Светашумавая граната пазбавіла ступні. Сведчаць пацярпелыя Відэа
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
33-гадовы Георгій Сайкоўскі 10 жніўня ішоў дамоў на Пушкінскую, але ягоны шлях праходзіў праз месца разгону пратэстаў. Ужо ў сваім раёне, калі да хаты заставалася амаль пяць хвілін ходу, ў ягоны бок прыляцела светашумавая граната. Яго зачапіла аскепкам. Хлопца ратавалі выпадковыя сведкі, спынілі машыну, каб адвезці ў лякарню.
Цяпер жыццё Георгія падзяляецца на да- і пасля-, бо ад выбуху гранаты ён атрымаў моцнае раненне і ў выніку яму ампутавалі ступню.