viasna on patreon

"На расстрэл вас прывезлі, хлопцы". Сведчаць пацярпелыя

2020 2020-09-02T14:22:06+0300 2020-09-02T14:22:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikita_729.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

21-гадовага Мікіту затрымалі супрацоўнікі АМАПу ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня за белую стужачку ў кішэні. Хлопец вяртаўся дадому, але трапіў на Акрэсціна, дзе яго асудзілі на 13 сутак па арт. 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта выкрыкваў лозунгі на акцыі пратэсту. Зараз Мікіта знаходзіцца ў адной з мінскіх бальніц. У заключэнні ў яго значыцца чэрапна-мазгавая траўма, удары, у тым ліку ўнутраных органаў, пашкоджанні. Мікіта распавёў "Вясне", што адбылося з ім у тую ноч і як прайшлі яго наступныя пяць сутак.

«Што вы тут сядзіце, хочаце, каб забралі?»

«9 жніўня не было інтэрнэта, мы з таварышамі вырашылі прагуляцца па горадзе. Там пабачылі нейкіх людзей, міліцыю. Потым дайшлі да прыпынку, і хлопцы паехалі дамоў. А я стэлефанаваўся з таварышам, Гошай, які на той момант працаваў у адным бары ў Мінску на Зыбіцкай. Я вырашыў накіравацца да яго, каб потом паехаць дадому, мы там недалёка жывем.

На Нямізе было ацапленне, шмат машын, спецтэхнікі. Я прысеў на лаўку. Там з дзяўчатамі яшчэ пазнаёміўся.

Людзі пачалі разбягацца ў бакі. З аўтазакаў пачалі выгружацца спецатрады. Яны беглі за людзьмі, хапалі іх, тыя падалі, іх па зямлі валачылі. Хочам устаць, сысці – нас атрад стопарыць: «Што вы тут шляецеся? Не хочаце, каб забралі, сядзіце спакойна». Мы паслухаліся. Зноў некуды спецатрад праходзіць: «Што вы тут сядзіце, хочаце, каб забралі – зараз забярэм, або ідзіце адсюль». І так некалькі разоў.

«Калі прыраўняліся з аўтазакам, адтуль выскачылі трое ў чорным і ў балаклавах»

Выйшаў да Burger King на Нямізе, там сустрэўся з таварышам, каб пайсці па аўтамабіль, які знаходзіўся на вул. Веры Харужай. Падыходзім да моста – нас не пускаюць, гавораць, ідзіце да Палаца спорту, там ёсць праход. Мы пайшлі туды. Там нас адкрыта пасылаюць, гразяцца запакаваць. Адзін кажа: «Хлопцы, прайдзіце далей, у бок Фрунзенскай, там можна прайсці». Нейкімі кружнымі шляхамі выйшлі каля стэлы «Мінск – горад-герой». Там стаяў аўтазак, а побач, на пешаходнай дарожцы, стаяў адзін чалавек у масцы, у чорнай вопратцы. Мы ўбачылі, што некаторыя дзяўчаты спакойна праходзяць, і падумалі, што ўсё нармальна. Але, калі прыраўняліся з аўтазакам, адтуль выскачылі трое ў чорным і ў балаклавах. У іх былі нашыўкі на грудзях – трохкутнік і нейкія тры лічбы. Мяне акружылі трое, адзін падышоў да таварыша. Дубінкі хтосьці дастае. Кажуць: "Хлопцы, паказваем тэлефоны, паказваем кішэні, што ў сумцы». У мяне з сабой нічога асабліва не было. Я дастаю тэлефон, усё яму адкрыў. Ён ў тэлефоне лазіць. Кажа: "Выварочвай кішэні". У мяне ў кішэні былі грошы, ключы і белая стужачка. Калі ўбачыў белую стужачку, сказаў: "Усё зразумела".

«Вось з-за такіх, як ты, страшна маіх дзяцей выпускаць на вуліцу»

Я пачынаю рэчы назад складаць, тэлефон у мяне знаходзіцца ў руцэ. У гэты момант ён нешта выкрыквае нецэнзурнае і ўдарае мяне з рукі ў твар, у галаву. Адзін, другі раз. Перад гэтым мне нехта ззаду з нагі ў нагу ўдарыў. Потым мяне ўтрох скручваюць, кідаюць у аўтазак. Там зноў завеяць. Я ўжо ў сядзячым становішчы зачыняюся, як толькі магу. Ён выкрыквае: "Вось з-за такіх, як ты, страшна маіх дзяцей выпускаць на вуліцу".

У аўтазаку з АМАПаўцам разгаварыліся. Кажам: «Як гэта так, мы ідзем дамоў, нас проста ловяць на вуліцы, збіваюць…» Ён: «Я бачу, хлопцы вы нармальныя, адэкватныя, я, ціпа, усё чуў, бачыў, проста адвязем вас у РУУС, там ці падпішаце пратаколы, ці раскажаце ўсё, як было, і, я думаю, вас адпусцяць».

Мы нейкі час так сядзім. Дастаўляюць яшчэ аднаго чалавека – ён шаурму чакаў каля вакенца раздачы. Яго яшчэ не асабліва збівалі. Потым пад’язджае другі аўтазак. Там выстройваецца невялікая калона з людзей у балаклавах, у шлемах, з дубінкамі, нам крычаць: «Мордай у падлогу! Рукі ззаду! Бягом-бягом-бягом». Месяць дубінкамі. Пераганяюць у іншы аўтазак, кідаюць нас на калені на падлгу. Мы едзем хвілін 20, нас дубасяць, калі хто скаланецца, яго б’юць з нагі. Нас зноў перакідваюць у іншы аўтазак. Зноў паміж аўтазакамі дубінкамі мяцеляць. Мяне кідаюць у такую каробку металічную ў аўтазаку, якая зачыняецца, і там ёсць лавачка. Мяне туды менавіта кідаюць. Я плячом, галавой стукаюся ў сценку.

«На трэці паверх падымаліся бягучы, у сагнутым стане, пад дубінкамі»

Вельмі доўга едзм незрачумела куды. Выходзім – нас зноў жа ў суправаджэнні людзей в масках і з дубінкамі вядуць у нейкае невядомае памяшканне. Тут нейкія камеры, мы стаім тварам да сцяны, нічога не бачым, не разумеем. Нас пачынаюць запісваць, раздзяваць. Мяне заводзяць у пакой для дагляду, цалкам распранаюся. Я там у чалавека пытаюся: «А дзе мы наогул знаходзімся?» – «У турме». Усё. Больш я ў яго нічога не стаў дапытвацца, таму што бачу, што ён напружаны. Ён усё агледзеў, зняў шнуркі, усё склаў у пакет.

Потым ізноў гэты жудасны калідор: мы на трэці паверх падымаліся бегучы, у сагнутым стане, пад дубінкамі. Камеру адчыняюць, па тры чалавекі закідваюць, мы падаем. Камера на 6 чалавек. Праз нейкі час у ёй было 32 мужчыны. Абсалютна розных узростаў і прафесій. Мы нічога не ведалі, не разумелі, чулі толькі крыкі, стогны, як людзей на вуліцы прымаюць, б’юць.

«Цяжарную жанчыну збілі, калі яна папрасіла дапамогі»

Увесь час нехта да дзвярэй падыходзіў, называў прозвішчы. Калі чалавек спіць, ці не адгукнуўся з першага раза, ці доўга падымаўся, яго прымалі і адразу білі. Кашулю памыць ад бруда, высушыць было праблемна, таму што прыходзілася надзяваць мокрую, калі супрацоўнік які падыходзіў.

Да нам адзін раз невядомы чалавек заходзіў, крыкнуў да гэтага: «Усім устаць, мордай у падлогу». Ён адчыняе дзверы, глядзіць. На яго нехта паглядзеў – «Сволачы, чаму я на сабе адчуваю позірк? Яшчэ хто-небудзь раз паглядзіць, мы з вамі парабавімся з маёй дубінкай». Толькі сказаў у вельмі грубай форме.

Шмат непрыемных гісторый было. Напрыклад, у камеры насупраць была жанчына цяжарная, ёй далі 25 сутак. У яе нешта з жыватом здарылася, яна пачала крычаць, прачіць дапамогі. Яе збілі за гэта.

КДБ прыязджаў, здымалі нас на камеры, задавалі правакацыйныя пытанні, па тыпу «Навошта камяні кідалі? Хто табе заплаціў: Дзярждэп ЗША або Расійская Федэрацыя?» Людзі са звярынымі вачыма, тыя, што нас прымалі, таксама. Тры на тры шафы такія. Вельмі непрыемнае відовішча, калі яшчэ побач з дубінкамі стаяць. Пасля такога допыту пытаюць: «Куды яго, назад у камеру ці да нас, у асобны пакойчык?» Так нікога ў той пакойчык не адправілі, не ведаю, можа, проста пужалі. Максімальна прафесійна спрабавалі нас псіхалагічна зламаць.

«Гэта не сходзіцца з рапартамі, не можа такога быць»

Нас пакармілі толькі на трэція суткі. Кінулі нам па 100 грамаў хлеба, далі нейкую кашу. Я ў прынцыпе кашы не ем. Бяру лыжку, толькі каб з голаду не памерці – мяне проста выварочвае. Кашай у выніку падзяліўся. Хлеб з’елі з вадой смярдзючай з-пад крана. На чацвертыя суткі тое ж самае. Увесь час святло была ўключана.

Мяне асудзілі толькі на трэці дзень у канцы дня. Суд прайшоў абсалютна няправільна. Прыехаў суддзя, мяне заводзяць у пакойчык. Ён тлумачыць, што я быў затрыманы 9 жніўня ў 21:00, што я нешта скандіраваў – «Згодны?» Кажу: «Згодны, калі гэта можа неяк паўздзейнічаць, каб мяне адсюль хутчэй выпусцілі. А магу я расказаць, як усё на самой справе было?» Расказваю. Ён гаворыць: «Дык гэта не сходзіцца з рапартамі, не можа такога быць. Значыць, не згодны?». Быццам я падманваю. Кажу: «Глядзіце самі, я вам расказаў як ёсць». 13 сутак. Мяне выводзяць.

Зноў у гэтую камеру. Зноў увесь час вызываюць кагосьці некуды. Вельмі цяжкі маральны стан. Не ведалі ніякай новай інфармацыі. Толькі праз вакенца чулі, як людзі час выкрыквалі.

«На расстрэл вас прывезлі, хлопцы»

На чацвёрты дзень нас зноў калідорам такім выгружаюць на вуліцу, ставяць на калені пад плот, на пясок, на камяні. Мы так каля гадзіны стаім. Калі каму дрэнна, хто пачынае выцягваць нагу, яго б’юць. Нехта спытаў, ці можна на зямлю легчы, нейкі дзядзька сказаў: кладзіцеся. Мы на гэты пясок леглі, таму што ўсё занямела.

Потым камандуюць нам: «Устаць! Бегчы на гук». Там калідорчык з атрадаў спецпадраздзяленняў, яны нешта крычаць, б’юць дубінкамі па сабе, па нейкім часткам. Я бягу, ледзь не набягаю на аднаго супрацоўніка, таму што яны нейкім зігзагам стаялі, ён мяне штурхае. Забягаем у аўтазак. Вельмі доўга на месцы стаім. Потым хвілін 40 мы едзем у жудаснай спякоце. Сонцапёк быў, хаця і вечар. І дышалі недзе ўнізе. Ехалі – машыны сігналілі, людзі пляскалі ў далоні – было прыемна.

У нас пракалола кола. Як высветлілася потым. Хтосьці пытаецца: «Хлопцы, дзе мы, чаму мы прыпыніліся?» Яны з сур’ёзнымі тварамі крычаць: «На расстрэл вас прывезлі, хлопцы». Потым праз хвіліны дзве-тры пачынаюць смяяцца, як яны класна жартуюць.

«Бацькі не ведалі пра мяне нічога чацвёра сутак»

Прыехалі ў ЛПП пад Слуцк. Там дабразычліва сустрэлі нас. Памылі нават. Вельмі вялікая на самой справе падзяка тым супрацоўнікам, якія так добра ставяцца да людзей. Мы да пятніцы прасядзелі ў Слуцку, суткі, напэўна, нават не прайшлі.

Нас усіх вывялі, прымусілі падпісаць нейкую паперку пра тое, што мы раскайваемся ў тым, што зрабілі, што больш так не будзем, што папярэджаныя пра крымінальную адказнасць – там 5 нейкіх артыкулаў. Я пытаўся ў міліцыянера, што за артыкулы. Ён груба: «У інтэрнэце пачытай. Давай падпісвай». Я да апошняга не хацеў падпісваць такую лухту, для мяне гэта было вельмі цяжкім рашэннем. Да гэтага я нічога не падпісваў. І адпусцілі нас без якой-небудзь паперчыны. І без грошай, без асабістых рэчаў, без шнуркоў – вось так проста на вуліцу ў нейкім горадзе.

Нас вельмі эмацыйна сустрэлі людзі: крычалі, махалі нам, прапанавалі ўсяго-ўсяго-ўсяго. Вельмі было прыемна, ажно слёзы радасці на вачах. Там бацькі ўжо чакалі, яны не ведалі пра мяне нічога чацвёра сутак».

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Сведчаць пацярпелыя. Бармэн з Зыбіцкай – пра трое сутак на Акрэсціна

Бармэна Руслана аднаго з бара на вуліцы Зыбіцкай Мінска затрымалі 13 жніўня ў дзве гадзіны ночы, калі ён вяртаўся з працы дадому. Наступныя трое сутак ён правёў на Акрэсціна. Руслан распавёў "Вясне", што адбывалася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў 13 па 16 жніўня.

За белую стужку разбілі нос і машыну. Сведчаць пацярпелыя

31-гадовы мінчук Мікалай Бондар у ноч з 11 на 12 жніўня быў фактычна выхаплены сілавікамі на вуліцы Пляханава з уласнай машыны за белую стужку на руцэ. Супрацоўнікі ДАІ і АМАПу разбілі яго машыну, збілі яго самога, зламалі нос і забралі на Акрэсціна. Мікалай распавёў «Вясне», што з ім адбывалася ў тую ноч.

"Давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца". Сведчаць пацярпелыя

21-гадовага мінчука Якава Сухнату затрымалі позна ўвечары 11 жніўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным недалёка ад станцыі метро Уручча, калі ён вяртаўся дадому. Цяпер Якаў пасля жорсткага затрымання, і некалькіх сутак знаходжання на Акрэсціна і ЛПП пад Слуцкам знаходзіцца на лячэнні ў мінскай бальніцы. 

Сведчаць пацярпелыя: "У аўтазаку на мяне сеў АМАПавец і крыкнуў: "Глядзіце, якое ў мяне добрае крэселка!"

Андрэя Вяршэню брутальна выцягнулі супрацоўнікі АМАП з асабістага аўтамабіля ў ноч з 11 на 12 жніўня недалёка ад ГЦ "Рыга", калі ён падвозіў сваіх сяброў дадому. На працягу ўсёй дарогі ў ІЧУ і пазней яго збівалі зноў і зноў, пакуль Андрэй не стаў губляць прытомнасць. Мужчына распавёў сваю гісторыю затрымання "Вясне".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства