Затрыманні ў Беларусі трэцяга верасня. Што вядома "Вясне"? Дапоўнена
Трэцяга верасня ў Беларусі працягваюцца затрыманні за ўдзел у мірных акцыях.
Каля амбасады Расійскай федэрацыі ў Мінску затрымалі Валянціну Голубеву, якая выйшла на адзіночы пікет. Выкладчыца ангельскай мовы, якая раней выкладала в Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, выйшла да амбасады з плакатам з надпісам "Лепшая дапамога РФ - не падтрымліваць дыктатара".
Пасля пікета да яе падышлі міліцыянты і затрымалі. Зараз яе сын і адвакатка шукаюць інфармацыю аб тым, у які РУУС яе павезлі.
Таксама сёння ў Мінску былі затрыманы Лазаркевіч Аляксей і Каспяровіч Павел (быў загорнуты ў сцяг), іх павезлі ў Першамайскае РУУС.
Каля дварца Чыгуначнікаў на вул. Чкалава затрымалі Ніну Бялінскую і Уладзіслава Самца, у іх у руках быў плакат. Пазней дзяўчыну вызвалілі, а Уладзіслава затрымалі да суда. Суд мусіць прайсці ў РУУС Кастрычніцкага раёна.
Днём быў затрыманы Уладзімір Палёгенькі ў межах крымінальнай справы. Дома ў яго прайшоў вобшук, мужчыну забралі на допыт у Следчы камітэт.
Увечары на Лагойскім тракце затрымалі некалькі чалавек, якія стаялі ў Ланцугу салідарнасці. Вядома мінімум пра трох затрыманых. Гэта Яўгенія Верамейчык, Багдан Маліноўскі і Аляксей (прозвішча пакуль невядома). Паведамляюць, што пры затрыманні Аляксея каля ГЦ "Норд сіці" распылілі пярцовы балончык яму ў твар. Хутчэй за ўсё затрыманых павезлі ў РУУС Савецкага раёна.
Таксама паведамляецца аб затрыманні Аляксандры Абрамчык на плошчы Незалежнасці. Былі затрыманыя Ганна і Сяргей Абраменковы, іх даставілі ў Першамайскі РУУС, Ганну неўзабаве адпусцілі, а Сяргея даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.
Сярод затрыманых у Мінску - Віталь Шчур, Дзяніс Жыдаль, Таццяна Салдатава, Антаніна Ясіняўская.
У Магілёве затрымалі Віталя Шаталава, які раней ужо быў затрыманы і збіты. Ён ішоў у Следчы камітэт, бо раней туды была пададзена заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць мміліцыянтаў. Там яго затрымалі супрацоўнікі АМАП і адвезлі яго, як мяркуецца, у Ленінскі РАУС.