі пачак цыгарэт, 70 беларускіх рублёў (дробязь пакінулі), знялі фітнэс-гадзіннік і загадалі на каленях паўзці ў адчыненыя дзверы аўтазака.

Максім прызнаецца, што да гэтага лета нават не ведаў пра існаванне завулка Акрэсціна ў Мінску. Калі яго разам з сябрамі туды прывезлі, ён не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца.

— Калі нас "выгружалі", я апынуўся побач са Святаславам, сваім сябрам. У яго ўжо былі зрэзаныя дрэды на галаве. Калі мы беглі праз калідор амапаўцаў, нас білі па спіне, ягадзіцах, нагах.

Наступныя 5-6 гадзін, успамінае Максім, ён правёў на вуліцы, стоячы на каленях і прыціскаючы галаву да зямлі.

— Мне яшчэ "пашанцавала": рукі не былі зафіксаваныя сцяжкай, як у іншых затрыманых. На працягу ўсяго гэтага часу ў нас удакладнялі, у каго які тэлефон. Запісвалі імёны і паролі. Таксама з намі вялі "палітычныя размовы" наконт выбараў. Маўляў, мы самі ва ўсім вінаватыя, хацелі пераменаў — вось, атрымлівайце.

Максім кажа, што ўсіх, хто скардзіўся на зацёклыя ногі, білі дубінкамі. Яго самога пад раніцу пачало ванітаваць, у нейкі момант ён стаў губляць прытомнасць.

— Калі я папрасіў аб медыцынскай дапамозе, да мяне падбег супрацоўнік у майцы з надпісам АМАП, ударыў па галаве і спытаў: "Дапамагло?"

Раніцай усім затрыманым загадалі распрануцца, а затым перавялі ва ўнутраны дворык, працягвае Максім. Там, па яго падліках, ужо знаходзілася каля 150 чалавек.

— Яны стаялі гэтак жа, як і мы да гэтага, на карачках. Нам загадалі апрануцца. Таму, хто ўстане на калені і локці апошнім, абяцалі зрабіць "масаж спіны". Дворык быў перапоўнены людзьмі. Праз некаторы час нам дазволілі ўстаць і вынеслі белае вядро са словамі "ўладкоўвайце свой побыт". У дворыку я нарэшце сустрэў сваіх сяброў. Людзі былі перапужаныя, многія збітыя. У аднаго хлопца была зламаная рука, у іншых — выбітыя зубы. Многія, з кім я размаўляў, казалі, што іх схапілі дзе заўгодна, толькі не на мітынгу.

Толькі праз суткі, кажа Максім, затрыманым выдалі ваду — каля чатырох літраў на 137 чалавек. Белае вядро хутка перапоўнілася.

Увечары Максіма і яго сяброў перавялі ў камеру. У ёй было чатыры ложка-месцы і 38 чалавек.

— Пасля прахалоднай вуліцы ў камеры пахла сапрэлым паветрам, у якім перамяшаліся пахі бруднай бялізны, мачы і абрызглага поту. Мы са Святаславам палезлі пад ложак, які стаяў каля акна. На падлозе хоць і жорстка, але куды лепш, чым на вуліцы на голым, сырым бетоне. Калі ўлёгся пад ложкам і падклаў пад галаву вопратку, я ўпершыню за апошні час заснуў у камфорце.

У камеры Максім перазнаёміўся з усімі суседзямі. Адзін з іх распавёў пра тое, што ён хварэе на COVID-19.

— Наколькі памятаю, ён паведамляў наглядчыкам, што быў на самаізаляцыі, выйшаў у краму па цыгарэты, і яго затрымалі. Рэакцыі ніякай — толькі палохалі, што мы захварэем не толькі "кавідам". Мы да гэтага паставіліся спакойна: на фоне ўсяго таго, што адбываецца заразіцца каранавірусам не здавалася такой ужо трагедыяй, было не да таго. Хоць у камеры было вельмі душна, месца мала, на ўсіх выдалі чатыры бутэлькі, куды мы набіралі ваду з-пад крана. З іх пілі ўсе па чарзе.

На наступныя суткі, успамінае Максім, да іх у камеру зайшоў чалавек у цывільным адзенні, пачаў задаваць пытанні: "Вас тут білі? Здзекаваліся? Ці ёсць прэтэнзіі?"

— Пасля ўсяго, што было, людзі баяліся казаць праўду. Святаслаў стаяў бліжэй за ўсё да дзвярнога акенца, падстрыжаны, з заплыўшым вокам, ён з сарказмам адказаў: "Не, наогул не білі". Гэтаму чалавеку мы паспелі паведаміць, што сярод нас у камеры ёсць непаўнагадовы. На што ён спакойна адрэагаваў і адказаў, што праз пару гадзін усіх вызвалім. Успомніўшы пра хлопца з пераламанымі пальцамі, мы наперабой сталі прасіць гэтага чалавека аб аказанні медыцынскай дапамогі. Чалавек паабяцаў, што медсястра хутка яго агледзіць. Але ніхто так і не з'явіўся.

Пасля візіту "чалавека ў звычайнай вопратцы" стаўленне да затрыманых памянялася, кажа Максім. Яго сяброў выпусцілі, яго самога перавялі ў іншую камеру, дзе ложкаў было больш, чым людзей.

— Калі нас пастроілі, каб весці на першы паверх, усё закінулі рукі за спіну, нагнулі галовы і пабеглі адзін за адным. Праўда, на гэты раз нам сказалі, што мы можам ісці нармальна, "ужо ўсё ў парадку". Мы спусціліся ў двор, там нам загадалі выстраіцца ў дзве калоны і па чарзе заходзіць кабінет, каб падпісаць нейкія паперы.

Збіты пратэстовец пасля вызвалення 14 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Вызвалілі Максіма без суда раніцай 14 жніўня. Чаму і за што яго затрымалі, ён не разумее дагэтуль.

Ля варот ЦІПа Максіма Даўжэнка сустрэлі валанцёры, далі пазваніць сваякам, пакармілі, агледзелі і сфатаграфавалі раны, а таксама выклікалі хуткую. Медыкі адвезлі Максіма ў Мінскую цэнтральную раённую бальніцу, якая знаходзіцца ў Бараўлянах. Лекары зафіксавалі ў яго закрытую чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені, удар грудной клеткі, гематомы лапаткавай вобласці і абодвух каленных абласцей, раны на нагах і апёк левай кісці. Таксама лекары зрабілі Максіму тэст на COVID-19. Ён паказаў станоўчы вынік.

У бальніцы Максім прабыў тыдзень. Кажа, што адчувае сябе нармальна, толькі да гэтага часу баліць галава.

— Час прайшоў, ужо не так усё ўспрымаецца, хоць тады было вельмі страшна. Калі цябе забіраюць, а ты не разумееш, за што. Калі б'юць, здзекуюцца, і ты не разумееш, чаму гэта ўсё адбываецца.

Максім кажа, што мае намер падаваць заяву ў Следчы камітэт. Праўда, зрабіць гэта цяпер ён не можа: павінен знаходзіцца на самаізаляцыі да пачатку верасня. Па гэтай жа прычыне ён не можа забраць свае рэчы з Акрэсціна.

— Сваякі ездзілі, забралі толькі шнуркі і два бранзалеты. Тэлефон не знайшлі. З "кавідам", відаць, толькі я загрымеў: мае сябры тэсты не рабілі, але адчуваюць сябе нармальна. Хоць і ў мяне ён без асаблівых сімптомаў. Што стала з людзьмі, з якімі я разам з камерах знаходзіўся, пакуль не ведаю.

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

“Ты за Ціханоўскую?" — і білі ў плечы, у ногі. Сведчаць пацярпелыя

48-гадовы Васіль Гушча быў затрыманы ўвечары 10 жніўня каля кінатэатру “Масква” на Нямізе. На волю выйшаў раніцай 14 жніўня. Васіль распавёў “Вясне” пра катаванні на Акрэсціна, як яго перавозілі ў жодзінскую турму і ў якіх умовах ён там утрымліваўся.

Сведчаць пацярпелыя: "Мяне сталі зноў збіваць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!"

26-гадовы мянчук Аляксандр Лук'янскі ўвечары 11 жніўня вяртаўся дадому з працы. Ён ведаў, што ў горадзе людзі збіраюцца на мірныя пратэсты, таму вырашыў выклікаць таксі.

Сведчаць пацярпелыя: "На галаву вылілі белую фарбу. Гэта як метка — білі мяне мацней”

Стаса Дзядова затрымалі 11 жніўня ў Мінску, каля парку Дружбы народаў. Сілавікі вылілі на яго белую фарбу, тым самым "пазначыўшы" яго. Стас распавёў "Вясне" пра тое, як усё адбывалася і што яму давялося перажыць.

Сведчаць пацярпелыя: "Прыйшла фельчар і стала збіваць людзей"

18-гадовага Іллю затрымалі 11 жніўня каля "Пушкінскай", калі той на машыне накіроўваўся ў родны горад. Ён распавёў "Вясне", як з ім бесчалавечна абыходзіліся і збівалі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска і на Акрэсціна.

Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры

Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства