viasna on patreon

"Амапаўка пачала мяне душыць. Я яе за руку і ўкусіла". 55-гадовую гарадзенку збілі і завялі крымінальную справу

2020 2020-09-03T13:01:12+0300 2020-09-03T13:01:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/palikarpava_zbicce.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарку Гародні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і збілі супрацоўніцы АМАП. Пазней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку. Сваёй гісторыяй Марына падзялілася з "Радыё Свабода".

Марына Палікарпава. Фота
Марына Палікарпава. Фота "Радыё Свабода"

Марыне Мікалаеўне 55 гадоў. Працуе правізарам у аптэцы. Увечары 9 жніўня яна з братам пайшла ў цэнтар Гародні пагуляць. У мітынгу не ўдзельнічала, не мела пры сабе ніякай сімволікі. Знаходзілася ў скверы побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзей. За ўдзел у мітынгу атрымала трое сутак. 

«Яны (супрацоўнікі АМАП. — заўв.) прыкладна ў гэты час атрымалі каманду. Рэзка ўвесь гэты ланцуг дастаў дручкі і пабеглі на гэтых людзей, біць. Я спужалася. Ззаду стаяў амапавец у шлеме, ён не бег. Я ў яго запыталася: «Я баюся, нешта пачынае адбывацца. Куды можна прайсці, куды можна выйсці? Я тут выпадкова аказалася. Туды цераз сквер можна прайсці?» Ён мне: «Не, нельга». — «А куды». Ён паказаў на тралейбусны прыпынак. Я туды пайшла, а там машына стаіць, не аўтазак, а бус.

Мужчына бяз формы адразу мяне забраў у бус, пачаў на мяне гарлаць: «Пашпарт давай! Зараз пратакол на цябе напішам. Атрымаеш 20 базавых або 25». Я збаялася, але без усялякага супраціву села ў бус. Думала, павязе мяне ў міліцыю.

Ён мяне правёз па Савецкай вуліцы, дзе помнік Сакалоўскаму. Там стаяла іншая машына, не міліцэйская, бус. Ён мне сказаў пераходзіць. Я перайшла. Там дзве дзяўчыны ў цывільным адзенні, у мэдыцынскіх масках. Спераду сядзеў чалавек у міліцэйскай форме.

Цяпер дакладна не ўзгадаю, чаму размова пра пашпарт зайшла. Хіба яна мне сказала: «Ты, пэўна, у Польшчы жывеш». Я кажу: «Вось мой пашпарт, паглядзіце, дзе я жыву. Увогуле мне сказалі пашпарт даваць, бо пратакол будзеце складаць. Даваць пашпарт ці не даваць?» На што яна мне адказвае: «Заткні еб***, с***».

У мяне вочы па пяць капеек. Я кажу: «А гэта як разумець? Вы, дзяўчаты, так сябе паводзіце. Вы, пэўна, на працы знаходзіцеся. Чаму вы так выражаецеся? Я нешта зрабіла?». Ім не спадабалася, што я ім кажу. Пачалі мяне біць рукамі і нагамі. Ударылі першы раз у плячо і ў сцягно, каб я ўпала ў крэсла.

Фота
Фота "Радыё Свабода"

Я ім тады культурна, ветліва кажу: «Даруйце мне, але калі вы мяне б’яце, то хоць прадстаўцеся, хто мяне б’е. Я заўтра пайду здымаць пабоі, то павінна буду сказаць, хто мяне біў». — «Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лукашэнка, а я Насця Лукашэнка». — «А пры чым тут Лукашэнка?» — «Не заткнешся, мы зараз на цябе кайданкі надзенем». — «Вось, надзявайце кайданкі, калі я такая небяспечная».

Надзелі кайданкі так, што адзін расшпіліўся. Я вазьмі і бразні: «Не можаце нават нармальна кайданкі надзець». — «Ах, табе не падабаецца, што спераду кайданкі зашпілілі! Зараз надзенем так, што табе спадабаецца». Яны пачалі ўдваіх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разбілі. У мяне на твары былі акуляры, была ранка. Потым я старалася твар прыкрыць, бо я працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разбітым тварам? Я ж не думала, што мяне на трое сутак пасадзяць.

Мне трэба было рукі за спіну заламаць. Яна (супрацоўніца АМАП) пачала мяне душыць. Я галаву апусціла. Хто ж дасць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мой адвакат запыталася ў міліцыянткі: «А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас не бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя». Другая сказала, што я ёй падрапала лоб.

Фота
Фота "Радыё Свабода"

Яны ўдваіх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: «Віця». Ён зверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла. Заколку з валасоў вырвалі. У мяне валасы доўгія, наперад на твар. І ў такім стане мяне на Дубко (РАУС Ленінскага раёну Горадні. — РС) пратрымалі каля трох гадзін у кайданках.

Там затрыманыя мужыкі пачалі гарлаць: «Мянты, сумленьне згубілі. Здыміце з жанчыны кайданкі». Яны мяне ў такім стане трымалі там".

Палікарпаву затрымалі за нібыта ўдзел у мітынгу. Яна сядзела трое сутак. Двойчы ў РАУС выклікалі «хуткую», вазілі на абследаваньне ў шпіталь, бо яе званітавала, кружылася галава, падскочыў ціск, апухла шыя. У шпіталі абверглі страсенне мозгу, сказалі, што пераломаў няма. Зноў яе вярнулі ў райаддзел.

Гарадзенка сядзела ўвесь час у адзіночнай камэры. З Гародні перавезлі ў Шчучын. Пакармілі на трэці дзень. У камеры не было вады, прыбіральні. На трэці дзень выдалі матрац, ён смярдзеў.

На Марыну завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да міліцыянтак (артыкул 364 КК РБ). Паводле пастановы аб затрыманні, яна ўкусіла за руку прапаршчыка міліцыі Дар’ю Бандарчук і ўдарыла па галаве прапаршчыка міліцыі Марыю Мазуркевіч.

Прапаршчык міліцыі Марыя Мазуркевіч
Прапаршчык міліцыі Марыя Мазуркевіч

Па словах Палікарпавай, падчас вочнай стаўкі з міліцыянткамі на іх пашкоджанняў не было відаць, а сама Марына Мікалаеўна яшчэ «ўся была сіняя».

Санкцыя 364 крымінальнага артыкула прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў пазбаўлення волі. Марына Палікарпава падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што яе збілі. Амаль праз два тыдні адказу на заяву няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства